На Магілёўшчыне ліквідуюць наступствы непагадзі

Па Магілёўскай вобласці пранеслася навальніца: шквалісты вецер, град, зелева.

Па дадзеных на 16.40, з-за пагаршэння ўмоў надвор’я ратавальнікі 18 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў. У ліквідацыі наступстваў праходжання навальнічнага фронту ў рэгіёне задзейнічана 15 аўтацыстэрнаў і больш за 60 работнікаў МНС.

Як паведамілі ў «Магілёўэнерга», ад электразабеспячэння застаюцца адключанымі 91 трансфарматарная падстанцыя і 13 населеных пунктаў. Адключэння аб’ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва не адбылося.

Фота з сацсетак

Воблачна, з дажджамі, днём да +31°С, але толькі адзін дзень. Прагноз на тыдзень.

На працягу наступнага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі ўмерана цёплае надвор’е. Будуць пераважаць вятры паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія. Сярэднія сутачныя тэмпературы каля +20°С. Удзень да +22 +28°С, начныя тэмпературы ад +10  да +15°С. Працягласць дня змяншаецца па 2 хвіліны, да 16:21 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:55, зойдзе ў 21:16.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 17 ліпеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +13°С, раніцай да +22°С, удзень +31°С, увечары да +24°С. Гэта самы гарачы дзень на тыдні, у астатнія будзе халадней. На працягу сутак будзе воблачна, у вячэрнія гадзіны магчымы дажджы. Вятры на працягу сутак паўднёва-заходнія, хуткасць да 3-5 м/с. Маладзік. Геамагнітнае поле спакойнае.

У аўторак, 18 ліпеня, на працягу сутак воблачна, вялікая верагоднасць дажджоў на значнай тэрыторыі вобласці. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры, хуткасць да 2-3 м/с. Уноч і ўранні каля +15°С, днём тэмпература вырасце да рыскі +23°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на адзнаке не ніжэй за +20°С. Маладзік.

У сярэдзіне рабочага тыдня,19 ліпеня, прагназуецца пераважна воблачнае без ападкаў надвор’е. Ноччу і ўранні ясна, тэмпературы да +10°С, у другой палове дня да +22°С. На працягу сутак прагназуюцца заходнія і паўночна-заходнія вятры, іх хуткасць да 3-4 м/с.

У чацвер, 20 ліпеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +12°С, воблачна, у абед і на працягу другой паловы дня +24°С, пераважна дажджы.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 21 ліпеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у ноч і ўранні воблачнае надвор’е, у другой палове – дажджы, панаванне паўднёва-заходніх і заходніх вятроў хуткасцю да 3-4 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +11°С, удзень і ўвечары да +22°С. Месяц расце.

Фота з адкрытых крыніц

Кароткі перадых ад дажджоў, воблачна, цёпла. Прагноз надвор’я на канец тыдня

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы крыху вышэй за +20°С, з ваганнямі ноччу ад +15°С да +20°С, днём – ад +23°С да +27°С.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае, месцамі з праясненнямі, пераважна без ападкаў надвор’е. Працягласць дня менее па 2 хвіліны на суткі і складзе 16 гадзін 35 хвілін 16 ліпеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:48, зойдзе ў 21:23.

Сінаптычны прагноз надвор’я на найбліжэйшыя выходныя наступны.
14 ліпеня, пятніца. Надвор’е абяцае быць воблачным,без ападкаў. Уноч да +18°С, ранішнія тэмпературы каля +20°С, днём тэмпература падрасце нязначна – да +23°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, хуткасць вятроў 4-6 м/с. Месяц убывае. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 15 ліпеня, ноччу і раніцай ясна, у другой палове – пераважна воблачна. Уноч пры ясным надвор’і да +15°С, уранні да +19°С, днём слупок тэрмометра падымецца да адзанкі +25°С, увечары каля +22°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, хуткасць вятроў 2-5 м/с. Месяц убываючы. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 16 ліпеня, на працягу сутак захаваецца воблачнае без ападкаў надвор’е. Уноч і раніцай да +17°С, удзень паветра прагрэецца да +27°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-заходнія і паўднёва-усходнія вятры хуткасцю 2-3 м/с. Маладзік.

