Вайна ва Ўкраіне. У вызваленым ад расійскіх войск Ізюме эксгумуюць целы жыхароў з масавага пахавання (жудасныя фота)

Масавае пахаванне знойдзена ў лесе паблізу Ізюму. Мяркуюць, што ў ім закапана звыш 400 цел. Колькасць загінулых у Ізюме наагул можна сягаць пад тысячу.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абнародаваў фота з месца масавага пахавання ўкраінцаў, перадае інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«Гэта павінен бачыць увесь свет. Свет, у якім не павінна быць жорсткасці і тэрарызму. І імя гэтаму – Расія. На месцы масавага пахавання ў Ізюме знойдзена больш за 400 цел. З прыкметамі катаванняў, якія загінулі ў выніку ракетных абстрэлаў, дзеці, вайскоўцы», – адзначае Зяленскі.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка, што ў Ізюме колькасць загінулых за час акупацыі можа набліжацца да 1 тысячы чалавек. Паводле яго нямала загінулых застаецца пад заваламі дамоў.

Ізюм, горад у Харкаўскай вобласці, знаходзіўся пад расійскай акупацыяй з сакавіка. Вызвалілі яго 11 верасня і тады ж над цэнтрам гораду быў вывешаны ўкраінскі сцяг. 14 жніўня ва ўрачыстым уздыманні сцягу ўдзельнічаў і Ўладзімір Зяленскі.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну ў Ізюме жыло больш за 45 тысяч чалавек.

фота: images.unian.net

Вайна ва Ўкраіне. За час расійскай акупацыі Ізюму загінула блізу 1 тысячы жыхароў

У вызваленым ад расійскіх войск горадзе адшуканае масавае пахаванне людзей. У лесе паблізу Ізюму закапана больш за 400 цел, лічаць праваахоўныя органы.

“Трэба кожнае цела эксгумаваць, як гэта было ў Бучы. У нас ёсць, на жаль, такі негатыўны трагічны досвед, і будзем устанаўліваць акалічнасці скону кожнага з тых больш за 400 людзей, якія закапаныя на могілках побач з Ізюмам”, – кажа дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка, словы якога падае інфармацыйнае агенцтва “УНІАН”.

Паводле яго, пад руінамі дамоў застаюцца таксама загінулыя. З-пад завалаў толькі аднаго з іх дасталі целы 47 чалавек. Гэта трохпавярховы дом, два пад’езды якога абрынуліся ад расійскай авіяцыйнай бомбы.

Як мяркуе Герашчанка колькасць загінулых у Ізюме за час акупацыі можа набліжацца да 1 тысячы чалавек.

«І гэта будзе больш, чым у Бучы, у два разы. Вядома, будзем усё правяраць«, – падкрэслівае ён.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначае, што працэсуальныя дзеянні, звязаныя з масавым пахаваннем людзей у Ізюме ўжо пачаліся.

«Мы хочам, каб свет ведаў, што рэальна адбываецца і да чаго прывяла расійская акупацыя. Буча, Марыупаль, цяпер, на жаль, Ізюм… Расія паўсюль пакідае па сабе смерць. І павінна за гэта адказваць. Свет павінен прыцягнуць Расію да рэальнай адказнасці за гэтую вайну. Зробім усё для гэтага», – заяўляе Ўладзімір Зяленскі.

Ізюм, горад у Харкаўскай вобласці, знаходзіўся пад расійскай акупацыяй з сакавіка. Вызвалілі яго 11 верасня і тады ж над цэнтрам гораду быў вывешаны ўкраінскі сцяг. 14 жніўня ва ўрачыстым уздыманні сцягу ўдзельнічаў і Ўладзімір Зяленскі.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну ў Ізюме жыло больш за 45 тысяч чалавек.

“УНІАН” нагадвае, што Ўладзімір Зяленскі 14 верасня заявіў, што на Харкаўшчыне вызваленыя ад расіян амаль 400 населеных пунктаў, у якіх у акупацыі больш за пяць месяцаў жылі каля 150 тысяч украінцаў.

