21 ліпеня ў гісторыі. Александрыйскі землятрус. Першае міністэрства адукацыі. Самая нізкая тэмпература. Першая жанчына прэм’ер-міністр.

365 год. У Александрыі Егіпецкай адбыўся землятрус.

Моцна пашкодзіў адзін з сямі цудаў свету Фароскі маяк, забраў 50 000 жыццяў. Маяк пабудаваны ў III ст. да н. э. на востраве Фарос.

На мармуровай вежы ў 180 м бесперапынна падтрымліваўся агонь. Маяк быў канчаткова “дабіты” землятрусам 1375 года.

У памяць аб збудаванні мы маем сучасны тэрмін фара (аўтамабільная).

1773 год. Соймам Рэчы Паспалітай утворана Адукацыйная камісія (Камісія народнай асветы).

Першая ў Еўропе ўстанова па кіраўніцтву народнай асветай – правобраз міністэрства адукацыі.

Камісія ажыццявіла рэформу школ і ўніверсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Камісіі непасрэдна падпарадкоўваліся Ягелонскі універсітэт у Кракаве і Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага (Віленскі ўніверсітэт). Сярэднюю ступень адукацыі складалі акруговыя і падакруговыя школы. Шматлікія беларускія школы карысталіся праграмамі Камісіі ледзь не да сярэдзіны ХІХ ст.

Віленскі ўніверсітэт

1781 год. Нарадзіўся Антоні Марціноўскі (1781-1855).

Беларускі публіцыст, педагог, выдавец.

Заснавальнік Віленскай друкарні, у якой выдаў 400 кніг па сельскай гаспадарцы, гісторыі, прыродазнаўству, этнаграфіі і іншыя.

За свой кошт выдаў «Літоўскую гісторыю» Т.Нарбута, «Гісторыю польскай літаратуры» З.Барташэвіча.

1812 год. Маршал Даву паслаў з Магілёва войскі каб перахапіць адступіўшы рускі гарнізон.

1-ы і 3-і французскія кавалерыйскія палкі рушылі на перахоп адступіўшых за дзень да таго інвалідаў-апалчэнцаў магілёўскага гарнізона.

Французы нагналі іх на быхаўскай дарозе. Але да інвалідаў паспелі далучыцца два рускіх батальёна егераў, сотня казакаў.

Пад час боя ад французскіх палкоў засталася толькі сотня кавалерыстаў.

У гэты ж дзень французскімі салдатамі быў зроблены ператрус у магілёўскай Спаскай царкве, з мэтай пошуку зброі. У выніку былі канфіскаваны 8 турэцкіх гармат, якія ляжалі на вуліцы і былі падораныя гораду князем Г. Пацёмкіным.

Французская кавалерыя

1816 год. На Вілейшчыне нарадзіўся Эдвард Жалігоўскі (1816-1864).

Польскі паэт, філосаф, грамадскі дзеяч.

У 1838 годзе арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання пад кіраўніцтвам Шымана Канарскага, інтэрніраваны.

У 1851 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Петразаводск, потым у Арэнбург.

Пасябраваў і падтрымліваў сувязі з Тарасам Шаўчэнкам, прысвяціў яму верш «Да народнага паэта».

У Пецярбургу дапамагаў Іасафату Агрызку выдаваць газету «Slowo». Апублікаваў зборнікі «Poezye», «Dziś i wczoraj», драму «Jordan».

Пераклаў на польскую мову творы А. Пушкіна і Г. Гейнэ.

Апошнія гады жыў у Жэневе.

У в. Карэкаўцы Вілейскага раёна 20 верасня 2009 года адкрыты памятны знак сяброўству Э. Жалігоўскага і Т. Шаўчэнкі.

1860 год. Нарадзіўся Антон Каменскі (1860/1861-1933).

Беларускі, польскі і французскі ілюстратар і графік.

