Птушыны грып лютуе ў Еўропе. Спецыялісты папярэджваюць, што жыхары могуць застацца без птушынага мяса ўжо да зімы, а ў Беларусі цішыня

Так, у Велікабрытаніі выявілі найбуйнейшую ў гісторыі краіны ўспышку птушынага грыпу. Мільёны птушак знішчаны. Пад пагрозай пастаўкі мяса ў крамы. 

Усё пачалося з краін Бліжнягя Усходу і Паўночнай Афрыкі. Так, у Ізраілі знаходзяцца два невялікіх возера, на якіх двойчы за год – вясной і восенню робяць прыпынак больш за мільярд птушак па шляху міграцыі з Еўропы і Азіі ў Афрыку. Увесну з-за птушынага грыпу там загінулі тысячы птушак. Нацыянальныя паркі  для дэзінфекцыі зачынілі на паўгода.

Цяпер пошасць дабралася да еўрапейскіх краін. Хвароба птушак зафіксавана ў многіх краінах. У Велікабрытаніі выявілі найбуйнейшую ўспышку птушынага грыпу ў гісторыі, перадае Daily Mail. З-за захворвання на пачатак кастрычніка, ужо знішчылі больш за тры мільёны птушак. На паўднёвым захадзе Англіі ўвялі зоны перадухілення птушынага грыпу. Усяго птушыны грып знайшлі ў 155 мясцовасцях па ўсёй Вялікабрытаніі.

Сур’ёзна пацярпелі не толькі папуляцыі дзікіх птушак, пад пагрозай і свойская птушка. Нацыянальны саюз фермераў заявіў, што пастаўкі калядных індычак могуць апынуцца пад пагрозай, калі ўспышка птушынага грыпу працягне распаўсюджвацца.

Цяпер па законе ўладальнікі павінны выконваць строгія меры біялагічнай бяспекі – уладальнікі больш як 500 птушак цяпер абавязаны абмежаваць доступ на ўчастак для людзей, якія не маюць дачынення да вытворчасці. Пры гэтым дзяржава выплачвае фермерам кампенсацыі толькі за выбракоўванне здаровых птушак, але не за тых, якія загінулі ад хваробы, і не за наступныя страты.

Прафілактычныя мерапрыемствы  з-за птушынага грыпу ўзмацнілі ў рэгіёнах Расіі. Пра меры надзвычайнага кантролю на беларускіх птушкафермах пакуль нічога не паведамлялася. 

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеўскай вобласці ў выніку абстрэлаў выгаралі рэліктавыя лясы ландшафтнага парку «Кінбурнская каса». Гараць палі са збожжам

У рэгіянальным ландшафтным парку загінула незлічоная колькасць дзікіх жывёлаў і птушак, а на аднаўленне лясоў спатрэбяцца дзесяцігоддзі.

Шкоду навакольнаму асяроддзю наносяць пажары, якія пачынаюцца пасля абстрэлаў, на палях са збожжам.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Бядою ў рэгіянальным ландшафтным парку «Кінбурнская каса» праілюстраваў сітуацыю з прыродаахоўнымі мясцінамі, якія апынуліся пад расійскай акупацыяй, міністр Аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украіны Руслан Стрылец.

niknews.mk.ua

«Яскравым прыкладам жыцця ва ўмовах акупацыі і пагрозы запаведным тэрыторыям міжнароднага значэння з’яўляецца Кінбурнская каса. Сёння там загінула шмат дзікіх жывёлаў і птушак. Дакладную колькасць мы нават падлічыць не можам. Вядома толькі, што там згарэлі рэліктавыя лясы, якія трэба аднаўляць яшчэ шмат гадоў, нават не дзесяць, пяцьдзясят і не сто», – кажа ўрадовец, якога цытуе выданне “Николаевские новости”.


Рэгіянальны ландшафтны парк займае Кінбурнскі паўвостраў з касой і прылеглую паласу акваторыі Чорнага мора шырынёю ў 1 кіламетр з Днепра-Бугскім ліманам і Ягарлыцкім залівам. Дамінантным тыпам расліннасці тут зʼяўляюцца пясчаныя стэпы. Акрамя таго, сустракаюцца лясныя, лугавыя, гіграфільныя і саланчаковыя раслінныя супольнасці. Да вайны тут было мноства эндэмікаў і рэдкіх відаў.


wikimedia.org

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну акупаваныя восем запаведнікаў і 12 прыродаахоўных паркаў.

Спецыялісты Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украіны зафіксавалі больш за дзве тысячы выпадкаў знішчэння жывой прыроды ды разбурэння экасістэм.