Паводле Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі, 16 верасня ўвесь рэгіён вызвалены ад расійскіх войск.

«Гэта было беспрэцэдэнтнае рушэнне нашых вайскоўцаў. Украінцам зноў удалося зрабіць тое, што многія лічылі немагчымым», – адзначаецца ў тэлеграм-канале адміністрацыі.

Паведамляецца, што «расійская армія знаходзілася на Харкаўшчыне больш за пяць месяцаў. І за гэты час яны нават не намагаліся зрабіць нешта для людзей, а толькі знішчалі, забіралі, вывозілі. Пакінулі па сабе спустошаныя сёлы, і ў некаторых з іх няма ніякага ацалелага дому. Расія не можа прынесці нічога іншага, акрамя генацыду».

Дзень у гісторыі: 29 жніўня. Ад маскоўцаў вызвалены Полацк. Беларуская мова перастала быць моваю справаводства. Нарадзіліся: даследчык беларускага адраджэння Уладзімір Казбярук і амерыканскі спявак Майкл Джэксан. Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў і Арэхавы спас

1579 год. Вызвалены Полацк ад войск маскоўскага цара Івана Жахлівага.

Вызваленнем з-пад маскоўскай акупацыі кіраваў Стэфан Баторы. Пад уладай чужынцаў горад знаходзіўся 16 гадоў і страціў большую частку насельніцтва. Заняпаў.

1696 год. Моваю дзяржаўнага справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім замест русінскай (беларускай) зацверджаныя польская і лацінская.

Такую пастанову прыняў канфедэрацыйны сойм Рэчы Паспалітай.

З гэтага часу ўсе рашэнні мелі складацца на польскай мове; усе ранейшыя акты, запісы, рашэнні і паказанні захоўвалі сваю сілу.

Канфедэрацыйны сойм пастановаю «Юрыдычнае ўраўнаванне» шляхецкіх саслоўяў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай ураўнаваў правы шляхты Беларусі з правамі польскай шляхты. Адзін з пунктаў дакументу закранаў мову. Беларуская шляхта заплаціла за падвышэнне статусу адыходам ад сваёй мовы.

Беларуская мова ў Рэчы Паспалітай страціла статус дзяржаўнай мовы, што ў перспектыве прывяло да яе заняпаду.

1923 год. Нарадзіўся Уладзімір Казбярук.

Літаратуразнаўца.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры, беларускага нацыянальнага адраджэння, утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, жыцця і літаратурнай дзейнасці Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Алеся Гаруна.

1934 год. Нарадзілася Тамара Мушынская.

Педагог, літаратуразнаўца.

Працавала ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Аўтар 6 кніг і звыш 60 артыкулаў па методыцы выкладання літаратуры.

Суаўтар 16 падручнікаў па рускай літаратуры для сярэдняй школы, шэрагу дапаможнікаў для настаўнікаў рускай і беларускай літаратуры, хрэстаматыяў.

1958 год. Нарадзіўся Майкл Джэксан.

Амерыканскі поп-спявак, танцор.

Дасягнуў міжнароднай вядомасці ў 11 гадоў, як вакаліст дзіцячай групы Jackson 5.

Адзін з самых камерцыйна паспяховых сольных артыстаў у гісторыі. Яго называюць «Каралём поп-музыкі».

Уладальнік 19 прэміяў «Грэмі». Яго імя двойчы занесена ў Залу славы рок-н-ролу, як сольнага выканаўцы і як удзельніка Jackson 5.

1974 год. Сутыкнуліся два ваенных верталёты Мі-4 пад Ружанамі.

Абодва верталёты праз памылкі лётчыкаў абрынуліся на зямлю ў раёне месца для бомбакідання, усе 6 членаў экіпажаў загінулі.

2014 год. Памёр Канстанцін Шаранговіч.

Мастак-графік, педагог.

Выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў.

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік салону-галерэі «ГАЛ-творчасць».

Працаваў у галіне кніжнай і станковай графіцы, жывапісу.

Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў (International Day Аgainst Nuclear Tests).