Скончыў акадэміі мастацтваў ў Пецярбурзе і Парыжы. Працаваў у Варшаве, Кракаве, Парыжы.

Супрацоўнічаў з «Tygodnikiem Ilustrowanym», дзе размяшчаў свае працы.

У час 1-й сусветнай вайны жыў у Парыжы, у 1919 годзе. вярнуўся ў Варшаву.

Памёр 12 верасня 1933 года. Пахаваны на Павонзках у Варшаве.

1891 год. Нарадзіўся Сымон Кандыбовіч (1891-1972).

Беларускі дзяржаўны дзеяч, гісторык. Працаваў старшынёй валаснога выканкаму ў Бабруйскім павеце, дэлегатам Чацвёртага Усебеларускага з’езду саветаў.

Рэпрэсаваны НКУС.

Адзін з кіраўнікоў Беларускай народнай самапомачы, член Беларускай цэнтральнай рады, Беларускага нацыянальнага камітэта.

3 лета 1944 – у Германіі. Змяніў прозвішча на Кабыш. Працаваў у беларускім аддзеле радыёстанцыі «Свабода», рэферэнтам Сакратарыята па пытаннях народнай гаспадаркі.

1906 год. Нарадзіўся Барыс Кабішчар (1906-1959).

Беларускі дзеяч цыркавога мастацтва. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Зрабіў значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва Беларусі. Дырэктар цыркаў: Віцебскага, Мінскага, Магілёўскага, Гомельскага, Бабруйскага, шэрагу расійскіх.

1917 год. У Мінску пачаўся З’езд беларускіх арганізацый i партый.

Працаваў да 25 ліпеня. Утварыў Цэнтральную Раду беларускіх арганізацый – каардынацыйны орган беларускіх нацыянальных партый і грамадскіх арганізацый. Фактычным кіраўніком Рады быў географ А. Смоліч.

Рада перастала існаваць у кастрычніку 1917 года. Імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Выдавала газету «Вольная Беларусь».

1920 год. Пры палітааддзеле 16 арміі адчынены Магілёўскі чырвонаармейскі ўніверсітэт (КРУНТ).

Працаваў да 15 лютага 1921 года. Падрыхтаваў 69 палітрукоў і 437 палітработнікаў. Тут вучыўся ўраджэнец Магілёва, беларускі і ізраільскі мастак Марк Жытніцкі (1903-1993).

Марк Жытніцкі

1960 год. Першай у свеце жанчынай прэм’ер-міністрам стала Сірымава Бандаранаіке (1916-2000).

Прэм’ер-міністр Шры-Ланкі ў 1960-1965, 1970-1977, 1994-2000 гадах, узначальвала міністэрствы замежных спраў і абароны.

Яна замяніла на гэтай пасадзе свайго мужа, Саламона, нацыянальнага лідэра Цэйлона, хрысціяніна, які быў застрэлены будысцкім манахам-фанатыкам.

У 1994-2000 гадах кіравала краінай разам з дачкой, Чандрыкай Бандаранаіке Кумаратунга, якая была абрана прэзідэнтам Шры-Ланкі.

1964 год. Нарадзілася магілёўская лучніца Алена Марфель.

Неаднаразовая чэмпіёнка і рэкардсменка БССР, СССР, Еўропы і свету.

Занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

1983 год. Зарэгістравана самая нізкая на планеце тэмпература – мінус 89,2˚С.

Яна зафіксавана беларускімі палярнікамі на савецкай антарктычнай станцыі “Усход”.

У снежні 2013 года амерыканскім спадарожнікам Landsat 8 была зафіксавана ў Антарктыдзе тэмпература -93,2°С, але яна не ўнесена ў кнігу рэкордаў Гінеса, бо не падцверджана данымі праз кантактны тэрмометр.

2011 год. Памёр Казімір Свёнтак (1914-2011).

Беларускі і польскі рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч. У 1994 годзе стаў першым кардыналам у гісторыі незалежнай і суверэннай Беларусі.

