Патанулі адразу два чалавекі за дзень – у Бабруйску, пад Глускам

Целы двух чалавек даставалі ратавальнікі Магілёўскай воббласці за дзень 29 красавіка – паведамляе прэс-служба МНС. У Бярэзіне ў Бабруйску патануў мужчына 1994 года нараджэння, беспрацоўны. Таксама беспрацоўны мужчына, 1963 года нараджэння патануў у вёсцы Карповічы Глускага раёна.

Фота ілюстрацыйнае.

Надвор’е ў кадры – фота тыдня, якія ўражваюць

Затоплены горад Форт-Ладэрдэйл, Фларыда, ЗША, 14 красавіка.

Хвалі разбіваюцца аб маяк Нюхэйвен у Вялікабрытаніі. Шторм “Ноа”, 13 красавіка.

Смог над Сеулам, 12 красавіка

Разліў Бярэзіны ў Бабруйску

Бярэзіна ў Бабруйску паднялася вышэй за небяспечна высокую адзнаку

У бліжэйшыя дні на Прыпяці, у ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа рост узроўняў вады вясновай паводкі захаваецца – паведамляе Белгідрамет. На астатніх рэках ужо адбываецца спад узроўняў вады, у першую чаргу на Заходняй Дзвіне. На прытоку Сожа рацэ Віхра каля г. Мсціслаў вада хутка ўвойдзе ў рэчышча.

Сярод населеных пунктаў Магілёўскай вобласці вада перавышае небяспечна высокую адзнаку толькі ў Бабруйску.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.

Без лацінкі, з небяспечным узроўнем на рэках – як прайшоў мінулы тыдзень, дайджэст

Выбралі для вас самыя гучныя і значныя падзеі мінулага тыдня, што трапілі ў фокус mogilev.media.

На Беларусі на мінулым тыдні афіцыйна адмовіліся ад выкарыстання беларускай лацінкі ў напісанні геаграфічных назваў.

Старшыню Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс адпусцілі з-пад варты.

Краіна-агрэсар, Расія ачоліла Савет Бяспекі ААН.

Фінляндыя стала членам NATO.

Трамп стаў другім у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, якога арыштоўвалі.

На Камчатцы прайшоў моцны землятрус, а ў ЗША дзясяткі вагонаў з півам сышлі з рэек.

Украінскія хакеры ўзламалі расійскага актывіста і замест дронаў для расійскай арміі закупілі фалаімітатары.

На працягу ўсяго мінулага тыдня па ўсёй Магілёўшчыне небяспечна падымаліся рэкі. Уражвала Бярэзіна.

Стала вядома, што на Магілёўшчыне два гады запар правальвалі план па рамонце дарог.

Старшыня Статыстычнага камітэта Беларусі заявіла, што 88% жыхароў краіны задаволеныя жыццём.

Пад Магілёвам конь ударыў капытом двухгадовага хлопчыка, ён трапіў у рэанімацыю.

Ад кляшчоў на Магілёўшчыне пацярпелі 50 чалавек.

У лясах вобласці абвясцілі пажаранебяспечны перыяд.

Даследчыкі раскрылі таямніцу знакамітай бабруйскай вежы.

Яўрэі пачалі адзначаць Песах, каталікі і пратэстанцы святкавалі Вялікдзень, а праваслаўныя – Вербніцу.

Паводка на многіх рэках Магілёўшчыны б’е рэкорды дзесяцігоддзя. Уражвае Бярэзіна

Статыстыка паводкі на Бярэзіне ўражвае. 6 красавіка ўзровень вады ў Бярэзіне склаў 304 cм над нулём Бабруйскага гідрапоста – паведамляе “Вячэрні Бабруйск”. 

За мінулыя 24 гадзіны вада ўзнялася на 9 см і не імкнецца да істотнага паніжэння.

За ўсю гісторыю назіранняў у ХХІ стагоддзі самы высокі ўзровень у Бярэзіне быў зафіксаваны ў 2010 годзе. Тады вада дасягнула адзнакі 364 см. Тую паводку добра запомнілі жыхары Бабруйскіх прадмесцяў Зялёнкі і Цітоўкі, якім давялося перамяшчацца да сваіх дамоў на лодках і ваенных амфібіях.