Ранак панядзелка 17 ліпеня пачнецца з тэмператур +18 +20°С, воблачнага надвор’я, з паўднёва-усходнімі вятрамі хуткасцю да 3-5 м/с, якія могуць прынесці ў асобныя раёны дзённыя дажджы з навальніцамі і падвышэнне тэмпературы да +29°С. Маладзік.

Фота з адкрытых крыніц.

Воблачна з дажджамі і навальніцамі, днём да +28°С – прагноз на новы тыдзень

На працягу наступнага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. Будуць пераважаць вятры паўночна-ўсходнія і паўднёва-заходнія. Сярэднія сутачныя тэмпературы каля +20°С. Удзень да +24 +27°С, начныя тэмпературы ад +14  да +18°С. Працягласць дня змяншаецца па хвіліне, да 16:55 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе а 4:37, зойдзе а 21:32.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 3 ліпеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +14°С, раніцай да +20°С, удзень +25°С, увечары да +20°С. На працягу сутак будзе воблачна, у асноўным без ападкаў. Вятры на працягу сутак паўднёва-заходнія, хуткасць да 2-6 м/с. Поўня. Геамагнітнае поле спакойнае.

У аўторак, 4 ліпеня, уноч і раніцой дажджы не прагназуюцца, але іх высокая верагоднасць у другой палове дня. Будуць панаваць паўднёва-заходнія вятры, хуткасць да 3-6 м/с. Уноч і ўранні каля +14°С, днём тэмпература вырасце да рыскі +27°С, месцамі можа дасягнуць і +28°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на адзнаке не ніжэй за +25°С. Поўня.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 5 ліпеня, прагназуецца пераважна даждлівае надвор’е, у другой палове дня месцамі навальніцы. Начныя і ранішнія тэмпературы да +18°С, у другой палове дня да +25°С. На працягу сутак прагназуецца змена паўночных вятроў на паўднёвыя, іх хуткасць 1-3 м/с. Поўня.

У чацвер, 6 ліпеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-усходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +16°С, у абед і на працягу другой паловы дня +24°С. У Купальскую ноч з 6 на 7-е да +18°С. Поўня.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 7 ліпеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у купальскую ноч і ў першай полове дня дажджы, у другой палове – воблачнае з праясненнямі надвор’е, з панаваннем паўночна-ўсходніх вятроў хуткасцю да 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +18°С, удзень і ўвечары да +28°С. Месяц убывае.

Фота: mogilev.media

Дажджы, навальніцы, да +26°С – прагноз надвор’я на доўгія выходныя

На ўікенд і доўгія выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы каля +20°С, ноччу да +15°С, днём +24° +27°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 3 хвіліны да 17 гадзін 1 хвіліны на 3 ліпеня – сонца ўзыйдзе ў 4:32, зойдзе ў 21:34.

30 чэрвеня, пятніца, апошні дзень чэрвеня, надвор’е абяцае быць воблачным у першай палове. Уноч да +15°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература падрасце да +26°С. У другой палове дня прагназуюцца дажджы з навальніцамі. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў да 5-6 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У суботу, у першы дзень ліпеня, на большай частцы рэгіёна прагназуюцца дажджы. Уноч і уранні да +17°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +27°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду і паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў да 4 м/с. Поўня. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 2 ліпеня, прагназуецца воблачнае надвор’е. У другой палове дня пройдуць дажджы, уноч і раніцай да +15°С, удзень паветра прагрэецца да +24°С, у асобных раёнах да +25°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-заходнія і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю 3-4 м/с. Поўня.

Ранак панядзелка, 3 ліпеня, пачнецца з даждлівага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +15°С, з паўднёва-заходнімі вятрамі хуткасцю да 3-9 м/с. У другой палове дня – воблачна, пераважна без ападкаў, тэмпература да +24°С.

Фота: mogilev.media

Невялікае паніжэнне тэмператур, пахмурнае з дажджамі надвор’е.