Скончыў баранавіцкую гімназію імя Т. Рэйтана, Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 1939 быў пасвечаны ў святары.

У 1941 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі па абвінавачванні ў шпіянажы i два месяцы ўтрымліваўся ў турме ў Брэсце, з якой яго вызвалілі немцы. Усю вайну заставаўся з парафіянамі ў Пружанах.

У снежні 1944 года ён зноў быў арыштаваны i асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР.

З 1954 года – пробашч у Пінску, з 1991 – архібіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі. З 1994 года – кардынал.

Пахаваны ў крыпце кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пінску.

2015 год. У Шклове адкрыты памятны геральдычны знак.

Вышыня 11 м. На пастаменце – дата ўтварэння Шклова – 1535 год. Назва толькі на рускай мове, дата першага летапіснага ўспаміну абазначаны год, калі Шклоў быў спалены маскоўскім войскам.

«Атрымліваецца парадокс, – кажа шклоўскі краязнаўца А. Грудзіна. – Горад спалілі ў 1535 годзе, і лічыцца, што тады яго і заснавалі». Тым не менш, Шклоў згадваецца ў 1520 годзе падчас падарожжа ў Масковію аўстрыйскім дыпламатам Сігізмундам фон Герберштэйнам.

8 ліпеня ў гісторыі. Шлях у Індыю. Палтаўская бітва. Паланенне Дз Карбышава. Нарадзілася спявачка Дз. Арбеніна.

1497 год. Васка да Гама адплыў з Лісабона на чале марской экспедыцыі да берагоў Індыі.

Ён павёў флот з чатырох караблёў з экіпажам у 170 чалавек. Назад вярнуліся толькі 55 матросаў і два караблі.

Партугальцы сталі першымі вядомымі еўрапейцамі, якія 20 мая 1498 года дасягнулі Калікута. Марскі шлях у Індыю быў вынайдзены.

Назад Васка да Гама вярнуўся 29 жніўня 1499 года.

1709 год. Адбылася Палтаўская бітва.

Найбуйнейшая бітва Паўночнай вайны (1700-1721) паміж рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра I і шведскай арміяй Карла XII. 

Адбылася за 6 вёрст ад Палтавы. Перамога рускай арміі прывяла да пералому ў вайне на карысць Расіі і спыніла панаванне Швецыі ў Еўропе.

Да таго моманту, калі армія Карла падышла да Палтавы, ён страціў да траціны арміі, яго тылы былі атакаваны лёгкай конніцай Пятра – казакамі і калмыкамі, перад самай бітвай Карл ХІІ быў паранены. Бітва Карлам была прайграна і ён бег у Асманскую імперыю.

У бітве пад Палтавай шведы страцілі звыш 9 000 забітымі і 19 000 палоннымі. Страты рускіх – 1 345 чалавек.

Да гэтага, 9 кастрычніка 1708 года, адбылася першая пераможная бітва рускіх войск над шведамі, пры Лясной, пад Прапойскам (Слаўгарад) – “Маці Палтаўскай бітвы”.

1861 год. Нарадзілася Магдалена Радзівіл (Завіша, 1861-1945).

Арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху, мецэнатка, падарожніца.

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», адкрывала беларускамоўныя школы.

Памерла 6 студзеня 1945 года ў Швейцарыі.

У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Св. Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.

1910 год. Асобнай кнігай у Пецярбургу выходзіць паэма Янкі Купалы «Адвечная песня».

Першая яго драматычная паэма.

Напісаная пад уплывам народна-песеннай сімволікі і кніжных крыніц. Складаецца з 12 часткаў-праяваў, кожная з якіх распачынаецца і заканчваецца аўтарскай рэмаркай.

Змест паэмы – аналіз жыццёвага лёсу Мужыка, які выступае як галоўны герой паэмы, трагізму яго існавання ў тагачасным грамадстве.

