Шэмбалава

Намесніца дырэктара Магілёўскага АЦІС Наталля Шэмбалава абурылася «Залюстэр’ем». Каму, як не ёй

Пад адным з нашых матэрыялаў у TikTok з’явіўся кароткі, але эмацыйны каментар:

«Божа, як можна ўсё перавярнуць! Усё навыварат, у вас нібыта нейкае Залюстэр’е!». Подпіс – Наталля Шэмбалава.

Наталля ўважліва праглядае наш канал, але да гэтага абмяжоўвалася толькі кароткімі заўвагамі кшталту «трызненне» і «лухта».

Mogilev.media вырашыў даведацца пра Шэмбалаву больш.

Цёзак з такім спалучэннем імя і прозвішча ў Магілёве няшмат, а публічная – адна: Наталля Рыгораўна Шэмбалава (на фота), намесніца дырэктара КУП «Магілёўскі абласны цэнтр інфармацыйных сістэм». Таго самага прадпрыемства, якое вядзе разлікова-касавыя цэнтры па ўсёй вобласці, абслугоўвае базу даўжнікоў за камунальныя паслугі.

Пра Залюстэр’е Наталля сапраўды ведае больш, чым сярэдні чытач нашай стужкі. І не паводле кнігі Льюіса Кэрала.

Першы ўзровень Залюстэр’я: спісы даўжнікоў

У 2016 годзе ў Магілёўскім абласным судзе слухалася справа «чорных рыэлтараў» – Ігара Гершанкова і яго саўдзельнікаў. Як мінімум шасцёра адзінокіх магілёўцаў былі забітыя дзеля іх кватэр. Схема працавала гадамі.

Ключавым інструментам у ёй быў спіс даўжнікоў за камуналку – з адрасамі, колькасцю зарэгістраваных у кватэры і пазнакай, ці прыватызаваная яна.

Паводле паказанняў Гершанкова, гэты спіс яму рэгулярна перадавала за грошы супрацоўніца магілёўскага РКЦ №3.

Сведкай і экспертам па справе праходзіла і начальніца суседняга магілёўскага РКЦ №5 – Наталля Шэмбалава.

Адказ на судзе яна дала класічны, ведамасны: доступ да базы даўжнікоў маюць толькі спецыялісты, якія даюць падпіску аб неразгалошванні.

Што ж, будзем лічыць, што гэта не праблема сістэмы, а непаразуменне з кадрамі ў асобна ўзятым РКЦ.

Другі ўзровень: бяздонныя вочы міністра

З РКЦ №5 Наталля Рыгораўна прайшла прадказальны для беларускай чыноўніцы шлях. Спачатку – намесніца начальніка службы камунальных сістэм і разлікаў усяго АЦІС. З ліпеня 2024 года – намесніца дырэктара прадпрыемства. Гэта значыць, сёння ў яе вядзенні – усе магілёўскія РКЦ.

Публічна яна заўсёды выступае ў жанры «адабрамс»: хваліць удзельніцу конкурсу «Лепшы малады работнік ЖКГ» ад службы «Кантакт-цэнтр 115» АЦІС, удзельнічае ў вучэбна-метадычных зборах па дакументаванні і рэгістрацыйным уліку насельніцтва сумесна з УУС аблвыканкама, дзеліцца з прафсаюзнай газетай «Беларускі час» уражаннямі ад сустрэчы з міністрам ЖКГ: «асабістая сустрэча з міністрам ЖКГ – нешта асаблівае. Зносіны “вочы ў вочы” пакінулі толькі прыемныя ўражанні».

Трэці ўзровень: плённае супрацоўніцтва

І вось чалавек, які працуе намесніцай дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства, што абслугоўвае ўсю разлікова-камунальную інфраструктуру Магілёўшчыны, заходзіць на старонку незалежнай рэдакцыі, прызнанай у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем», каб пакінуць каментары.

Нас, шчыра кажучы, такая ўвага радуе. Mogilev.media ўлічыць усе заўвагі Наталлі Рыгораўны і будзе ўдасканальваць свой інфармацыйны рэсурс, каб разам з Шэмбалавай зрабіць яго яшчэ лепшым, яшчэ больш інфарматыўным.

Не можам абяцаць, што пачнем апісваць бяздонныя вочы міністра ЖКГ, дапамагаць УУС складаць спісы або хваліць РКЦ за тое, што з сем’яў вымушаных эмігрантаў спаганяюцца дадатковыя грошы за неаказаныя камунальныя паслугі.

Але ва ўсім астатнім – мы за плённае супрацоўніцтва. Па абодва бакі люстэрка.

Фота ведамаснага сайта АЦІС.

← Усе навіны Магілёва