Магілёўскі футбольны клуб “Днепр” вярнуўся ў Вышэйшую лігу

“Пасля такога матча хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець” – выказаўся пра пераможную гульню форвард магілёўскай каманды.

Футбольны клуб “Днепр” перамог “Асіповічы” ў заключным, 34-м туры Першай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе і заваяваў месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон – паведамляе прэс-служба каманды. “Днепр” заняў выніковае другое месца ў розыгрышы, саступіўшы дзяржынскаму “Арсеналу” восем балаў, і атрымаў прамую пуцёўку ў элітны дывізіён.

У спіну магілёўскай каманды “дыхаў” Віцебск, з якім “Днепр” набраў аднолькавую колькасць балаў. Адзіны гол у пераможнай, фінальнай гульні з “Асіповічамі” забіў форвард Юрый Клачкоў (на фота). Вось як ён пракаментаваў гульню і фінал Першай лігі.

“Шчыра кажучы, пасля такога матчу хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець. Бо мы агідна правялі матч. Гэта змазала агульныя ўражанні і эмоцыі наконт выхаду ў Вышэйшую лігу. У прынцыпе, я ўпершыню ў жыцці з камандай выконваю задачу. Да гэтага ў мяне такога не было. Таму ў мяне змешаныя эмоцыі. Я быццам і нічога не адчуваю, бо я ніколі раней не перажываў такога.

На нас ляжаў вялікі цяжар адказнасці, бо «Віцебск» дыхаў нам у спіну. Таму ў апошніх матчах прысутнічала нервовасць. Гэта нас скоўвала, усё ж у нас вельмі маладая каманда. У нас па сутнасці на полі было тры футбалісты старэйшыя за 2000 год нараджэння. Таму апошнія гульні нам і даліся цяжка. Самае галоўнае, што мы выйшлі і выйгралі. Так – на жылах, так – сціснуўшы зубы, але гэта матч за выхад у Вышэйшую лігу. Я лічу, што мы заслужана выйшлі ў Вышэйшую лігу! А «Віцебску» я пажадаю поспехаў у стыкавых матчах, мы чакаем іх у Вышэйшай лізе.”

Фота: fc-dnepr.by

У гістарычным матчы жаночага чэмпіянату па хакеі перамагла “Бярэзіна”

Першы ў гісторыі матч жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі прынёс перамогу камандзе з усходу краіны. У склад “Бярэзіны” ўваходзяць ураджэнкі Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. 30 кастрычніка яны сустракаліся з камандай “Цытадэль”, складзенай з хакеістак Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, і перамаглі з лікам 3:1. Двума шайбамі адзначылася выхаванка хакейнага клуба “Магілёў”, Аляксандра Войтава са Шклова.

Жаночы чэмпіянат Беларусі па хакеі праходзіць з удзелам трох каманд. Акрамя “Цытадэлі” і “Бярэзіны” выступае таксама каманда “Мінчанка” з жыхарак сталіцы. Сустрэча “Бярэзіны” і “Мінчанкі” пройдзе сёння ў 15.30 на мінскай “Алімпік-Арэне”.

Фота: hockey.by

У новым сезоне Вышэйшай лігі па футболе “Белшына” стартавала з паражэння

У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.

“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.

Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня. 

Фота: fcbelshina.by

З “Белшынай”, без “Дняпра” і 15 каманд – вызначыўся фармат Вышэйшай лігі па футболе

Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год. 

У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў. 

У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу. 

Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball. 

Фота: sports.ru

Зборная Расіі па гімнастыцы выступіць у Магілёве на чэмпіянаце Беларусі, бо ад міжнародных спаборніцтваў яе адхіліі

На турнір прыедуць чатыры расійскія каманды – першыя і другія мужчынскія і жаночыя зборныя. Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай гімнастыцы пройдзе ў Магілёве з 25 кастрычніка па 1 лістапада.

Пра рашэнне выступіць на чэмпіянаце Беларусі абвясціла старшы трэнер расійскай зборнай Валянціна Радзівоненка – паведамляе БелТА.

– Узровень беларускіх гімнастаў зараз саступае нашаму, але ў іх ёсць цікавыя спартсмены. – заявіла пры гэтым Радзівоненка – Да таго ж, мы атрымаем магчымасць паспрабаваць новыя камбінацыі, якія ўскладнілі. У лістападзе ў Мінску пройдзе маладзёжны турнір, куды таксама паедзе наша каманда.

У пачатку сакавіка 2022 года Міжнародная федэрацыя гімнастыкі і Еўрапейскі гімнастычны саюз прынялі рашэнне забараніць расейскім спартоўцам выступаць на міжнародных стартах з-за агрэсіі Расіі супраць Украіны.