З 6 па 19 красавіка магілёўскі кінатэатр “Радзіма” падрыхтаваў для гараджан і гасцей абласнога цэнтра вясновы Фестываль новага італьянскага кіно – паведамляе mogilevkino.
Кінатэатр “Радзіма” прапануе да прагляду чатыры фільмы: «Кароль смеху» (рэжысёра Марыё Мартонэ), «Мая другая палоўка» (рэж. Марка Мартані), «Каханне без памяці» (рэж. Франчэска Марына), «Лакдаўн па-італьянску» (рэж. Энрыка Ванцына). У іх кіпяць уласцівыя італьянскаму характару страсці, выбухаюць феерверкі гумару, а мудрагелістыя павароты ў адносінах герояў прыводзяць да непрадказальнай развязкі, нікога не пакінуць абыякавым – заяўляюць арганізатары.
Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі, Рокат рэк гаваркіх, Буйства сокаў зямных. Вечна юнага часу
Ўрачыстая песня (Алесь Звонак).
Сапраўды, красавік – гэта і месяц магутнага разводдзя і ледаходу, і масавага прылёту птушак. Зямля ачышчаецца ад снегу нават у лесе. Бясснежная цёмная паверхня добра “прымае” сонечныя прамяні, да таго ж расце вышыня сонца, што вядзе да прагравання глебы.
Працягласць дня за месяц вырастае з 13 да 15 гадзін. Разам з гэтым расце і колькасць сонечнай радыяцыі. Радыяцыйны баланс у 4 разы перавышае сакавіцкі, сярэднемесячная тэмпература на 8ºС і больш вышэйшая, чым у першым каляндарным вясновым месяцы.
У Горках сярэдняя тэмпература месяца складае +4,8ºС, у Бабруйску +6,1ºС, у Магілёве +5,5ºС. Пры гэтым адхіленні ад названых сярэдніх тэмператур могуць быць вельмі значнымі: ад -1 да +10,5 ºС.
Красавік – месяц барацьбы холаду і цяпла, Арктыкі і Міжземнамор’я.
Калі першая палова месяца не асабліва ўражвае цяплом, то ўжо ў трэцяй дэкадзе красавіка, як правіла, бываюць дні з тэмпературай вышэй за +20ºС. Такое цяпло паскарае вегетацыйныя працэсы.
Але за красавіком яшчэ ідуць халады. Абсалютны мінімум складае -19,5ºС (Касцюковічы, 1952 год).
У сярэднім у красавіку 3 дні з адмоўнай тэмпературай. У найбольш цёплыя вёсны ў гэтым месяцы спыняюцца замаразкі. У 1962 годзе апошні замаразак быў 3 чысла, але ў 60% гадоў замаразкі паўтараюцца і пасля 30 красавіка. Бывае, што на красавік прыпадае максімальная тэмпература года, як гэта было ў 1950 годзе.
Глеба хутка праграваецца.
Самая ранняя дата поўнага адтайвання глебы ў Магілёве – 21 сакавіка (1961 год), самая позняя – 29 красавіка (1960 год).
Павялічваецца дэфіцыт вільгаці ў паветры – у 3 разы, у параўнанні з сакавіком.
У красавіку толькі 11 дзён у сярэднім пахмурных. У сярэднім у Магілёве бывае адзін дзень з навальніцай, максімальна – 4. Бывае і град – да 2-х дзён, пры пранікненні трапічнага паветра з Міжземнамор’я.
Снегапад, як і замаразкі – з’ява звычайная.
Можа быць і галалёд – раз на 10 гадоў. Колькасць дзён з туманамі дасягае 9, але бывае красавік і без туманаў.
На пачатку месяца нарыхтоўваюць бярозавы сок. З’яўляюцца першацветы. Ужо ў першай дэкадзе выкідвае жоўтую кветку падбел. У канцы месяца вільготныя лугі ўпрыгожваюць кветкі лотаці. У першай палове месяца цвітуць вярбовыя, тады ж пчолы нясуць багатую абножку.
У другой дэкадзе, а то і раней, з’яўляюцца лісты у агрэста, парэчак.
Ажываюць палі. Красавкі – месяц пасадкі садовых дрэваў і кустоў.
Месяц масавага прылёту птушак. З’яўляюцца першыя вывадкі ў палёвак, выходяць з зімовага жылля вожык, барсук, крот. Расплюшчыліся вочы ў ваверчанят, у логавах ваўкоў нарадзіліся ваўчаняты.
Красавік – час масавай сяўбы яравых культур. У сярэдзіне месяца пачынаюць садзіць і высяваць у адкыты грунт цыбулю, моркву, салату, радыску, кроп, гарох.
Калі прагрэецца глеба, высяваюць сталовыя буракі, высаджваюць рассаду ранніх гатункаў капусты, у канцы месяца высяваюць яравізаваныя клубні бульбы, ставяць плёначныя парнікі.
Пачатак сезона на лецішчах.
Большасць дачнікаў наведваюць лецішчы пасля зімы. Вядома, што перш за ўсё яны правяраюць, як зіму правялі часнык, і лук-сеянка якія былі пасаджаныя позняй восенню, прыбіраюць участкі ад лісця, каб глеба хутчэй прагравалася. Потым глебу рыхляць і дадаюць азотныя падкормкі.
Некаторыя з рэкордаў красавіка.
Максімальная сярэдняя тэмпература красавіка ў Магілёве зафіксавана ў 1950 годзе, калі склала +10,5ºС, а мінімальная ў 1929 – яна была адмоўная, каля -0,7ºС.
Абсалютны максімум тэмператур красавіка роўны +27,8ºС у Магілёве быў зафіксаваны ў 1970 годза, +28,6ºС у Бабруйску – у 1950-м.
Максімальная колькасць ападкаў выпала ў Магілёве ў красавіку 1905 года – 124 мм, а мінімальная – ў 1974 годзе, калі было толькі 6 мм.
Міністэрства лясной гаспадаркі апублікавала тэрміны правядзення 16-й рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу” ў рэгіёнах.
Першымі да акцыі далучацца больш цёплыя рэгіёны: у Брэсцкай вобласці кампанія пройдзе з 1 па 8 красавіка, у Гомельскай і Мінскай – з 8 па 15 красавіка, у Віцебскай і Гродзенскай – з 15 да 22 красавіка.
Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць валанцёраў усім неабходным пасадачным матэрыялам, а таксама інвентаром, абазначаць аб’екты, якія маюць патрэбу ў пасадцы лесу.