Дзяніс Івашын

У магілёўскай калоніі палітвязня Івашына кінулі ў ШІЗА, мяркуе яго сям’я

Сваякі журналіста Дзяніса Івашына, асуджанага да 13-гадовага зняволення, ужо тры тыдні не атрымліваюць ад яго лістоў з магілёўскай ПК №15.

Сям’я палітвязня і журналіста Дзяніса Івашына асцерагаецца, што адміністрацыя калоніі зноў адправіла яго ў штрафны ізалятар. Падставай для такіх меркаванняў стала поўнае спыненне ліставання.

У ПК №15 Івашына этапавалі 18 чэрвеня 2026 года пасля трох гадоў, праведзеных у жодзінскай турме №8. Менавіта гэтым днём датаваны яго першы ліст да маці пасля пераводу. Яшчэ адзін, ад 21 чэрвеня, атрымала жонка журналіста Вольга Івашына. З таго часу ніякай карэспандэнцыі ад яго больш не паступала.

Як паведаміла Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Івашына, маўчанне ўжо працягваецца больш за тры тыдні і вельмі нагадвае сітуацыю, якая ўжо здаралася падчас адбывання пакарання ў Жодзіна. Тады, калі журналіста змяшчалі ў штрафны ізалятар, лісты таксама пераставалі даходзіць на некалькі тыдняў.

Асцярогі сям’і ўзмацняе і папярэдні досвед знаходжання Дзяніса Івашына ў магілёўскай калоніі. Менавіта ў ПК №15, куды яго першапачаткова накіравалі пасля прысуду, журналіст, паводле сведчанняў родных, падвяргаўся збіццю, пакаранням штрафным ізалятарам, пераследу за беларускую мову, а таксама быў пазбаўлены тэлефонных званкоў, перадач і сустрэч з бацькамі. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага суд, пра які не паведамілі нават адвакату, перавёў яго на больш жорсткі турэмны рэжым у Жодзіна.

Разам з паведамленнем аб этапаванні маці журналіста атрымала і стандартны ліст адміністрацыі ПК №15 з указаннем магчымых тэрмінаў змякчэння пакарання. Паводле яго, пасля 9 студзеня 2029 года Івашын тэарэтычна можа прэтэндаваць на замену пакарання больш мяккім, а пасля 13 лютага 2030 года – на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Абавязковай умовай з’яўляецца прызнанне адміністрацыяй таго, што вязень «цвёрда стаў на шлях выпраўлення».

Аднак, улічваючы папярэдні досвед пераследу ў гэтай жа калоніі, сям’я журналіста не мае ілюзій адносна таго, што адміністрацыя ПК №15 будзе гатовая прызнаць выкананне гэтай умовы.

Справа Дзяніса Івашына

Дзяніс Івашын – журналіст газеты «Новы Час» і рэдактар-валанцёр беларускай версіі міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm. Ён вядомы расследаваннямі пра ўплыў «рускага міру» ў Беларусі, дзейнасць былых украінскіх сілавікоў у беларускім АМАПе і забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі журналіста 12 сакавіка 2021 года. Спачатку яму выставілі абвінавачанне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пазней дадалі абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве». Паводле папярэдніх ацэнак, прычынай пераследу магло стаць расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, якія служылі ў беларускім АМАПе.

14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў Івашына вінаватым і асудзіў яго да 13 гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначыў штраф і абавязаў выплаціць кампенсацыю дзевяці сілавікам.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва