Чэрвень – разгар лета

Расказваем пра шосты месяц года – максімальна інфарматыўна і паэтычна.

Чэрвень – разгар лета. 22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння, у Магілёве ён доўжыцца больш за 17 гадзін. Але толькі ў 15% выпадках чэрвень самы цёплы месяц лета. Чэрвеньскія тэмпературы вышэйшыя за майскія на 3,5-4°С. Яго сярэдняя тэмпература складае 16,5°С у Бабруйску, 15,9°С у Горках, 16,3°С у Магілёве. 

Змарыўся несці ношку лета
Чырвоны Чэрвень-чараўнік,
Прысеў пад ліпай і да флейты
Губамі млявымі прынік.

Дрыжыць пялёстачак рамонка
На вейках змружаных вачэй,
Струменьчыкам мядовым тонкім
Павольна музыка цячэ.

Цячэ — і сонным ліпам сніцца
Руплівых пчол гудлівы хор,
I сонца спелаю суніцай
У стоме хіліцца за бор.

Алег Мінкін

Ва ўмовах бесхмарных начэй пад раніцу на зямлю кладзецца шчодрая раса, асабліва паблізу вадаёмаў і на нізкіх месцах.

Як брыльянты, рассявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.

А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць, –
Рос прыходзіць адцвітаньне,
Туманы у рэчцы таюць.

Як брыльянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!

Янка Купала

Але і ў чэрвені бываюць халады. Абсалютны мінімум тэмператур склаўся ў 1930 годзе ў Горках, калі тэмпература склала -2,1°С. У 1949 годзе у Крычаве фіксаваліся замаразкі у ноч з 14 на 15 чэрвеня. А ў Магілёве апошні замаразак рэгістраваўся 11 чэрвеня 1982 года, у Клічаве – 12 чэрвеня таго ж года.

Сапраўды “Да Духа не скідай кажуха” (Духаў Дзень – на 51 дзень пасля Вялікадня, у гэтым годзе – 5 чэрвеня).

У лесе яшчэ цвітуць чарніцы, брусніцы. З’яўляюцца кветкі на леташніх парастках маліны. Чэрвень – разліўное мора кветак на лугах.

А тая ранiчка на полi
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзi ў поле, брат, дасвету:
Не будзеш каяцца нiколi.
Зiрнi, прыслухайся наўкола:
Як цiхамiрна, як вясёла.
I ў кожным дрэве, i былiнцы,
I ў малюпасенькай раслiнцы,
Ну, ва ўсiм чысценька дазвання
Блукае радасць спадзявання.
Куды нi глянь – усё ў настроi
I ў добрай згодзе мiж сабою;
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў iм хтось хвалы жыццю пiша…

Якуб Колас.

Бліжэй да сярэдзіны месяца з’яўляюцца спелыя плады суніц лясных, потым – садовых. У лясах вырастаюць грыбы – “каласавікі”, сярод якіх падбярозавікі, падасінавікі, сыраежкі, баравікі.

Шмат працы ў агароднікаў: праполка, прарэжванне, паліванне культур, маладыя ўсходы бульбы патрабуюць акучвання – двойчы на месяц.

“На ўвесь голас” яшчэ спяваюць птушкі. Ліецца звонкая песня жаўрука. Усяго на некалькі гадзін на суткі змаўкаюць салавей, перапёлка, драч. Але ў канцы чэрвеня з ляснога “хору” выпадаюць многія галасы: трэба выкормліваць патомства, некаторыя віды птушак селі на гнёзды ў другі раз – не да песень.

Выбуховым чынам размнажаюцца насякомыя, у тым ліку шкоднікі садоў, агародаў, на барацьбу з якімі ідзе шмат сіл і сродкаў.

 

Цікавыя факты.

Лета – перыяд года з устойлівай сярэднесутачнай тэмпературай вышэй за +15°С. Яно на тэрыторыі Магілёўскай вобласці цёплае, у сярэднім дастаткова вільготнае. У вобласці феналагічнае лета пачынаецца ў 2-3 дэкадзе мая. Працягваецца ў сярэднім да 21-27 верасня: 149 дзён у Бабруйску, 139 – у Горках.

Падчас вяртання чэрвеньскіх халадоў магчыма выпадзенне снегу, як гэта было 6 чэрвеня 1962 года. Але звычайна чэрвень умерана цёплы і вільготны месяц.

У чэрвені ў сярэднім 11 дзён з максімальнай тэмпературай +20 +25°С, 8 – з тэмпературай +15 +20°С, адзін з тэмпературай больш за +30°С.

За месяц выпадае каля 80 мм ападкаў. У сярэднім здараецца 8 дзён з навальніцай. У чэрвені 1989 года у Горках і Слаўгардзе іх было па 18.

Навальніцы часцей за ўсё здараюцца паміж 15:00 і 18:00. На 20 навальніц прыпадае адзін выпадак з градам.

Фота з адкрытых крыніц.