Магілёўскі “Днепр” зноў пацярпеў паразу і застаецца на апошнім месцы

Да канца турніру Вышэйшай лігі па футболе застаецца сем тураў.

У 23-ім туры Чэмпіянату Беларусі па футболе магілёўская каманда сустракалася са “Слуцкам”. Першы гол напрыканцы першага тайма забіў паўабаронца “Дняпра” Мікіта Красноў. “Слуцк”, аднак, не толькі адыграўся, але і нанес крыўдную паразу “дняпроўцам” на 84-ай хвіліне матчу трапным ударам Кірыла Вяргейчыка.

Параза магілёўскага клуба сталя сямнаццатай у бягучым розыгрышы Вышэйшай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе. Да завяршэння чэмпіяната засталося сем тураў. На працягу турніра клуб тасаваў сціплую калоду трэнерскага штаба – як паведамлялі Магілёў.media – мяняючы галоўных рулявых паміж сабой. Вынік застаецца нязменным, “Днепр” на працягу першынства ні разу не падымаўся з апошняга радка турнірнай табліцы. У актыве каманды тры выйгрышы і тры нічыіх. 

Пра гульню са “Слуцкам” выконваючы абавязкі галоўнага трэнера Яўген Молчан выказаўся са скрухай:

– Я думаю, мы не заслужылі паразы. Першы тайм сёння быў за намі, мы забілі гол, і ў нас яшчэ былі перспектыўныя падыходы. Другі тайм… Тут усё крыецца ў псіхалогіі. Мы вельмі нізка селі, прапусцілі непатрэбны гол. Хаця ў «Слуцку» былі і да гэтага моманты, у якіх яны нам даравалі. У нас нядрэнна атрымлівалася контратакаваць, і мы таксама мелі свае моманты. За першы тайм я камандзе пастаўлю добрую адзнаку, а па другім тайме… Сумна, вядома, што сёння такі вынік.

Галоўны трэнер “Дняпра” не пратрымаўся і двух месяцаў. Яго замяніў той жа трэнер, якога замяніў ён сам

Юрый Лукашоў падаў у адстаўку пасля чарговага паражэння – 0:4 ад мінскага “Дынама”. 

9 ліпеня прэс-служба магілёўскага “Дняпра” паведаміла, што пасля паражэння ад “Дынама” 4 ліпеня, галощны трэнер каманды Юрый Лукашоў падаў у адстаўку, якая была прынятая кіраўніцтвам клуба. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера цяпер зноўку будзе Яўген Молчан – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як пісала Магілёў.media, пры Лукашове “Днепр” ужо двойчы вылятаў з вышэйшай лігі. У ліпені 2022 года спецыяліст прыйшоў на замену галоўнаму трэнеру Яўгену Молчану, пры якім каманда апынулася на самым ніжнім радку турнірнай табліцы. Яўген Молчан, аднак, не пакінуў “Днепр” канчакова, а заняў пост памочніка галоўнага трэнера.

За менш чым два месяцы працы Юрый Лукашоў, якому адводзілася роля “пажарнага” па выратаванні каманды ад вылету, паказаў яшчэ горшыя вынікі. Пройгрыш 0:7 ад салігорскага “Шахцёра” і пяць паражэнняў у шасці гульнях наогул. Адзіным радасным пробліскам стала вікторыя над бабруйскай “Белшынай” 4:3 у шаснаццатым туры Вышэйшай лігі сезона 2022 года. Але гэтай перамогі аказалася крытычна мала для клуба, якому пагражае чарговае паніжэнне ў статусе. 

Каманда можа ў чарговы раз пакінуць Вышэйшую лігу чэмпіяната, месца ў якой дасталася зусім не спартыўнымі дасягненнямі, а ў сувязі са зняццем з турніра брэсцкага “Руху”. 

Фота: fc-dnepr.by