Дзень у гісторыі: 10 верасня. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Нарадзіліся: мовазнаўца Мікалай Бірыла і кампазітар Яўген Глебаў. Памёр этнограф Аляксандр Ельскі. Саветамі расстраляны дзеяч БНР Язэп Мамонька

Сусветны дзень прадухілення самагубстваў.

Заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і адзначаецца ад 2003 году.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць прадухіленне самагубстваў прыярытэтам грамадскай аховы здароўя.

Асноўныя прычыны самагубстваў: жабрацтва, беспрацоўе, страх, душэўныя хваробы, праблемы ў сям’і, пакуты, цяжкія захворванні, дыскрымінацыя.

На думку экспертаў, ніводзін асобна ўзяты фактар не можа ў поўнай меры вытлумачыць, чаму чалавек учыніў самагубства. Суіцыдальныя паводзіны – складаны феномен, які трымаецца на асабістых, сацыяльных, псіхалагічных, культурных, біялагічных і асяродкавых фактарах.

1916 год. Памёр Аляксандр Ельскі.

Пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнаўца.

Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў, патрыярх прафесійнага беларусазнаўства.

Аўтар слоў: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, стварыць дабрачыннасці!».

1923 год. Нарадзіўся Мікалай Бірыла.

Мовазнавец, лінгвагеограф.

Даследчык беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы, праблемаў беларускай і славянскай анамастыкі.

Удзельнік падрыхтоўкі комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак».

Суаўтар і рэдактар шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы», аўтар «Беларуская антрапанімія».

1929 год. Нарадзіўся Яўген Глебаў.

Кампазітар, дырыжор, педагог.

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Аўтар шматлікіх сімфоніяў, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў.

Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры.

Па ўспамінах Васіля Быкава, Глебаў, доўга супраціўляўся ўступленню ў КПСС, а пры прыёме не змог адказаць у якім годзе была «Кастрычніцкая рэвалюцыя».

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Язэп Мамонька.

Беларускі палітык, публіцыст, сябра і сакратар прэзідыума Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езду, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

1977 год. Нарадзіўся Віктар Ганчарэнка.

Футбольны трэнер.

Працаваў трэнерам БАТЭ, якая выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў УЕФА і атрымала перамогу ў чэмпіянатах Беларусі 2008-2012 гадах.

10 разоў прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі (2008-2020).

1990 год. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Згуртаванне стваралася дзеля падтрымкі захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС.

2022 год. 880-годдзе Гомеля.

Першы летапісны ўпамін пра яго адносіцца да 1142 году.

Буйны цэнтр прамысловасці, навукі, адукацыі, культуры, турызму.

Другі горад пасля Мінску па колькасці насельніцтва: 504 тысячы чалавек.

 


У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц


 

Ізноў спёка. Рэкордаў не будзе, але не забывайма на ваду

У Магілёве 23 жніўня сіноптыкі прагназуюць да 32 °C.

У 2015-ым тэмпература паветра сягнула 32,9 °C і быў пабіты рэкорд 1992 году – +31,7 °C

Цягам сённяшняга дня сіноптыкі з Белгідрамету абяцаюць пераменную воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +30…+32°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с.

Па большай частцы краіны Белгідрамет прагназуе максімальную тэмпературу паветра ў межах +30…+33°С.

У сталіцы чакаецца да 31 °С, у суседніх Віцебску – да 30, у Гомелі, як і ў Магілёве – 32.

«Адбылося ўзгаранне» – Міністэрства абароны Беларусі пра «ўспышкі» на палігоне, звязаным з агрэсіяй супраць Ўкраіны

Паведамленні пра серыю ўспышак і выбухаў у кірунку аэрадрому «Зябраўка» ў тэлеграм-каналах з’явіліся познім вечарам 10 жніўня. У іх гаварылася, што нават адчувалася выбуховая хваля. Мясціна Зябраўка знаходзіцца ў Гомельскай вобласці.

Ранкам 11 жніўня тэлеканал «Министерство обороны Республики Беларусь» паведаміў, што «10 жніўня каля 23 гадзінаў падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне».

«Асабістым складам своечасова прынятыя меры па тушэнні. Пацярпелых няма», – адзначана ў допісе.

Назва ваеннага аб’екту «Зябраўка» 28 ліпеня згадвалася ўкраінскім аператыўным камандаваннем «Поўнач». Тады паводле паведамленняў вайскоўцаў суседняй краіны з тэрыторыі аэрадрому «Зябраўка» была атакаваная Чарнігаўская вобласць. Па ёй выпусцілі 20 ракет з зенітна-ракетнага комплексу «С 300/С 400». У выніку нападу пацярпелі вайскоўцы.

фота з рэсурсу: ru.interfax.com.ua

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Аляксандр Піскуноў

Асуджаны на з гады за калоніяў агульнага рэжыму.

27 лютага гэтага году ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў адзін з тэлеграм-каналаў, а ў каментары напісаў пра колькасць тэхнікі, кірунак яе руху і адметныя асаблівасці.

У гэтым следства ўгледзела садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым «у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, альбо ўдзеле ў ім».

Паводле праваабаронцаў на момант затрымання хлопец не быў паўналетнім.


Дзмітрый Осік

Былога выкладчыка юрфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, у якога цяпер уласная каратэ-студыя, арыштавалі на 15 сутак.

Яго зняволілі 13 ліпеня і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Мінску. Праз два дні яму прызначылі адміністрацыйны арышт. Што інкрымінуецца невядома, пішуць праваабаронцы.


Дзмітрый Марозаў

Лекара-анастэзіёлага анкалагічнага дыспансера Магілёва забралі з працы.

Паводле калегаў, нібыта, спрабаваў стварыць незалежны прафсаюз. Сілавікі ўзламалі на працоўным месцы шуфлядкі і забралі службовы камп’ютар.

Месца знаходжання невядомае. Калегі кажуць, што збіраўся звальняцца, а сямʼя чакала візу.


Аляксандр Трафімаў

Затрыманы лекар-гастраэнтэролаг з Баранавічаў.

Прычына зняволення не вядомая. Нібыта забралі на трое сутак.

Затрыманы вёў блог аб медыцыне ў сацыяльных сетках.


Яўгеній Маркавец

На волі, адбыўшы ўвесь тэрмін зняволення.

Быў затрыманы 28 мая 2021 году. Быў асуджаны ў Гомелі судом Савецкага раёну за публічную знявагу прадстаўніка ўлады.

Адседзеў 1,5 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем.

Гомель у навальніцу. Рух у горадзе паралізаваны, дарогі ператварыліся ў бурлівыя патокі.

Непагадзь да Магілёўшчыны не дабралася. Увесь патэнцыял расходавала на Гомель.

Суседні з Магілёвам абласны цэнтр перажыў небывалую залеву. Фотаздымкі з затопленымі вуліцамі і машынамі ператворанымі ў чаўны запаланілі сацыяльныя сеткі.

За няпоўную гадзіну на горад вылілася практычна месячная норма ападкаў.

Дождж з градам абрынуўся на Гомель апоўдні. Залева суправаджаецца грымотамі. Рух у горадзе быў паралізаваны, дарогі сталі бурлівымі патокамі. Людзей з затопленых аўтобусаў і вуліц ратавальнікі вывозілі на гумавых чаўнах.

«Рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Зяброўкі, апынуўся наўпрост пасярэдзіне ўтворанага возера», – апісвалі сітуацыю на гарадзкіх вуліцаў відавочцы.

«Узровень вады амаль па грудзі ратавальнікам. І чалавек з нізкім ростам практычна па шыю можа апынуцца ў вадзе», – каментаваў убачанае гараджанін у сацыяльных сетках.

Самымі небяспечнымі для аўтамабілістаў аказаліся ўчасткі дарог на праспекце Леніна, вуліцах Інтэрнацыянальнай, Жаркоўскага, Бочкіна, Багдана Хмяльніцкага, Барыкіна, Палескай, піша   выданне «Белка».

З 11-38 да 12-29 у Гомелі, паводле звестак метэаролагаў, выпала 7,6 мм ападкаў. Сярэднемесячная норма складае 9,1 мм.