5 ліпеня ў гісторыі. Аб’яднанне цэркваў. Першае турагенства. «Хатынь». Помнік Э. Севеле. Нарадзіліся У. Вараксін, Л. Рублеўская.

1439 год. Падпісана Фларэнційская царкоўная унія аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай папы рымскага.

Мітрапаліт Ісідар Кіеўскі разам з грэчаскім арцыбіскупам Васілём Бесарыёнам падпісаў царкоўную унію аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай рымскага папы. Іх рашэнне было прадыктавана жаданнем аб’яднаць хрысціянскія цэрквы перад пагрозай туркаў, якія ўварваліся ў Візантыю.

Аднак у дзеянне гэтая унія не ўступіла, так і застаўшыся на паперы. Па вяртанні ў Маскву мітрапаліт Ісідар быў варожа сустрэты царом Васілём II, паўстаў перад царкоўным судом і быў заключаны ў турму. 

Праз 3 гады Ісідар уцёк, дабраўся да Рыма, стаў кардыналам і атрымаў ганаровы тытул канстанцінопальскага патрыярха. Але да таго часу Канстанцінопаль ужо быў захоплены туркамі.

1818 год. Нарадзіўся Антон Яленскі (1818-1874).

Грамадскі дзеяч, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на Міншчыне. 

Пакараны 15 гадамі катаргі ў Сібіры.

Паўтарыў грамадзянскі подзвіг свайго старэйшага брата Яна (1809-да1848), які браў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, шматлікіх сваіх сваякоў.

1847 год. Адкрыта першае ў свеце турыстычнае агенцтва і арганізавана першая турпаездка.

33-гадовы баптысцкі прапаведнік і актыўны змагар з павальным у тагачаснай Англіі п’янствам Томас Кук арганізаваў турыстычнае таварыства і першую ў свеце групавую турыстычную паездку. Па яго замове чыгуначная кампанія Midland Counties Railway прадаставіла спецыяльны цягнік з 9 адкрытымі вагонамі для “безалкагольных” 570 працоўных па маляўнічым маршруце паміж гарадамі Лейстэр і Лафбара ў Сярэдняй Англіі.

У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Куку скідкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Таму кліентаў былі тысячы. Яго экскурсіі засноўваліся на прынцыпе: “Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальным кошце”. Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Лічыцца, што Томас Кук быў першым мэнэджэрам у галіне турызму. Кук распрацаваў маршруты па многіх еўрапейскіх гарадах. У 1865 годзе ён адкрыў для суайчыннікаў Новы Свет, а для амерыканцаў – радзіму іх продкаў. Дзейнасць ажыццяўлялася праз агенцтва “Томас Кук і сын”. Адным з першых амерыканскіх кліентаў фірмы стаў Марк Твен.

Кук быў прызнаны “вынаходнікам турызму”, а заснаванае ім турыстычнае агенцтва Thomas Cook and Son заваявала сусветную вядомасць. Праз пяць дзясяткаў гадоў яго фірма валодала 84 аддзяленнямі, 85 агенцтвамі, і яе паслугамі скарысталіся больш за 3 мільёны чалавек.

1901 год. Нарадзіўся Уладзімір Вараксін (1901-1980).

Беларускі савецкі архітэктар, педагог. Заслужаны будаўнік.

Скончыў омскі мастацка-прамысловы тэхнікум, Ленінградскі інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва. Працаваў у Белдзяржпраекце, выкладаў у Беларускім політэхнічным, Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытутах.

Сярод асноўных даваенных прац –  будынак педтэхнікума ў Крычаве (1937, цяпер блок СШ № 1 за палацам Пацёмкіна), будынак ЦК КПБ (з А. Воінавым) у Мінску, кінатэатр «Радзіма», комплекс будынкаў прамкамбіната (1939), жылы пасёлак аўтарамонтнага завода (1941) у Магілёве.

Пасля вайны спраектаваў будынкі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, Белкамунбанка, жылыя дамы па вул. К. Маркса, Маскоўскай, Захарава, А. Кашавога ў Мінску, тыпавыя праекты будынкаў раённых камітэтаў КПБ для Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

Памёр 2 студзеня 1980 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Юрый Лістапад (1897-1938).

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933 гадах.

Расстраляны ў Байкала-Амурскім канцлагеры.

1938 год. У Магілёве створаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці і Цэнтральны гістарычны архіў.

