Colorfest прайшоў у Магілёве. Гараджане сталі крыху індусамі. Шмат фота

Галоўная традыцыя фэсту – абсыпаць адзін аднаго рознакаляровымі яркімі і лёгка змыўнымі фарбамі. Штогадовая імпрэза праходзіла ў мясцовым Парку атракцыёнаў і традыцыйна сабрала шмат дзяцей і моладзі. Фарбы для мурзання ўдзельнікі куплялі на месцы. Яны бяспечныя, але і каштуюць не танна.

Упершыню Colorfest правялі ў Магілёве ў 2017 годзе. Ён адбыўся на стадыёне існуючага на той момант заводу штучнага валакла. Гэта аддаленая ад людных вуліц мясціна, куды адпраўлялі апазіцыянераў пратэставаць. Апошнія гады фэст праводзяць у Парку атракцыёнаў.

Ідэю правядзення фестываляў фарбы еўрапейцы падгледзелі ў індуісцкай культуры. Свята Holi (Пяшчоты) – адно з найбольш маляўнічых у Індыі і Непале. Бенгальцы з фарбамі адзначаюць сваё навагоддзе і свята вясны.

Упершыню ў Еўропе свята Holi правялі 29 чэрвеня 2012 года ў Берліне. У тым жа годзе, убачыўшы, наколькі спадабалася імпрэза людзям, адбылося яшчэ тры падобныя фэсты. Самы масавы адбыўся ў Мюнхене. На яго прыйшло 10 тысяч ахвотнікаў пабыць мурзатымі ад фарбаў.

Ад 2014 году Colorfest становіцца адным з улюблёных дзействаў еўрапейцаў. Яго сталі праводзяць не толькі на старым кантыненце, але ў Новай Зеландыі і нават Паўночнай Афрыцы.

У Беларусі таксама ўзяліся папулярызаваць свята з індуісцкімі каранямі. Да такога наватарства ў Магілёве мясцовая ўлада паставілася з недаверам, таму і адправіла ахвотнікаў абсыпацца фарбамі на аддалены ад гарадскога цэнтру стадыён, што на вуліцы Чалюскінцаў.

Адаптаваная пад Colorfest свята Holi падаецца як фестываль, дзе ўсе роўныя, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці, узросту і полу. На ім няма месца курэнню і алкаголю – толькі здаровы розум, чыстыя эмоцыі, светлыя пачуцці і жывыя зносіны.