Адзначаецца ад 2009 году. Зацверджаны Генеральнай асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля актывізавання намаганняў у справе спынення ядзерных выпрабаванняў, як неабходнай умовы для стварэння бяспечнага свету.

Трэці Арэхавы Спас. 

Па ім дазвалялася збіраць лясныя арэхі – ляшчыны. У гэты дзень пяклі боханы з новага ўраджаю збожжа. Напярэдадні чысцілі крыніцы і студні.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Дзень у гісторыі: 26 ліпеня. Нарадзіліся друкар і руплівец беларушчыны Марцін Кухта, мовазнаўца Зміцер Саўка. Пачаўся ІІ З’езд беларусаў свету. Выдадзеная кніга на мове эсперанта

26 ліпеня 1875 года нарадзіўся Марцін Кухта.

Друкар, выдавец кніг на беларускай, польскай і літоўскай мовах.

23 лістапада 1906 году надрукаваў першы нумар газеты «Наша ніва». Часам друкаваў яе ў крэдыт.

Друкаваў творы Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа.

У апошнім вершы Багдановіч напісаў: «…Я не самотны, я кніжку маю / З друкарні пана Марціна Кухты».


1887 года ў Варшаве надрукавана брашура «Міжнародная мова» на мове «эсперанта».

Выдаў яе ўраджэнец Беластоку акуліст Людвіг Заменгоф пад псеўданімам Эсперанта.

У кнізе на выдуманай мове былі апублікаваныя малітва «Ойча наш», урывак з Бібліі, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Генрыха Гейнэ.

Цяпер на эсперанта гавораць у свеце блізу 2 мільёнаў чалавек. У Беларусі ёсць лічаныя спецыялісты.


1931 года памёр Міхал Пятроўскі.

Хрысціянскі дэмакрат, каталіцкі святар.

Прыхільнік беларусізацыі касцёлу ў Беларусі, беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці.

Прамаўляў казанні на беларускай мове.

26 ліпеня 1941 года Магілёў акупаваны фашысцка-нямецкімі захопнікамі.

Перад вайной жыло больш за 100 тысяч чалавек. 28 жніўня 1941 году, паводле звестак акупацыйнай адміністрацыі, засталося 45,2 тысячы. На 1 ліпеня 1944 году – 10,1 тысячы.

У Магілёве і раёне загінула больш за 70 тысяч чалавек, каля 30 тысяч вывезена на працу ў Нямеччыну.

Гітлераўцы стварылі 5 лагераў смерці, уключаючы Грабянёўскі, Лупалаўскі, 341-ы перасыльны, гета на Дубравенцы.

Горад быў вызвалены ад нацыстаў Савецкімі войскамі 28 чэрвеня 1944 году.


26 ліпеня 1965 года нарадзіўся Зміцер Саўка 

Мовазнаўца.

Вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы», «Беларускі клясычны правапіс».


1997 год – пачаўся Другі з’езд беларусаў свету.

Быў прысвечаны «Праблемам захавання беларускай прысутнасці ў свеце».

Прысутнічалі 123 дэлегаты і 111 гасцей з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Кыргызстану, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Эстоніі.

У выніковай заяве З’езду было адзначана: «Краіна перажывае сістэмны крызіс, які ахапіў усе бакі грамадскага жыцця. Своеасабліваю вехаю ў яго развіцці стаў лістападаўскі рэферэндум 1996 году, які раскалоў беларускую нацыю. Частка народу прыняла яго вынікі і новы парадак у краіне, другая засталася абыякаваю. Трэцяя ўспрыняла яго, як канстытуцыйны дзяржаўны пераварот, лічыць нелегітымнымі новыя органы заканадаўчай улады, ацэньвае змены, як пераход да аўтарытарнага рэжыму з тэндэнцыяй ператварэння ў таталітарны. Вынікі рэферэндуму, яго легітымнасць не прызнаныя многімі дзяржавамі свету. Беларусь усё больш аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, эканоміка краіны ў крытычным стане»


У публікацыі выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў