Прадаваў патроны – міліцыя зладзіла аблаву на паляўнічых на Магілёўшчыне

Пятнаццаць чалавек былі затрыманыя, адну краму абвінавацілі ў незаконным збыце зброі.

Міліцыя правяла рэйд па прадстаўніках Таварыства паляўнічых і рыбаловаў Магілёўскага рэгіёна – паведамляюць у ведамстве. Падставай стаў факт быццам бы незаконнага продажу адным з паляўнічых каля 60 патронаў свайму земляку, што не меў права на трыманне зброі. Банальны, здавалася б, браканьерскі выпадак магілёўская міліцыя ператварыла ў цэлую акцыю. Як расказаў у сваім каментарыі прадстаўнік ГУБАЗіК Уладзімір Горагляд, дазнаўшыся пра здзелку, аператыўнікі затрымалі каля 15 чалавек, а таксама зладзілі ператрус у неназванай краме паляўнічых тавараў. 

Вынік акцыі павінен уразіць непадрыхтаванага слухача маштабамі – “па месцах іх жыхарства знойдзена 30 адзінак агнястрэльнай і халоднай зброі, больш за 7 000 патронаў, 11 слоікаў з порахам, 3 тратылавыя шашкі.” Але што з гэтага ўтрымлівалася ў гаспадарках законна, а што не, і наогул, ці аднеслі “праваахоўнікі” да халоднай зброі кухонныя нажы – не гаворыцца. 

Яшчэ адна цытата ўказвае, відаць, на маніпулятыўнае ўспрыманне інфармацыі: “падчас праверкі магазіна паляўнічых тавараў канфіскавана амаль 400 незаконна захоўваемых, а таксама несертыфікаваных патронаў”. Незразумела, тавары захоўваліся сапраўды незаконна, ці ўзніклі пытанні з сертыфікацыяй? 

Можа здарыцца, што пад гучнае раскрыццё надуманай справы мгуць паляцець галовы выпадковых вінаватых.

Фота: УУС

На Мсціслаўшчыне вяскоўцаў тэрарызуюць ваўкі. Пяцярых забілі

Драпежнікаў вынішчыла адмысловая брыгада паляўнічых.

На паяўленне небяспечных жывёлаў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў паскардзіліся жыхары мясцовых вёсак Вароўскага, Добрае і Мушына. Паселішчы знаходзяцца за 15 кіламетраў на паўднёвы захад ад раённага цэнтру, у адносна бязлеснай мясцовасці.

Пасля скаргі на «прыбылых» ваўкоў арганізавалі паляўнічы атрад, – піша выданне Mstlife.by.

Некалькі дзён паляўнічыя пільнавалі ў мсціслаўскіх лясах ваўкоў. Аднаго застрэлілі ля вёскі Сялец. Яшчэ траіх паблізу вёскі Добрае. Яшчэ аднаго пацэліў паляўнічы, які выбраўся біць качак.

Спецыялісты мяркуюць, што найчасцей у памежныя раёны Магілёўшчыны ваўкі забрыдаюць з суседніх рэгіёнаў Расіі. «Прыбылых» драпежнікаў звычайна адстрэльваюць.

фота з адкрытых крыніц

Пачынаецца сезон палявання. На мушцы самая папулярная дзічына – вадаплаўная птушка

Гэтая катэгорыя дзічыны, а ў першую чаргу качкі, лічыцца самай масавай здабычай, дасяжнай усім катэгорыям паляўнічых. Страляць яе дазволілі з 13 жніўня і да 11 снежня.

Акрамя качак, дазваляецца здабываць слонка, вялікага і шызага галубоў, а таксама перапёлку, бажана, шэрую варону ды сароку.

Паляваць дазваляецца як з дапамогай агняпальнай зброі, так і без яе – напрыклад, з дапамогай лоўчых птушак. Забараняецца, аднак, здабыча дзічыны ў цёмны час сутак, а таксама дазвол не распаўсюджваецца на гуся.

Сэзон палявання на гусей пачнецца з 20 верасня. З 3 верасня дазволяць страляць арабка і курапатку. 

На сайце Таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначаецца, што здабываць птушак можна любога полу і ўзросту за выключэннем маладых асобін, якія не лётаюць, ці ліняюць.