Магілёўскі футбольны клуб “Днепр” вярнуўся ў Вышэйшую лігу

“Пасля такога матча хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець” – выказаўся пра пераможную гульню форвард магілёўскай каманды.

Футбольны клуб “Днепр” перамог “Асіповічы” ў заключным, 34-м туры Першай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе і заваяваў месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон – паведамляе прэс-служба каманды. “Днепр” заняў выніковае другое месца ў розыгрышы, саступіўшы дзяржынскаму “Арсеналу” восем балаў, і атрымаў прамую пуцёўку ў элітны дывізіён.

У спіну магілёўскай каманды “дыхаў” Віцебск, з якім “Днепр” набраў аднолькавую колькасць балаў. Адзіны гол у пераможнай, фінальнай гульні з “Асіповічамі” забіў форвард Юрый Клачкоў (на фота). Вось як ён пракаментаваў гульню і фінал Першай лігі.

“Шчыра кажучы, пасля такога матчу хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець. Бо мы агідна правялі матч. Гэта змазала агульныя ўражанні і эмоцыі наконт выхаду ў Вышэйшую лігу. У прынцыпе, я ўпершыню ў жыцці з камандай выконваю задачу. Да гэтага ў мяне такога не было. Таму ў мяне змешаныя эмоцыі. Я быццам і нічога не адчуваю, бо я ніколі раней не перажываў такога.

На нас ляжаў вялікі цяжар адказнасці, бо «Віцебск» дыхаў нам у спіну. Таму ў апошніх матчах прысутнічала нервовасць. Гэта нас скоўвала, усё ж у нас вельмі маладая каманда. У нас па сутнасці на полі было тры футбалісты старэйшыя за 2000 год нараджэння. Таму апошнія гульні нам і даліся цяжка. Самае галоўнае, што мы выйшлі і выйгралі. Так – на жылах, так – сціснуўшы зубы, але гэта матч за выхад у Вышэйшую лігу. Я лічу, што мы заслужана выйшлі ў Вышэйшую лігу! А «Віцебску» я пажадаю поспехаў у стыкавых матчах, мы чакаем іх у Вышэйшай лізе.”

Фота: fc-dnepr.by

У новым сезоне Вышэйшай лігі па футболе “Белшына” стартавала з паражэння

У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.

“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.

Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня. 

Фота: fcbelshina.by

З “Белшынай”, без “Дняпра” і 15 каманд – вызначыўся фармат Вышэйшай лігі па футболе

Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год. 

У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў. 

У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу. 

Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball. 

Фота: sports.ru

Белшыну выключылі з вышэйшай футбольнай лігі Беларусі, але надзея засталася

На сённяшні дзень Магілёўская вобласць засталася без каманд у вышэйшай ліге па футболе Беларусі. «Белшына» за парушэнне фінансавага крытэрыя не атрымала ліцэнзію.

Камітэт па ліцэнзаванні клубаў Беларускай федэрацыі футбола не дапусціў 4 футбольных клуба да спаборніцтваў у вышэйшай ліге. У выніку вышэйшая футбольная ліга “скарацілася” да 11 клубаў. «Белшына» засталася без ліцэнзіі, але мае права на апеляцыю.  

Як паведамілі на сайце АБФФ, чатыром футбольным клубам Камітэт адмовіў у ліцэнзіі:

ФК «Слуцк» – Артыкул 40 (крытэрый персаналу),

ФК «Белшына» за парушэнне артыкула 57 (фінансавы крытэрый),

ФК «Нафтан» – артыкул 17-1 (спартыўны крытэрый),

ФК «Смаргонь» – артыкул 17, 17-1 (спартыўныя крытэрыі), 29, 42, 45, 46 (кадравыя крытэрыі).

У выніку толькі 11 клубаў вышэйшай лігі атрымалі ліцэнзіі на выступ у будучым чэмпіянаце Беларусі: «БАТЭ», «Гомель», «Дынама-Брест», «Дынама-Мінск», «Іслач», «Мінск», «Нёман», БДУ (каманда «Энергетык-БДУ), «Славія-Мазыр», «Тарпеда-БЕЛАЗ», «Шахцёр». 

Футбольны каляндар на 2023 год быў зацверджаны выканаўчым камітэтам АБФФ у сярэдзіне снежня. У Прэм’ер-лізе плануецца выступленне 16 каманд. Першы тур павінен прайсці ўжо 17-19 сакавіка.

Футбольныя клубы маюць права звярнуцца з апеляцыяй на рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён. Як паведамляюць інсайды, «Белшына» напісала хадайніцтва, якое будзе разгледжана на наступным пасяджэнні выканаўчага камітэта АБФФ. Каманда настроена на станоўчы вынік. Зараз футбалісты трэніруюцца.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскі “Днепр” прайграў сёмы раз запар і згубіў шанцы застацца ў Вышэйшай лізе

Трэнер, аднак, заносіць правальны сезон у актыў маладой каманды.