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць невялікае паніжэнне тэмператур, у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя. Сярэднія сутачныя тэмпературы пад +20°С. Удзень да +16 +27°С, начныя тэмпературы ад +13  да +15°С. Працягласць дня будзе змяншацца па хвіліне, да 17:04 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:35.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 26 чэрвеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +14°С, раніцай да +14°С, удзень і ўвечары да +26°С. На працягу сутак будзе воблачна, у другой палове дня значная верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія, хуткасць да 2-3 м/с. Месяц расце.

У аўторак, 27 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-усходнія вятры, хуткасць да 2-5 м/с. Уноч і ўранні каля +14°С, днём тэмпература крыху падрасце і дасягне рыскі +16°С, месцамі да +18°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на адзнацы не ніжэй за +16°С. Месяц расце.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 28 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з ападкамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +14°С, у другой палове дня да +23°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія і паўночныя вятры хуткасцю 4-5 м/с. Месяц расце.

У чацвер, 29 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-усходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +27°С. Месяц расце.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 30 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць на працягу сутак дажджы, панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў хуткасцю да 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +15°С, удзень і ўвечары да +27°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media

Горача, воблачна, дажджліва – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, ноччу каля +17°С, днём +25° +28°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 1 хвіліну да 17 гадзін 8 хвілін 25 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:28, зойдзе ў 21:36.

23 чэрвеня, пятніца – надвор’е абяцае быць воблачным. Днём тэмпература падрасце да +27°С і пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага-захаду, поўначы, у другой палове дня – з паўднёвага захаду, хуткасць вятроў 2-4 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 24 чэрвеня, пераважна воблачна. Уноч да +17°, уранні і ўвечары да +22°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +26°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. Надвор’е пратрымаецца ў першай палове ў асноўным без ападкаў, у другой палове, асабліва пад вечар, магчымы дажджы . На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага захаду і паўночнага усходу, хуткасць вятроў 1-4 м/с, пры парывах да 6-8 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 25 чэрвеня, прагназуецца пераважна даждлівае надвор’е, у другой палове магчымы навальніцы, уноч і раніцай да +17°С, удзень паветра прагрэецца да +26°С, у асобных раёнах да +28°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць заходнія і паўночна-заходнія вятры хуткасцю 2-4 м/с. Месяц расце.

Ранак панядзелка 26 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +14°С, з паўночна-заходнімі вятрамі хуткасцю да 2 м/с. У другой палове дня вялікая верагоднаць дажджоў, тэмпература да +26°С.

Фота: mogilev.media

Горача, пахмурнае з дажджамі надвор’е. Даўжыня дня – максімальная. Прагноз на тыдзень

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-ўсходнія і паўночныя. Удзень да +25 +31°С, начныя тэмпературы будуць вагацца паміж  +12 і +15°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне максімальнай велічыні – 17 гадзін і 9 хвілін. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:27, зойдзе ў 21:39.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 19 чэрвеня. 

У ноч з нядзелі на панядзелак да +15°С, раніцай да +23°С, увечары не ніжэй за +19°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +27°С месцамі да +29 + 31°С. 

На працягу сутак будзе воблачна, раніцой і днём вялікая верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак будуць мяняць свой напрамак з паўднёвага на паўночна-усходні, хуткасць да 2-4 м/с, пры парывах да 6 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Маладзік на небе.

Аўторак, 20 чэрвеня 

У аўторак, 20 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, магчымы навальніцы, увечары – воблачна і пераважна без ападкаў. Будуць панаваць зрання паўднёва-заходнія вятры, якія потым памяняюць свой накірунак на паўночна-усходні і ўсходні, хуткасць да 2-5 м/с. 

Уноч каля +14°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература дасягне рыскі +25°С, месцамі і да +27°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на адзнаке не ніжэй за +19°С. Маладзік.

Серада – воблачная 

У сярэдзіне рабочага тыдня, 21 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +12°С, у другой палове дня да +28°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-5 м/с. Месяц расце.

 Дзень летняга сонцастаяння

У чацвер, 22 чэрвеня, у Дзень летняга сонцастаяння, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні хуткасцю 3-4 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +25° +28°С. Месяц расце.

Пятніца – дажджы 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 23 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць уноч і раніцай дажджы, у другой палове дня – воблачнае надвор’е з панаваннем паўночна-ўсходніх вятроў хуткасцю да 2 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +14°С, удзень і ўвечары да +28°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media

Вяртаецца цяпло, будуць дажджы – надвор’е на працоўны тыдзень

Да канца першай дэкады чэрвеня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае, цёплае з дажджамі надвор’е.

На працягу чарговага рабочага тыдня будзе адносна цёпла: удзень да +17 +24°С, уноч да +8 +14°С. 

Спякоты да +28 +30°С, як у 2019 годзе і дзённых халадоў да +2°С, як у 1977 годзе не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне 17 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:29, зойдзе ў 21:29.

Невялікія маразы зараз – гэта нармальна

Даводзіцца часта чуць нараканні ад беларусаў, маўляў – быў прахалодны май з замаразкамі і не такі ўжо і цёплы пачатак чэрвеня. Неабходна адзначыць, што назіраныя тэмпературы ўкладваюцца ў дыяпазон кліматычнай нормы 15-16°C. 

Напрыклад, паводле статыстыкі 1881-2022 гадоў, у 40 летніх сезонаў тэмпература чэрвеня была на 1°C ніжэй за норму. Калі браць за сярэднюю норму тэмпературу чэрвеня 16,3°C, то сапраўды жудасна халодным за час інструментальных назіранняў выдаўся чэрвень 1928 года, калі сярэдняя чэрвеньская тэмпература склала толькі 12°C. Так што, усё у межах сярэдніх норм.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 5 чэрвеня. 

На працягу сутак будзе воблачна, пройдуць дажджы. Вятры ўноч і ўранні заходніх напрамкаў, днём – паўночныя і паўночна заходнія, хуткасцю да 2-4 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня.

Аўторак, 6 чэрвеня

У аўторак надвор’е абяцае не быць гарачым, воблачна. Днём – кароткатэрміновыя дажджы, дзе-нідзе магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-заходнія і паўночныя вятры хуткасцю да 3-4 м/с. 

Уноч і раніцай ад +8°С да +10°С, днём тэмпература падрасце да +19°С, месцамі і да +21°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +18°С. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Поўня.. 

Серада, 7 чэрвеня 

У сярэдзіне рабочага тыдня прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +11 +13°С, у другой палове дня да +21°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-заходнія вятры хуткасцю 1-2 м/с. Месяц убывае.

8 чэрвеня, чацвер

У чацвер сіноптыкі прагназуюць воблачнае надвор’е. Вецер паўночна-заходні хуткасцю 1-2 м/с. Ноччу і ўранні да +11°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра падвысіцца да +23°С, пройдуць дажджы. Месяц убывае. 

Пятніца, 9 чэрвеня

У апошні дзень працоўнага тыдня, 9 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з ападкамі ў першай палове дня надвор’е з панаваннем паўночна-заходніх  вятроў хуткасцю 1-2 м/с і падвышэннем дзённых тэмператур. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +13°С, удзень і ўвечары да +24°С. Месяц убывае.

Фота: mogilev.media

Чэрвень – разгар лета

Расказваем пра шосты месяц года – максімальна інфарматыўна і паэтычна.

Чэрвень – разгар лета. 22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння, у Магілёве ён доўжыцца больш за 17 гадзін. Але толькі ў 15% выпадках чэрвень самы цёплы месяц лета. Чэрвеньскія тэмпературы вышэйшыя за майскія на 3,5-4°С. Яго сярэдняя тэмпература складае 16,5°С у Бабруйску, 15,9°С у Горках, 16,3°С у Магілёве. 

Змарыўся несці ношку лета
Чырвоны Чэрвень-чараўнік,
Прысеў пад ліпай і да флейты
Губамі млявымі прынік.

Дрыжыць пялёстачак рамонка
На вейках змружаных вачэй,
Струменьчыкам мядовым тонкім
Павольна музыка цячэ.

Цячэ — і сонным ліпам сніцца
Руплівых пчол гудлівы хор,
I сонца спелаю суніцай
У стоме хіліцца за бор.

Алег Мінкін

Ва ўмовах бесхмарных начэй пад раніцу на зямлю кладзецца шчодрая раса, асабліва паблізу вадаёмаў і на нізкіх месцах.

Як брыльянты, рассявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.

А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць, –
Рос прыходзіць адцвітаньне,
Туманы у рэчцы таюць.

Як брыльянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!

Янка Купала

Але і ў чэрвені бываюць халады. Абсалютны мінімум тэмператур склаўся ў 1930 годзе ў Горках, калі тэмпература склала -2,1°С. У 1949 годзе у Крычаве фіксаваліся замаразкі у ноч з 14 на 15 чэрвеня. А ў Магілёве апошні замаразак рэгістраваўся 11 чэрвеня 1982 года, у Клічаве – 12 чэрвеня таго ж года.

Сапраўды “Да Духа не скідай кажуха” (Духаў Дзень – на 51 дзень пасля Вялікадня, у гэтым годзе – 5 чэрвеня).

У лесе яшчэ цвітуць чарніцы, брусніцы. З’яўляюцца кветкі на леташніх парастках маліны. Чэрвень – разліўное мора кветак на лугах.

А тая ранiчка на полi
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзi ў поле, брат, дасвету:
Не будзеш каяцца нiколi.
Зiрнi, прыслухайся наўкола:
Як цiхамiрна, як вясёла.
I ў кожным дрэве, i былiнцы,
I ў малюпасенькай раслiнцы,
Ну, ва ўсiм чысценька дазвання
Блукае радасць спадзявання.
Куды нi глянь – усё ў настроi
I ў добрай згодзе мiж сабою;
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў iм хтось хвалы жыццю пiша…

Якуб Колас.

Бліжэй да сярэдзіны месяца з’яўляюцца спелыя плады суніц лясных, потым – садовых. У лясах вырастаюць грыбы – “каласавікі”, сярод якіх падбярозавікі, падасінавікі, сыраежкі, баравікі.

Шмат працы ў агароднікаў: праполка, прарэжванне, паліванне культур, маладыя ўсходы бульбы патрабуюць акучвання – двойчы на месяц.

“На ўвесь голас” яшчэ спяваюць птушкі. Ліецца звонкая песня жаўрука. Усяго на некалькі гадзін на суткі змаўкаюць салавей, перапёлка, драч. Але ў канцы чэрвеня з ляснога “хору” выпадаюць многія галасы: трэба выкормліваць патомства, некаторыя віды птушак селі на гнёзды ў другі раз – не да песень.

Выбуховым чынам размнажаюцца насякомыя, у тым ліку шкоднікі садоў, агародаў, на барацьбу з якімі ідзе шмат сіл і сродкаў.

 

Цікавыя факты.

Лета – перыяд года з устойлівай сярэднесутачнай тэмпературай вышэй за +15°С. Яно на тэрыторыі Магілёўскай вобласці цёплае, у сярэднім дастаткова вільготнае. У вобласці феналагічнае лета пачынаецца ў 2-3 дэкадзе мая. Працягваецца ў сярэднім да 21-27 верасня: 149 дзён у Бабруйску, 139 – у Горках.

Падчас вяртання чэрвеньскіх халадоў магчыма выпадзенне снегу, як гэта было 6 чэрвеня 1962 года. Але звычайна чэрвень умерана цёплы і вільготны месяц.

У чэрвені ў сярэднім 11 дзён з максімальнай тэмпературай +20 +25°С, 8 – з тэмпературай +15 +20°С, адзін з тэмпературай больш за +30°С.

За месяц выпадае каля 80 мм ападкаў. У сярэднім здараецца 8 дзён з навальніцай. У чэрвені 1989 года у Горках і Слаўгардзе іх было па 18.

Навальніцы часцей за ўсё здараюцца паміж 15:00 і 18:00. На 20 навальніц прыпадае адзін выпадак з градам.

Фота з адкрытых крыніц.