У жыхаркі Магілёва быў выкрадзены ровар у фае аднаго з інтэрнатаў – паведамляе прэс-служба УУС.
Сышчыкі высветлілі, што на ровары з’ехаў нецвярозы 40-гадовы рабочы аднаго з прадпрыемстваў горада, раней ужо неаднаразова судзімы за крадзяжы і рабаванні. Праз некаторы час ён зламаў чужую маёмасць, упаўшы з яе, а пасля схаваў ровар у кустах, спадзеючыся пазней вярнуцца за ім і перапрадаць.
Цяпер выкрадзенае вернута ўладальніцы, у дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.
Сусветны дзень ровара (World Bicycle Day, з 2018 года).
Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. З ініцыятывай заснавання даты выступілі прадстаўнікі Туркменістана. На французкай “velocipede” – “хуткая нага”.
Ровар быў вынайдзены ў 1817 годзе нямецкім прафесарам фон Дрэзам, але тады яшчэ не меў педаляў. Блізкі да сучаснага выгляду сродак перасоўвання быў вынайдзены ў 1884 годзе англічанінам Дж. Кемпам Старлі і атрымаў назву “rover” – “вандроўнік”, якая перайшла у польскую, украінскую, беларускую мовы.
Роварныя рэкорды хуткасці: 268,83 км/г – Фрэд Ромпельберг (Нідэрланды) на саляной раўніне штата Юта, ЗША, 1995 год. У 2010 годзе Маркус Штольц з’ехаў з гары ў Чылі з хуткасцю 210 км/г.
Ровар на Беларусі з’явіўся ў Віцебску ў 1870-я гады. Першай спартовай роварнай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе. Група раварыстаў у 1894 годзе ажыццявіла прабег па маршрутах: Берасце -Кобрын-Вялікарыта-Брэст (145 км) і Брэст-Старая Жабінка-Камянец-Чарноўцы- Брэст (141 км). У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.
Ужо ў 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Еўрасаюза продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў. У Беларусі зараз больш за 3 мільёны ровараў.
Дзень роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены.
Святы імператар Канстанцін, які атрымаў ад Царквы найменне Роўнаапостальны, а ў сусветнай гісторыі найменаваны Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлора, які кіраваў Галіяй і Брытаніяй.
Святая царыца Алена, маці імператара Канстанціна, была хрысціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імперыі – Канстанцін – быў выхаваны ў павазе да хрысціянскай рэлігіі. Бацька яго не пераследваў хрысціян у кіраваных ім краінах, у той час, як ва ўсёй астатняй Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся жорсткім ганенням з боку імператараў.
1757 год. У Нясвіжы памёр Ян Пашакоўскі (1684-1757).
Педагог і выдавец, гісторык, тэолаг, член ордэна езуітаў, доктар філасофіі, рэктар Слуцкага і Нясвіжскага калегіумаў, стваральнік і выдавец календароў. Быў папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.
У адрозненні ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры ВКЛ, чым жадаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац.
Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне, Крожах, быў прэфектам школы ў Коўне. Выкладаў філасофію ў Вільні, быў выхавальнікам Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі.
1785 год. Першае выкарыстанне парашута для скачкоў.
Французскі паветраплавальнік Франсуа Бланшар прадэманстраваў у Лондане сканструяваны ім парашут для скачкоў з паветранага шара.
Сам Бланшар апрабаваць сваё вынаходства не вырашыўся і з вышыні 300 м скінуў на парашуце сабаку.
Першы эскіз парашута намаляваў Леанарда да Вінчы ў 1483 годзе. “Калі ў чалавека ёсць шацёр з накрухмаленага палатна шырынёй у 12 локцяў і вышынёй у 12 – пісаў геніяльны вучоны – то ён зможа кідацца з любой вышыні, без небяспекі для сябе”.
Парашут Леанарда быў падобны на сучасны, аднак адсутнасць практычнай патрэбы ў яго прымяненні служыла перашкодай для вырабу падобных прыладаў. Толькі развіццё паветраплавання праз 200 гадоў і частыя катастрофы заахвоцілі вынаходнікаў ушчыльную заняцца стварэннем апарата для паспяховага спуску чалавека з вялікай вышыні.
