Сакавік – месяц святла, і няўстойлівага надвор’я

Сакавік – месяц святла, і няўстойлівага надвор’я, здольны прыпаднесці сюрпрызы

Сакавік – першы каляндарны вясновы месяц. Але феналагічная вясна пачынаецца ў Магілёўскай вобласці толькі ў апошняй дэкадзе месяца.  

За пачатак вясны бярэцца дзень, калі зацвітае арэшнік. Па сярэдніх дадзеных назіранняў, гэта адбывецца ў Бабруйску 25 сакавіка, у Магілёве 27 сакавіка, у Горках 31 сакавіка. У Магілёве раз на 20 гадоў дата пачатку вясны прыпадае на 10 сакавіка, адзін раз на 20 гадоў – пазней за 10 красавіка. 

Вясна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па сутнасці, укладваецца ў адзін месяц – красавік, бо па сярэдніх датах “укладваецца” у Бабруйску да 1 мая, у Магілёве – да 2 мая, у Горках – да 5 мая. 

Сакавік  – месяц святла. 

21 сакавіка ў дзень роўнадзенства дзень роўны 12 гадзінам, у канцы месяца амаль 13 гадзін, гэта азначае, што ў параўнанні з лютым ён прырасце на 2 гадзіны. Сонца падымаецца над гарызонтам на 36° (22 снежня ў Магілёве і на яго шырыні – 12,5°), сонечная радыяцыя павялічваецца ўдвая ў параўнанні з лютым, рэзка падымаецца тэмпература паветра – на 4°С. Аднак у межах Магілёўскай вобласці яна застаецца на адмоўным узроўні.

Сярэдняя тэмпература сакавіка ў Бабруйску   -1,6°С, у Горках  -3,3°С. Але анамальныя амплітуды тэмператур сакавіка вельмі значныя – да 55°С. Так, у Магілёве на пачатку сакавіка 1964 года тэрмометр паказваў  -35°С, а ў 1913 годзе  +19,8°С.

У сакавіку выпадае каля 40 мм ападкаў. Розніца паміж рознымі часткамі Магілёўскай вобласці па ападках неістотная, а па гадах значная: у 1950 годзе сакавіцкія ападкі ў Бабруйску склалі 2 мм, а у 1912 годзе ў Магілёве выпала 110 мм.

Як правіла, снегавое покрыва дэградуе  ў сярэднім 14 сакавіка на паўднёвым захадзе, 23 – на паўночным усходзе вобласці, у Магілёве – 22 сакавіка. Адхіленні ад сярэдніх паказчыкаў налічваюць тыдні.

Адносная вільготнасць паветра памяншаецца да 80%, узрастае доля яснага неба – да 26% дзён, скарачаецца колькасць пахмурнага – да 14%. Звычайна 3–6 дзён з туманамі, 2 дні з галалёдам, 2 – з крышталічнай намараззю.

Часцей за ўсё на рэках пачынаецца крыгалом, у асобныя гады назіраецца разводдзе. Скарачаецца глыбіня прамярзання глебы. Гатовы да абуджэння дрэвы, першацветы.

З зімовых кватэр накіроўваюцца ў месцы гняздоўяў амялушкі, снегіры, чачоткі. Ажываюць гракоўнікі.

Пачынаецца новы сезон у дачнікаў. Сакавік – самы адказны перыяд для садавода – час абразання, а ў раннія дні вясны і прышчэплівання дрэў. Прышчэпліванне трэба рабіць да набухання пупышак.

Папярэдні прагноз надвор’я на сакавік 2023.

Паводле папярэдніх мадэляў, сакавік у гэтым 2023 годзе будзе дастаткова суровы. Ён пацвердзіць статус вельмі няўстойлівага месяца з традыцыйнымі вяртаннямі халадоў, узмацненнем маразоў, арктычнымі ўварваннямі і зарадамі снегу, але сярэднямесячная тэмпература ўсё ж чакаецца вышэй за норму на 2-4°С.

Пры ўсім гэтым нагадваем, што да доўгатэрміновых прагнозаў трэба ставіцца філасофскі: дакладнасць вагаецца ў межах 60-70%.