Надышоў красавік. Што гэта за месяц, прасочым па шматгадовым назіранням

Красавік —
Гэта першыя краскі вясны,
Некранутая сінь
Танканогай пралескі,
Рокат рэк гаваркіх,
Буйства сокаў зямных.
Вечна юнага часу

Ўрачыстая песня (Алесь Звонак).

Сапраўды, красавік – гэта і месяц магутнага разводдзя і ледаходу, і масавага прылёту птушак. Зямля ачышчаецца ад снегу нават у лесе. Бясснежная цёмная паверхня добра “прымае” сонечныя прамяні, да таго ж расце вышыня сонца, што вядзе да прагравання глебы.

Працягласць дня за месяц вырастае з 13 да 15 гадзін. Разам з гэтым расце і колькасць сонечнай радыяцыі. Радыяцыйны баланс у 4 разы перавышае сакавіцкі, сярэднемесячная тэмпература на 8ºС і больш вышэйшая, чым у першым каляндарным вясновым месяцы. 

mogilev.media. Разліў Дняпра каля в. Сапяжынка Быхаўскага раёна, 31 сакавіка 2023 года.

У Горках сярэдняя тэмпература месяца складае +4,8ºС, у Бабруйску  +6,1ºС, у Магілёве  +5,5ºС. Пры гэтым адхіленні ад названых сярэдніх тэмператур могуць быць вельмі значнымі: ад -1 да +10,5 ºС. 

Красавік – месяц барацьбы холаду і цяпла, Арктыкі і Міжземнамор’я.

Калі першая палова месяца не асабліва ўражвае цяплом, то ўжо ў трэцяй дэкадзе красавіка, як правіла, бываюць дні з тэмпературай вышэй за +20ºС. Такое цяпло паскарае вегетацыйныя працэсы. 

Але за красавіком яшчэ ідуць халады. Абсалютны мінімум складае -19,5ºС (Касцюковічы, 1952 год).

У сярэднім у красавіку 3 дні з адмоўнай тэмпературай. У найбольш цёплыя вёсны ў гэтым месяцы спыняюцца замаразкі. У 1962 годзе апошні замаразак быў 3 чысла, але ў 60% гадоў замаразкі паўтараюцца і пасля 30 красавіка. Бывае, што на красавік прыпадае максімальная тэмпература года, як гэта было ў 1950 годзе.

Глеба хутка праграваецца. 

Самая ранняя дата поўнага адтайвання глебы ў Магілёве – 21 сакавіка (1961 год), самая позняя – 29 красавіка (1960 год).  

Павялічваецца дэфіцыт вільгаці ў паветры – у 3 разы, у параўнанні з сакавіком.

У красавіку толькі 11 дзён у сярэднім пахмурных. У сярэднім у Магілёве бывае адзін дзень з навальніцай, максімальна – 4. Бывае і град – да 2-х дзён, пры пранікненні трапічнага паветра з Міжземнамор’я.

Снегапад, як і замаразкі – з’ява звычайная.

Можа быць і галалёд – раз на 10 гадоў. Колькасць дзён з туманамі дасягае 9, але бывае красавік і без туманаў.

На пачатку месяца нарыхтоўваюць бярозавы сок. З’яўляюцца першацветы. Ужо ў першай дэкадзе выкідвае жоўтую кветку падбел. У канцы месяца вільготныя лугі ўпрыгожваюць кветкі лотаці. У першай палове месяца цвітуць вярбовыя, тады ж пчолы нясуць багатую абножку.

У другой дэкадзе, а то і раней, з’яўляюцца лісты у агрэста, парэчак.

Ажываюць палі. Красавкі – месяц пасадкі садовых дрэваў і кустоў.

Месяц масавага прылёту птушак. З’яўляюцца першыя вывадкі ў палёвак, выходяць з зімовага жылля вожык, барсук, крот. Расплюшчыліся вочы ў ваверчанят, у логавах ваўкоў нарадзіліся ваўчаняты.

Красавік – час масавай сяўбы яравых культур. У сярэдзіне месяца пачынаюць садзіць і высяваць у адкыты грунт цыбулю, моркву, салату, радыску, кроп, гарох.

Калі прагрэецца глеба, высяваюць сталовыя буракі, высаджваюць рассаду ранніх гатункаў капусты, у канцы месяца высяваюць яравізаваныя клубні бульбы, ставяць плёначныя парнікі.

Пачатак сезона на лецішчах.

Большасць дачнікаў наведваюць лецішчы пасля зімы. Вядома, што перш за ўсё яны правяраюць, як зіму правялі часнык, і лук-сеянка якія былі пасаджаныя позняй восенню, прыбіраюць участкі ад лісця, каб глеба хутчэй прагравалася. Потым глебу рыхляць і дадаюць азотныя падкормкі.

Некаторыя з рэкордаў красавіка.

Максімальная сярэдняя тэмпература красавіка ў Магілёве зафіксавана ў 1950 годзе, калі склала +10,5ºС, а мінімальная ў 1929 – яна была адмоўная, каля -0,7ºС.

Абсалютны максімум тэмператур красавіка роўны +27,8ºС у Магілёве быў зафіксаваны ў 1970 годза, +28,6ºС у Бабруйску – у 1950-м.

Максімальная колькасць ападкаў выпала ў Магілёве ў красавіку 1905 года  – 124 мм, а мінімальная – ў 1974 годзе, калі было толькі 6 мм.

Веснавога крыгаходу на Дняпры ўжо дакладна не будзе. Фотазамалёўка.

Нават надзея на праход смаленскага лёду знікла.

Толькі старыя ільдзіны нагадваюць у Магілёве пра зімовы студзеньскі крыгаход.

Крыгі на беразе яшчэ сведчаць як высока ўзімку ўзнялася вада Дняпра.

Цяпер вада ў Дняпры ізноў крыху ўзнялася, але не дасягнула ўзроўню зімовай паводкі. І, як і ў апошнія гады, рака зноўку не выйдзе ў пойму. 

Сакавік – месяц святла, і няўстойлівага надвор’я, здольны прыпаднесці сюрпрызы

Сакавік – першы каляндарны вясновы месяц. Але феналагічная вясна пачынаецца ў Магілёўскай вобласці толькі ў апошняй дэкадзе месяца.  

За пачатак вясны бярэцца дзень, калі зацвітае арэшнік. Па сярэдніх дадзеных назіранняў, гэта адбывецца ў Бабруйску 25 сакавіка, у Магілёве 27 сакавіка, у Горках 31 сакавіка. У Магілёве раз на 20 гадоў дата пачатку вясны прыпадае на 10 сакавіка, адзін раз на 20 гадоў – пазней за 10 красавіка. 

Вясна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па сутнасці, укладваецца ў адзін месяц – красавік, бо па сярэдніх датах “укладваецца” у Бабруйску да 1 мая, у Магілёве – да 2 мая, у Горках – да 5 мая. 

Сакавік  – месяц святла. 

21 сакавіка ў дзень роўнадзенства дзень роўны 12 гадзінам, у канцы месяца амаль 13 гадзін, гэта азначае, што ў параўнанні з лютым ён прырасце на 2 гадзіны. Сонца падымаецца над гарызонтам на 36° (22 снежня ў Магілёве і на яго шырыні – 12,5°), сонечная радыяцыя павялічваецца ўдвая ў параўнанні з лютым, рэзка падымаецца тэмпература паветра – на 4°С. Аднак у межах Магілёўскай вобласці яна застаецца на адмоўным узроўні.

Сярэдняя тэмпература сакавіка ў Бабруйску   -1,6°С, у Горках  -3,3°С. Але анамальныя амплітуды тэмператур сакавіка вельмі значныя – да 55°С. Так, у Магілёве на пачатку сакавіка 1964 года тэрмометр паказваў  -35°С, а ў 1913 годзе  +19,8°С.

У сакавіку выпадае каля 40 мм ападкаў. Розніца паміж рознымі часткамі Магілёўскай вобласці па ападках неістотная, а па гадах значная: у 1950 годзе сакавіцкія ападкі ў Бабруйску склалі 2 мм, а у 1912 годзе ў Магілёве выпала 110 мм.

Як правіла, снегавое покрыва дэградуе  ў сярэднім 14 сакавіка на паўднёвым захадзе, 23 – на паўночным усходзе вобласці, у Магілёве – 22 сакавіка. Адхіленні ад сярэдніх паказчыкаў налічваюць тыдні.

Адносная вільготнасць паветра памяншаецца да 80%, узрастае доля яснага неба – да 26% дзён, скарачаецца колькасць пахмурнага – да 14%. Звычайна 3–6 дзён з туманамі, 2 дні з галалёдам, 2 – з крышталічнай намараззю.

Часцей за ўсё на рэках пачынаецца крыгалом, у асобныя гады назіраецца разводдзе. Скарачаецца глыбіня прамярзання глебы. Гатовы да абуджэння дрэвы, першацветы.

З зімовых кватэр накіроўваюцца ў месцы гняздоўяў амялушкі, снегіры, чачоткі. Ажываюць гракоўнікі.

Пачынаецца новы сезон у дачнікаў. Сакавік – самы адказны перыяд для садавода – час абразання, а ў раннія дні вясны і прышчэплівання дрэў. Прышчэпліванне трэба рабіць да набухання пупышак.

Папярэдні прагноз надвор’я на сакавік 2023.

Паводле папярэдніх мадэляў, сакавік у гэтым 2023 годзе будзе дастаткова суровы. Ён пацвердзіць статус вельмі няўстойлівага месяца з традыцыйнымі вяртаннямі халадоў, узмацненнем маразоў, арктычнымі ўварваннямі і зарадамі снегу, але сярэднямесячная тэмпература ўсё ж чакаецца вышэй за норму на 2-4°С.

Пры ўсім гэтым нагадваем, што да доўгатэрміновых прагнозаў трэба ставіцца філасофскі: дакладнасць вагаецца ў межах 60-70%.

Дняпроўскі крыгаход і смяротна небяспечная гульня мальцаў – відэа

Нечаканая студзеньская паводка і крыгаход пачаліся на Дняпры. Прагулка на крызе па рацэ ледзь не скончылася для двух хлапцоў трагедыяй. 

Дажджы і раставанне снегу апошніх дзён узнялі ўзровень вады ў рэках. На Дняпры распачаў вельмі прыгожы крыгаход. Такая веснавая падзея – унікальная прыродная з’ява для сярэдзіны зімы. 

Вада таксама нечакана падымаецца апошнімі днямі. Яна ў Магілёве ўжо падтапіла Дубравенку і затапіла пляж.

Адзначым, што незвычайна цёплая зіма назіраецца па ўсёй Еўропе. Разам з цяплом і раставаннем снегу знікаюць і надзеі расійскіх палітыкаў і прапагандыстаў на тое, што без расійскага газу Еўропа замерзне.

А вось у Магілёве сёння цудоўная з’ява ледзь не прывяла да трагічнага фіналу. 

Гульня прывяла мальцаў шасці і васьмі гадоў на крыгу, з якой яны цудам паспелі саскочыць. 

На пачатку відэа, якое даслаў нам чытач Магілёў.media, бачна, як хлопцы яшчэ гуляюць па беразе, а ў самым канцы, як яны забраліся на крыгу і збіраюцца пераскочыць на іншую. 

– Дзеці гойдаліся на крызе. Я, як убачыў, то са страху закрычаў і пабег да іх. Старэйшы хлопец саскочыў на бераг і адпіхнуў ільдзіну! – распавядае выпадковы ратавальнік дзетак. – Крыга ў супрацьход пачала адыходзіць ад берага. Але іншая крыга на шчасце яе затрымала. Як малы саскочыў і нават не замачыўся, я не ведаю. Ягоны анёл выратаваў яго. Інакш патлумачыць я гэта не магу. Хлопцы рэальна цудам паспелі саскочыць з крыгі і выратавацца. Жудасна тое, што яны нават не перапалохаліся. Я спужаўся болей за іх. Малыя рэальна не разумелі што робяць, і ў іх не было ні каліва страху! Яны мелі толькі цікавасць і працягвалі сваю гульню!

Дарослыя, якія аказаліся побач, правялі прафілактычную гутарку і прасачылі за мальцамі. Але пытанне, чаму дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечнай сітуацыі без нагляду застаецца адкрытым.