Упершыню пабудаваў і выпрабаваў такую прыладу французскі фізік Ленорман, які і даў яму назву – “парашут” (ад грэцкага “пара” – супраць і французскага “шуце” – падзенне).
1786 год. Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853).
Прыродазнавец, арнітолаг, асветнік. Заснавальнік беларускай арніталогіі. Усё жыццё марыў пра аднаўленне ВКЛ.
Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у Варшаве атрымаў урокі малявання ў Норбліна і Арлоўскага. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за 300 палотнаў вядомых мастакоў.
Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.
У 1812 годзе ўзначаліў 19-ы пяхотны французскі полк, пазней быў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Удзельнік Лейпцыгскай бітвы. Узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна.
Патрапіў пад амністыю імператара Аляксандра І і пасяліўся ў 1814 годзе ў Паставах.
У 1831 годзе падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю. Быў арыштаваны, сядзеў у турме.
Распрацаваў сістэму класіфікацыі птушак, якой карыстаюцца сучасныя вучоныя. У Паставах стварыў арніталагічны музей (у калекцыі 3000 птушак з усяго свету і значная колькасць птушыных яек), карцінную галерэю, бібліятэку. Ён упершыню адкрыў гнездаванне ў Беларусі некаторых відаў птушак.
Аўтар больш 20 навуковых прац, у тым ліку “Усеагульная арніталогія, ці апісанне птушак усіх частак свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.
Памёр 1 студзеня 1853 года.
1863 год. Пад Мілавідамі (зараз Баранавіцкі раён) паўстанцы далі бой расійскім карнікам.
Аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Ф. Юндзіла, І. Лукашэвіча, А. Лянкевіча, Л. Нарбута і агульным кіраўніцтвам К. Каліноўскага далі бой расійскім войскам. Сярод удзельнікаў бітвы былі Ф. Багушэвіч і М. Андрыёлі.
У гэты дзень расійскія войскі з розных бакоў атакавалі паўстанцкі лагер. Бой ішоў з 12 гадзін дня да цемры.
Паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, але мелі вялікія страты.
На месцы пахавання паўстанцаў усталяваны капліца-помнік (1930-я гады), у 1990 – камень з мемарыяльнай плітой. У 1993 годзе Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
1863 год. За падтрымку паўстання расійскія карнікі расстралялі ў Вільні ксяндза Станіслава Ішору (1838-1863).
Першая ахвяра М. Мураўёва-вешальніка.
8 лютага 1863 года ён зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Л. Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення.
Ішору спачатку пакаралі 5 гадамі катаргі, але асабіста Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл.
Пакараны смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні. Сведкі пакарання ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны».
У 2003 годзе ў Лідзе адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.
1935 год. Нарадзіўся Васіль Зуёнак.
Беларускі паэт, перакладчык з розных славянскіх моў, крытык, літаратуразнаўца. Лаўрэат прэміі ЛКСМБ, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук.
Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, зборніка гумарыстычных вершаў, кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, кніг выбраных вершаў, вершаў і паэм, двухтомніка выбраных твораў, кніг нарысаў і замалёвак, перакладаў.
Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала яго ліра-эпічная пенталогія «Пяцірэчча».
Яго кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту У. Кавалёнку на арбітальную станцыю «Саюз-6».
1988 год. У газеце “Літаратура і мастацтва” надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.
Першая праца пра Курапаты.
Колькасць расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах у Курапатах па розных ацэнках ад 30 да 102 і нават, да 220-250 тысяч.
З 1993 года Курапаты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.
4 красавіка 2019 года ўладамі дэмантаваны 70 драўляных, 13 красавіка – усе металічныя крыжы, што былі пастаўлены на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.
30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена.
1993 год. Памерла Юдзіф Арончык (1908-1993).
Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка (1938).
Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працавала ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Тэатры драмы і камедыі пра Белдзяржэстрадзе, мастацкім кіраўніком Мінскага народнага тэатра мімікі і жэсту Беларускага таварыства глухіх.
Мастацтва Арончык вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў.
2017 год. Памёр Генадзь Шутаў (1939-2017).
Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў
Жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную педагагічную вучэльню, Маскоўскі паліграфічны інстытут. У 1976-1986 гадах быў старшынём Праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.
Амстэрдам – горад, максімальна ўтульны для тых, хто крадзе ровары, высветліла міжнародная каманда навукоўцаў з трох універсітэтаў свету.
Усяго ў Амстэрдаме налічваецца каля 850 000 веласіпедаў – амаль столькі ж, колькі жыве чалавек. І амаль 30 000 з іх кожны год знікае. Улады Амстэрдама, усхваляваныя лёсам транспартных сродкаў сваіх грамадзян, прапрацоўвалі самыя разнастайныя версіі таго, што адбываецца з веласіпедамі – іх прадаюць за мяжу, разбіраюць на запчасткі, альбо яны ўрэшце рэшт трапляюць на дно каналаў.
Разабрацца з гэтай праблемай вырашылі амерыканскія навукоўцы з Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута і Дэлфцкага тэхналагічнага універсітэта ў супрацоўніцтве з Амстэрдамскім інстытутам перадавых гарадскіх рашэнняў. Яны ўсталявалі трэкеры для адсочвання перамяшчэнняў на 100 ровараў і прыпаркавалі іх у розных грамадскіх месцах па ўсім Амстэрдаме. На працягу шасці месяцаў вялося назіранне за лёсам гэтых веласіпедаў, і ў канцы назірання выявілася, што скрадзенымі аказаліся 70 з іх. Такі высокі працэнт, аднак, навукоўцы растлумачылі мэтанакіраваным размяшчэннем транспартных сродкаў у папулярных грамадскіх месцах.
На аснове маніторынгу даследчыкі склалі карту руху скрадзеных ровараў. Высветлілася, што з 70 скрадзеных 68 засталіся ў Амстэрдаме і яго ваколіцах. Некаторыя з іх доўгі час знаходзіліся побач з магазінамі патрыманых веласіпедаў, таму даследчыкі прыйшлі да высновы, што, верагодна, там іх прадавалі. Некаторыя адправіліся ў месцы, вядомыя нелегальным продажам веласіпедаў. І хоць эксперымент не даў адказу на пытанне аб лёсе кожнага з ровараў і не паслужыў крымінальнаму пераследу злодзеяў, даследнікі палічылі, што ён даў каштоўную інфармацыю пра характар праблемы.
Калі раней лічылася, што большасць зніклых ровараў трапляюць за мяжу, то цяпер стала зразумела, што абсалютная большасць з іх нават не пакідае той раён, дзе яны зніклі, застаючыся цыркуліраваць у агульным веласіпедным патоку Амстэрдама, час ад часу мяняючы гаспадароў.
– Самае дзіўнае, што гэта адбываецца лякальна. – сказаў адзін з суаўтараў амстэрдамскага эксперыменту Фабіа Дуартэ з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута – Выкрадзены ровар прадаецца, а новы ўладальнік выкарыстоўвае яго ў тым жа раёне, верагодна, не падазраючы, што ён быў скрадзены.
Адкрыццё, зробленае вучонымі, здзівіла і гарадскія ўлады, якія вядуць барацьбу з крадзяжамі веласіпедаў.
– Кожны год ровары крадуць у дзясяткаў тысяч жыхароў Амстэрдама. З гэтага даследавання становіцца ясна, што некаторыя з гэтых крадзяжоў арганізаваныя. – сказала намеснік мэра Амстэрдама, якая адказвае за транспарт Мелані ван дэр Хорст.
Аднак, як гарадскія ўлады будуць выкарыстоўваць гэтае адкрыццё, пакуль невядома – піша выданне PIP.
Дзеці на ровары нечакана выехалі на праезную частку і трапілі пад машыну.
Пацярпелыя дзяўчынка 2008 і хлопчык 2010 году нараджэння забаўляліся, катаючыся ў дваіх на адным ровары.
У нейкі момант яны раптоўна выехалі на праезную частку дарогі, дзе адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Джылі», піша мясцовая раёнка «Чырвоны сцяг».
«З рознымі цялеснымі пашкоджаннямі дзеці былі шпіталізаваны ў Краснапольскую ЦРБ (Цэнтральную раённую больніцу, ММ), адтуль – у Магілёўскую абласную дзіцячую больніцу», піша выданне.
Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка.