Раскрыта таямніца знакамітай бабруйскай воданапорнай вежы

Раскрыта таямніца знакамітай бабруйскай воданапорнай вежы

Даследчыкаў і краязнаўцаў доўгі час турбавала пытанне пра час будаўніцтва і архітэктурны стыль былой воданапорнай вежы ў Бабруйску. Гісторык Сяргей Марціновіч знайшоў даваенную публікацыю,  якая адказала на ўсе пытанні.

Публікацыя ў газеце “Звязда” ад 8 кастрычніка 1927 года мела загаловак “У Бабруйску будуецца вадаправод”. “Яшчэ здаўна абгаворвалася пытаньне аб пабудове ў Бабруйску вадаправоду. Але яно практычна вырашаецца толькі цяпер. Нельга было насельніцтву далей ужываць нездаровую ваду з рэчкі і брудных калодзежаў… – гаворыцца ў публікацыі – Ужо закончана пабудова вежы, пастаўлены бак, які зьмяшчае 20.000 вёдзер вады”.

Такім чынам, сталі дакладна вядомы як час пабудовы воданапорнай вежы, так і час запуску ў Бабруйску цэнтралізаванага водаправоду.

“Пацвердзіліся звесткі, што знакамітая бабруйская “чырвоная” вадацяжная вежа мае міжваеннае паходжанне – каментуюць знаходку аўтары Тэлеграм-каанала Aktahon – 

Атрымліваецца, што гэтая вежа – адзін з першых узораў міжваеннай прамысловай архітэктуры ў Беларусі з рысамі, пераходнымі ад мадэрну да канструктывізму, бо адкрытая чырвоная цэгла была характэрная для дарэвалюцыйных пабудоў такога кшталту, а прастата і “сечанасць” формаў – гэта ўжо нешта ад класічнага канструктывізму.”

Зараз былая воданапорная вежа ў Бабруйску выкарыстоўваецца ў якасці рэстарана і з’яўляецца адной з архітэктурных знакамітасцяў горада.

Фота: holiday.by