30 кастрычніка прайшлі матчы 28-га тура Вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе, каманда “Мінск” прымала магілёўскі “Днепр”. Адзіны гол быў забіты ў вароты магілёўцаў на 52-й хвіліне матча, вызначыўся нападнік сталічнай каманды Уладзімір Хвашчынскі. 

Пасля 28-мі тураў магілёўская каманда застаецца на апошнім радку турнірнай табліцы, з якога так і не здолела падняцца ні разу на працягу ўсяго розыгрыша. Апошні раз клуб здолеў атрымаць перамогу аж 10 верасня ў матчы 21-га тура супраць іншага аўтсайдэра, “Віцебска”. Наперадзе ў “Дняпра” яшчэ дзве гульні, але яны ніяк не паўплываюць на канчатковы вынік – адставанне ад перадапошняга месца складае восем ачкоў.

– Мы да апошняга верылі, што ў нас атрымаецца захаваць прапіску. – падзяліўся сваімі думкамі на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер клуба Яўген Молчан – Мы шмат ачкоў не дабралі. За якасць гульні нам не сорамна. Нам пастаянна чагосьці крыху не хапала. У нас у складзе даволі шмат маладых: 4 чалавекі 2004 года нараджэння, 2 чалавекі 2003 года нараджэння. Яны павінны набірацца вопыту, але на ўсё патрэбны час, яны павінны ўзмацніцца. За імі будучыня. Мы разумелі, што так атрымаецца, усё ж такі мы рыхтаваліся да Першай лігі.

Перад стартам сезона “Днепр” павінен быў гуляць у Першай лізе чэмпіяната, паколькі мінулы сезон завяршылі толькі на пятым радку ў турнірнай табліцы другога дывізіёна. Аднак пінская “Волна” адмовілася ад выступлення ў Вышэйшай лізе, што дало магчымасць трапіць туды “Дняпру”. Маладая магілёўская каманда мела мізэрныя шанцы навязаць барацьбу лепшым клубам Беларусі, да таго ж у разгар сезона высветлілася, што клуб праігнараваў трансферны бан, накладзены ФІФА. У выніку забарона на рэгістрацыю новых футбалістаў была не толькі актуалізаваная, але распаўсюдзілася на ўвесь бягучы сезон і будзе дзейнічаць яшчэ поўгады.

У склаўшыхся ўмовах галоўны трэнер на прэс-канферэнцыі пасля паражэння ад “Мінска” быў схільны даць пазітыўную ацэнку клубу за сезон, хоць і з прысмакам горычы.

– Ёсць вялікі асадак, што мы ўсё ж вылецелі. Але адказнасць за вынік ляжыць толькі на мне. Усе нашы хлопцы атрымалі каласальны вопыт. Я спадзяюся, што мы захаваем наш калектыў, трэба будзе толькі кропкава ўзмацніцца. Мы ўжо працуем на перспектыву. Мы шмат хлопцаў зараз уводзім у склад. Будзем старацца па максімуме захаваць усіх. Гэты год можна нават лічыць за два ў плане станаўлення для хлопцаў і майго трэнерскага штаба. Я гэты сезон занясу ў плюс нават нягледзячы на адмоўны вынік.

Галоўны трэнер “Дняпра” не пратрымаўся і двух месяцаў. Яго замяніў той жа трэнер, якога замяніў ён сам

Юрый Лукашоў падаў у адстаўку пасля чарговага паражэння – 0:4 ад мінскага “Дынама”. 

9 ліпеня прэс-служба магілёўскага “Дняпра” паведаміла, што пасля паражэння ад “Дынама” 4 ліпеня, галощны трэнер каманды Юрый Лукашоў падаў у адстаўку, якая была прынятая кіраўніцтвам клуба. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера цяпер зноўку будзе Яўген Молчан – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як пісала Магілёў.media, пры Лукашове “Днепр” ужо двойчы вылятаў з вышэйшай лігі. У ліпені 2022 года спецыяліст прыйшоў на замену галоўнаму трэнеру Яўгену Молчану, пры якім каманда апынулася на самым ніжнім радку турнірнай табліцы. Яўген Молчан, аднак, не пакінуў “Днепр” канчакова, а заняў пост памочніка галоўнага трэнера.

За менш чым два месяцы працы Юрый Лукашоў, якому адводзілася роля “пажарнага” па выратаванні каманды ад вылету, паказаў яшчэ горшыя вынікі. Пройгрыш 0:7 ад салігорскага “Шахцёра” і пяць паражэнняў у шасці гульнях наогул. Адзіным радасным пробліскам стала вікторыя над бабруйскай “Белшынай” 4:3 у шаснаццатым туры Вышэйшай лігі сезона 2022 года. Але гэтай перамогі аказалася крытычна мала для клуба, якому пагражае чарговае паніжэнне ў статусе. 

Каманда можа ў чарговы раз пакінуць Вышэйшую лігу чэмпіяната, месца ў якой дасталася зусім не спартыўнымі дасягненнямі, а ў сувязі са зняццем з турніра брэсцкага “Руху”. 

Фота: fc-dnepr.by