Фотафакт: Падтапленне прыватнага сектара Бабруйска. Правы бераг Бярэзіны, каля Рагачоўскага моста і Бабруйскай крэпасці. 

Вада па вуліцы Урыцкага.

Разліў каля Рагачоўскага моста, які знаходзіцца на рэканструкцыі

Падтапленне левага берага, мікрараён Цітаўка

Фота: mogilev.media

Рэкі падняліся па ўсёй Магілёўшчыне – шмат фота

Працягваем сачыць, як разліваюцца рэкі і ручаіны на Магілёўшчыне з-за адлігі.

Вось так выглядае цяпер даліна з відам на Дняпро каля вёскі Новы Быхаў.

Пад’ём вады ў пойме Бярэзіны з відам на ФанДОК у Бабруйску.

Бярэзіна з Цітаўскага (Рагачоўскага) моста у Бабруйску, ад рачнога порта.

Ручаі ператварыліся ў шырокія рэкі. Траса Бабруйск-Гомель, каля вёскі Цялуша Бабруйскага раёна.

Рака Ала.

Рака Добасна, на мяжы Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў.

Больш за ўсё здзівіла Друць у нізоўях. Вада падтапляе прыватны сектар Рагачова.

Дняпро у Быхаве, від ад лясніцтва.

Фота: mogilev.media

На ўсёй Магілёўшчыне чакаюцца небяспечныя ўзроўні вады – фота

Штармавое гідралагічнае папярэджанне аб небяспечнай з’яве аб’явіў Белгідрамет. У найбліжэйшыя дні на Бярэзіне каля Бабруйска ўзровень вады дасягне небяспечнай высокай адзнакі, пры якой раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый. 

Небяспечна высокі ўзровень прагназуецца і на Віхры каля г. Мсціслава. Акрамя таго, у найбліжэйшыя дні на рэках будзе пераважаць рост узроўняў вады, у выніку чаго на Дняпры ў г. Магілёў, на Сожы ў г. Слаўгарад узроўні вады наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак. 

Mogilev.media паглядзелі, што робіцца ў розных кутках Магілёўшчыны проста зараз. Вада падабралася да двароў в. Сапяжынка пад Быхавам. 

Лесвіца ў Баркалабаўскім манастыры затопленая Дняпром.

Дняпро каля Баркалабава.

Дняпро каля Дашкаўкі.

Рост узроўняў вады назіраецца на Сожы з інтэнсіўнасцю да 27 см за суткі,  Дняпры, Бярэзіне з сутачнай інтэнсіўнасцю да 12 см.

Узроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі на рацэ Друць каля в. Гарадзішча і прытоку Сожа рацэ Проня каля в. Ляцягі.

Узроўні вады блізкія да небяспечных высокіх адзнак на Бярэзіне ў Бабруйску, прытоку Сожа рацэ Віхра каля Мсціслава.

Паводле звестак МНС, затапленні рачнымі водамі назіраюцца ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях.

Днепр шырока разліўся і падыйшоў блізка да вёсак Вараніно, Сапяжынка, Баркалабава Быхаўскага раёна, дастаткова высокі ўзровень вады каля Дашкаўкі Магілёўскага.  

Фота: mogilev.media

Зборка металаканструкцый новага моста праз Бярэзіну пачалася ў Бабруйску

Нарэшце надышоў вырашальны этап будаўніцтва маставога пераходу праз Бярэзіну – каля старога Цітоўскага моста магілёўскі завод “Протас” пачаў збіраць металаканструкцыі

Супрацоўнікі трэсту “Мостабуд” пачалі зборку металічных канструкцый моста праз раку Бярэзіну ў Бабруйску побач са старым Цітоўскім мостам – паведаміў рэсурс mogilevnews.by. 

Металічныя канструкцыі пралёта для моста ўжо выраблены на заводзе “Протас” Магілёўскага раёна і прывезены ў Бабруйск. Іх асноўнымі элементамі з’яўляюцца бэлькі каробчатага сячэння, вага кожнай з якіх складае ад 8 да 25,5 тон.

Згодна з праектам моста, побач са старой пераправай будзе пабудавана новая. Рух на ёй у выпадку стабільнага фінансавання плануюць адкрыць ужо ў гэтым годзе. Пасля чаго стары Цітоўскі мост будзе закрыты для рэканструкцыі. А пасля заканчэння работ горад на Бярэзіне ў гэтым дзесяцігоддзі атрымае фактычна два незалежныя масты даўжынёй па 252 метры. 

Фота з адкрытых крыніц

Пціч стала небяспечна затапліваць – Белгідрамет

Узровень вады ў рацэ Пціч, што працякае на самым паўднёвым захадзе Магілёўшчыны – праз Глуск – стала падымацца да небяспечна высокай адзнакі, паведамляюць у Белгідраметцэнтры. Пагроза затаплення пакуль назіраецца толькі на працягу цячэння ракі ў Гомельскай вобласці – ў раёне вёскі Першая Слабодка Петрыкаўскага раёна. 

“Ледастаў і ледастаў з палонкамі назіраецца на Дняпры каля Магілёва, Бярэзіне каля Бабруйска, Сожы пад Крычавам і некаторых іх прытоках. На азёрах і вадасховішчах назіраецца ледастаў і ледастаў няпоўны, таўшчынёй ад 13 см да 27 см. – гаворыцца ў паведамленні”.

Фота з адкрытых крыніц.

Невясёлыя перспектывы Бабруйска ў 2023 годзе абмеркаваны на сходзе гарадскога актыву

Дзіцячы садок і планы нешта пачаць і штосьці працягнуць у 2023 годзе – вынікі сходу бабруйскага гарадскога актыву ў гэтую пятніцу. 

Пафасныя падвядзенні вынікаў года заўжды патыхаюць савецкім нафталінам і мала цікавяць людзей. Але пад час такіх імпрэзаў агучваюцца і планы на будучыню, якая ў Бабруйска, як высвятляецца, не надта вясёлая.

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 года былі падведзены ў Бабруйску. Урачыстая сустрэча з гэтай нагоды адбылася 17 лютага ў палацы мастацтваў і сабрала ўвесь актыў горада на Беразіне, пра што паведаміў bobr.by. Перадавікі былі абазначаны, граматы ўручаны, гімн і песні спеты. Практычны сэнс імпрэзы ў магчымасці прэміравання калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падалі лепшыя справаздачы начальству. 

Нашмат цікавей паглядзець, якія перспектывы чакаюць горад і рэгіён. Пра гэта, хаця і сярод іншага, узгадалі і “губернатар”, і “мэр” горада. 

Па словах губернатара Ісачанкі, горад Бабруйск аднесены да тэрыторыі паскоранага развіцця альбо так званых гарадоў “80+”. Але нічога акрамя пабудовы дзіцячага садку, пачатку праектавання шэрагу аб’ектаў ды бягучага рамонту вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой і Мінскай не было названа.

Старшыня выканаўчага камітэта горада Бабруйска Ігар Кісель быў больш канкрэтны і назваў “знакавыя праекты”, якія будуць ажыццяўляцца ў Бабруйску ў 2023 годзе. 

Ён адзначыў, што бягучы год будзе адзначаны – ўводам дзіцячага садка для 240 месцаў у мікрараёне Кісялевічы, пачаткам будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, праектаваннем базы веславання, праектаваннем трэнажорнай залы для гульнявых відаў спорту, працягам рэканструкцыі маставых канструкцый,  будаўніцтвам кацельнай на вуліцы Сямёнава. 

А яшчэ старшыня гарвыканкама паставіў задачу знайсці больш за 350 мільёнаў інвестыцый для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. 

Калі перавесці з чыноўнічай мовы на чалавечую, то ў Бабруйску будзе шмат планаў, размоў і праектавання, а рэальным з’яўляецца дзіцячы садок, ды яшчэ павольная рэканструкцыя моста праз Беразіну, а таксама магчымы пачатак будаўніцтва кацельнай і хірургічнага корпусу. Дай Божа веры, што пачнуць, бо праз дзесяцігоддзі пакутлівага праектавання новай базы веславання ў Бабруйску mogilev.media ўжо пісалі

Такім чынам, асноўным знакавым аб’ектам Бабруйска стане ўвод у дзеянне дзіцячага садку. Для 200-от тысячнага горада – гэта правал ці, як мінімум, затрымка ў развіцці, кажуць эксперты. 

Фота з адкрытых крыніц.