«Сума шкоды экалогіі ад расійскай агрэсіі складае больш за 962 мільярды грыўнаў, гэта значыць амаль адзін трыльён. Разлікі працягваюцца. Шкода ад забруджвання паветра дасягае 923 мільярдаў, шкода глебам і землям – 138 мільярдаў», – адзначае міністр Руслан Стрылец.

img.novosti-n.org

Днямі пад Мікалаевым выгарала і поле з пшаніцаю. На яго абрынуліся боепрыпасы і іх абломкі. Плошча пажару сягнула 230 гектараў.

Паводле Дзяржаўнай экалагічнай інспекцыі Паўднёва-Заходняй акругі ў выніку пажару ў атмасферу было выкінута багата забруджвальных рэчываў. Шкода навакольнаму асяроддзю склала больш за 1,27 мільярда грыўнаў (блізу 30 мільёнаў долараў ЗША, ММ), піша выданне «Новини N».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Пачынаецца сезон палявання. На мушцы самая папулярная дзічына – вадаплаўная птушка

Гэтая катэгорыя дзічыны, а ў першую чаргу качкі, лічыцца самай масавай здабычай, дасяжнай усім катэгорыям паляўнічых. Страляць яе дазволілі з 13 жніўня і да 11 снежня.

Акрамя качак, дазваляецца здабываць слонка, вялікага і шызага галубоў, а таксама перапёлку, бажана, шэрую варону ды сароку.

Паляваць дазваляецца як з дапамогай агняпальнай зброі, так і без яе – напрыклад, з дапамогай лоўчых птушак. Забараняецца, аднак, здабыча дзічыны ў цёмны час сутак, а таксама дазвол не распаўсюджваецца на гуся.

Сэзон палявання на гусей пачнецца з 20 верасня. З 3 верасня дазволяць страляць арабка і курапатку. 

На сайце Таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначаецца, што здабываць птушак можна любога полу і ўзросту за выключэннем маладых асобін, якія не лётаюць, ці ліняюць.

 

Знайшлі за домам незнаёмую жывёлу – дзеляцца нашы чытачы. Разбіраемся, хто гэта, і што рабіць у падобных выпадках. Фота + відэа

Камяк з пер’яў, з кіпцюрамі і дзюбай – а таксама спалоханымі жоўтымі вачыма – устрывожыў нашых падпісчыкаў. 

Жывёла тулілася за вясковым домам у Быхаўскім раёне, а пры спробе наблізіцца выдавала ціхі клёкат дзюбай.

 

Падобную знаходку выявілі ў Бабруйску ў траўні 2017 года – паведамляў тады Вячэрні Бабруйск. Маленькае савяня знайшлі супрацоўнікі камітэту судовых экспертыз і прынеслі ў свой кабінет. Як выявілася, дарэмна.

Маленькіх савянят іх бацькі адмыслова адпускаюць адных на волю, каб яны навучаліся самастойнасці і адаптаваліся да дзікай прыроды. Самі бацькі ўвесь час знаходзяцца паблізу і назіраюць за сваім дзіцяці.

У выпадку з бабруйскім савянём, напрыклад, двое бацькоў прыляцелі да свайго малечы пасля таго, як супрацоўнікі камітэту судовых экспертыз аднеслі яго далей ад будынку Упраўлення ўнутрых спраў, да дрэваў у зялёнай зоне.

Карміць савяня, тыкаць у яго палкай – як у нашым відэа – не трэба! Калі ж вы вырашыце забраць яго  дахаты, то такім чынам вы можаце выракчы яго на верную смерць.

 

На поплаве каля Вараніно заўважаныя дзясяткі лебедзяў (відэё)

Калісьці гэтую птушку паляўнічыя амаль выбілі на Беларусі.

Лебедзь – самая буйная птушка на нашых землях. Паляванне прывяло да амаль поўнага знішчэння папуляцыі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. У краіне налічвалася ўсяго некалькі дзясяткаў пар. Пабачыць дзівосны белы карабель недалёка ад чалавечага жытла было вялікай удачай.

Лебедзь доўгі час быў у Чырвонай кнізе. У 1984 годзе, каб абараніць месца гнездавання для адной пары пад Мінскам стварылі заказнік «Лябяжы». Паступовае аднаўленне беларускай папуляцыі стала магчымым дзякуючы перасяленню птушак з Літвы і Польшчы.

 

Цяпер лебедзяў на нашых землях стала багата. Іх выключылі з Чырвонай кнігі. Папуляцыя складае ад некалькіх соцень да паўтары тысячы пар у залежнасці ад сезону.

Хоць паяўленне гэтай грацыёзнай птушкі на беларускіх вадаёмах перастала быць рэдкасцю, відовішча з некалькіх дзясяткаў лебедзяў на разложыстым поплаве ўражвае.

Лебядзінае чарада заўважаная ля вёскі Вараніно, што ў Быхаўскім раёне. У той самай пойме Дняпра, якая ператвараецца штогод у мора разліванае, даруючы мясцовай фаўне шыкоўны пачастунак у пазасталых калюжынах.

Фота носіць ілюстрацыйны характар