Паэма – твор высокага трагедыйнага гучання. Напісаная песенна-народным складам верша.

1929 год. Нарадзіўся Канстанцін Ціхановіч.

Беларускі графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Беларусь». Ілюстраваў творы беларускіх і замежных аўтараў у беларускім пэрыядычным друку. 

Выканаў многія станковыя кампазыцыі, у тым ліку «Дом I з’езда РСДРП», «Ад’езд Я. Коласа ў семінарыю», трыпціхі «Памяць», «Хатынь».

Аўтар мемарыяльных медалёў, значкоў, экслібрысаў, дыяфільма «Францыск Скарына».

1941 год. Пад Магілёвам патрапіў у фашысцкі палон генерал Дз. Карбышаў (1880-1945).

Фартыфікатар, найбуйнейшы ваенны інжынер, генерал царскай і генерал-лейтэнант Чырвонай Арміі, доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба.

Патрапіў у палон параненым пад Магілёвам, каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна. Закатаваны 18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маўтхаўзен.

1949 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Завальнюк.

Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурны дзеяч.

Гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.

Быў членам Рады ТБМ. Змагар за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску, паслядоўна праводзіў беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі.

1967 год. Магілёўская вобласць узнагароджана ордэнам У Леніна.

Узнагароджана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за актыўны супраціў насельніцтва ў Вялікай Айчыннай вайне і дасягненні ў пасляваеннай працы народнагаспадарчага комплекса.

Узнагарода ўручана П. Машэравам ў лістападзе 1967 года.

Арка ў Магілёве з ордэнамі Айчыннай вайны і Леніна.

1974 год. Нарадзіўся Андрэй Мезін.

Беларускі хакеіст.  Заслужаны майстар спорту Беларусі.

Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лейк-Сіці, 11 чэмпіянатаў свету (1998-2009).

Лепшы брамнік Лігі Антарыа (1995) і Каланіяльнай Лігі (1996). Чэмпіён CoHL (1996) і IHL (1997). Срэбны прызёр чэмпіянату Германіі (1999). Лепшы хакеіст Беларусі (1998, 1999, 2005, 2006).

1974 год. У Валожыне нарадзілася Дзіяна Арбеніна.

Беларуская і расійская спявачка, паэт, музыка, мастачка.  Заслужаная артыстка Чачэнскай Рэспублікі.

Сустваральніца групы “Начныя снайперы”. Аўтар больш за 250 песень, больш за 150 вершаў.

З 2014 года мае статус “амбасадара Сусветнага фонду дзікай прыроды у Расіі”, удзельнічала ў творчым дабрачынным праекце “Пакаленне”, адукацыйным праекце “Татальная дыктоўка”.

Асудзіла ўварванне Расіі ва Украіну, неаднаразова выказвалася супраць вайны, з-за чаго ў некалькіх гарадах Расіі былі адменены канцэрты пасля даносаў. У красавіку 2022 года выйшла яе антываенная песня „Не маўчы”.

1993 год. У Мінску, у будынку Тэатра оперы і балета, распачаў працу I з’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня).

Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Мэта – аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы. 

Прысутнічала 996 дэлегатаў ад беларускіх арганізацый з Беларусі і беларускіх суполак 22 краін замежжа. На з’ездзе прынята Дэкларацыю аб прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, шматлікія дакументы. Прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» быў абраны Радзім Гарэцкі, старшынёй Рады Ганна Сурмач.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

2008 год. Тэлеканал польскага тэлебачання з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах “БЕЛСАТ” пачаў вяшчанне са спадарожніка Sirius.

27 ліпеня 2021 года інфармацыйныя рэсурсы “Белсата” прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкімі”, распаўсюджанне інфармацыі з іх цягне адміністрацыйную адказнасць.

3 лістапада 2021 года прызнаны “экстрэмісцкімі” і інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы “Белсата”.