Спатрэбіўся тыдзень, каб крычаўскія камунальнікі залаталі ямы на дарозе ў цэнтры горада

Тыдзень таму mogilev.media са спасылкай на раённую газету “Крычаўскае жыццё” друкавалі матэрыял пра дарогу паміж дамамі 13 і 20 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі, дзе па шырыні ўсяго асфальтавага палатна лакалізавалася шырокая выбоіна з ямамі, што пагражала мясцовым аўтамабілістам праблемамі. 

Больш за тое, на вузкай дарозе заўсёды ўтваралася вымушаная пробка, калі кіроўцы сустрэчных напрамкаў руху прапускалі адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для свайго аўто.

Як паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”, праблема на цяперашні момант на гэтым участку дарожнага палатна вырашана. Гараджане, несумненна, гэтаму факту рады, бо ў бліжэйшы час на дарозе больш не будзе затору і можна ехаць не баючыся пашкодзіць уласную машыну.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Будзе рэзкае пахаладанне напрыканцы тыдня, ноччу месцамі ніжэй за 0°С.

Напрыканцы тыдня, па папярэдняму прагнозу сіноптыкаў Магілёўаблгідрамета, чакаецца зніжэнне сярэднесутачных тэмператур, днём да +8 +15°С, уноч ад -2°С да +3°С, пераважна без ападкаў.

28 красавіка, у пятніцу, чакаецца  воблачнае з праясненнямі, пераважна без ападкаў надвор’е. Уначы тэмпературы ад -1°С да +4°С, днём да +8  +13°С. Будуць пераважаць вятры заходніх напрамкаў, хуткасцю да  4-9 м/с.

У суботу, 29 красавіка, па папярэдніх прагнозах, будзе воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў хуткасцю 3-8 м/с. Ноччу тэмпературы ад -2°С да  +3°С, днём паветра прагрэецца да +10   +15°С.

Фота з адкрытых крыніц

Тры мільёны дрэў пасадзяць у Магілёўскай вобласці на “Тыдні лесу”

У Магілёўскай вобласці пачалася штогадовая рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”. З 17 па 23 красавіка будзе пасаджана 3 мільёны дрэў на плошчы 500 гектараў – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.

Сярод асноўных парод лясных культур – хвоя, елка, дуб, ясень, клён, ліпа. Акцыя пройдзе ва ўсіх лясгасах, аднак самыя вялікія аб’ёмы пасадак плануецца правесці ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад стыхіі ў 2022 годзе: Быхаўскім, Горацкім, Клімавіцкім, Магілёўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім”.

Пад час акцыі таксама будуць адноўлены 35 месцаў адпачынку, вывезена смецце – каля 250 кубоў, ачышчаны прыдарожныя палосы і тэрыторыі вакол населеных пунктаў на плошчы каля 150 гектараў.

Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. У вобласці заяўкі на ўдзел у акцыі падалі ўжо больш за 12 500 чалавек, аднак іх чакаецца яшчэ больш. 

Запланаваныя аб’ёмы стварэння лясных культур складаюць каля 20% ад агульнага плана па лесааднаўленню гэтай вясной і каля 12% – ад гадавога задання. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Надвор’е ў кадры – фота тыдня, якія ўражваюць

Затоплены горад Форт-Ладэрдэйл, Фларыда, ЗША, 14 красавіка.

Хвалі разбіваюцца аб маяк Нюхэйвен у Вялікабрытаніі. Шторм “Ноа”, 13 красавіка.

Смог над Сеулам, 12 красавіка

Разліў Бярэзіны ў Бабруйску

“Тыдзень лесу” пройдзе на Магілёшчыне з 17 па 23 красавіка – Мінлясгас

Міністэрства лясной гаспадаркі апублікавала тэрміны правядзення 16-й рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу” ў рэгіёнах.  

Першымі да акцыі далучацца больш цёплыя рэгіёны: у Брэсцкай вобласці кампанія пройдзе з 1 па 8 красавіка, у Гомельскай і Мінскай – з 8 па 15 красавіка, у Віцебскай і Гродзенскай – з 15 да 22 красавіка.

Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць валанцёраў усім неабходным пасадачным матэрыялам, а таксама інвентаром, абазначаць аб’екты, якія маюць патрэбу ў пасадцы лесу.

Фота з адкрытых крыніц