У 1956-1960 гадах Цэнтральны гістарычны архіў размяшчаўся ў касцёле Св. Станіслава, потым – пераехаў у Мінск, а замест яго ў будынак сабора пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд храм страціў частку роспісаў, быў беззваротна страчаны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Зараз галоўным архівам вобласці з’яўляецца Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці (знаходзіцца ў канцы вуліцы Чалюскінцаў, на выездзе у бок Бабруйска).

1941 год. Пачалася нямецка-фашысцкая акупацыя Клічаўскага раёна.

Пад акупацыяй раён знаходзіўся да 28 чэрвеня 1944 года. Радзіма партызаншчыны на Магілёўшчыне. Цэнтрам партызанскага базіравання сталі Усакінскія лясы.

Тут з’явілася першая партызанская зона ў Беларусі – на тэрыторыі Клічаўскага і Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага раёнаў.

Зона з’явілася па выніках нарады пад кіраўніцтвам маршала К. Варашылава, якая адбылася 1 ліпеня 1941 года ў штабе Заходняга фронту пад Магілёвам. 3 красавіка 1942 года партызаны абвясцілі, што на тэрыторыі Клічаўскага раёна адноўлена Савецкая ўлада.

Клічаўскую партызанскую зону (у розны час ад 2 да 3 тыс. кв. км) абараняла 18 тысяч чалавек, якія былі аб’яднаны ў 5 брыгад і 16 атрадаў. У вялікіх сёлах партызаны стварылі 40 узброеных атрадаў самаабароны.  На тэрыторыі дзейнічаў Магілёўскі падпольны абкам партыі і абкам камсамола, штаб Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Магілёўскі і Клічаўскі падпольныя райкамы партыі і камсамола, іншыя ваенныя фарміраванні і органы грамадзянскай улады. У лясной друкарні выдаваліся падпольныя газеты: абласная “За Радзіму”, клічаўская “Голас партызана”.

У «партызанскай сталіцы» – Усакіна дзейнічае мемарыяльны комплекс.

1969 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса «Хатынь».

Ён паўстаў на месцы знішчанай 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі нямецкімі карнымі падраздзяленнямі пры ўдзеле 118-га паліцэйскага батальёна вёскі Хатынь.

Комплекс “Хатынь” – ушанаванне памяці аб спаленых разам з жыхарамі 186 беларускіх весак, якія не аднавіліся пасля вайны, аб ахвярах 66 найбуйнейшых лагераў (з 270) смерці і месцаў масавай загубы грамадзян, аб 433 вёсках, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.

Аўтары: скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін.  Ленінская прэмія 1970 года.

1965 год. Нарадзілася Людміла Рублеўская (Шніп).

Беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва». 

Аўтарка папулярнай серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Яе гісторыяцэнтрычныя творы параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Ул. Караткевіча.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Лукашэвіч.

Беларускі гісторык, картограф. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Даследчык ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, Расіі і Польшчы XVIII-пачатку XX стагоддзяў, аўтар прац па вайне 1812 года,  1-й сусветнай вайны.

1994 год. Памёр Барыс Сачанка (1936-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар больш за 20 кніг.

У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

1996 год. Памёр Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны прааваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам  «Літаратура і мастацтва», «Вясёлка».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак  для дзяцей,  п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

2005 год. Памёр Яўген Ціхановіч (1911-2005).

Беларускі мастак мастак і мемуарыст. 

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

2016 год. У Бабруйску ўсталяваны помнік Эфраіму Севеле (Яфім Драбкін, 1928-2010).

Беларускі, рускі, амерыканскі, ізраільскі пісьменнік, акцёр, кінарэжысёр і сцэнарыст.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1928 года ў Бабруйску ў сям’і кадравага афіцэра, пасля – трэнера па класічнай барацьбе. Падчас вайны з маці і малодшай сястрой паспеў эвакуіравацца з Бабруйска, аднак падчас бамбёжкі быў скінуты выбуховай хваляй з платформы цягніка. Бадзяжнічаў, у 1943 стаў «сынам палка» і з артпалком дайшоў да Германіі. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Скончыў БДУ, працаваў карэспандэнтам газеты “Моладзь Літвы”, затым пераехаў у Маскву. Дэбютаваў кінасцэнарыем да карціны “Нашы суседзі”, знятай на “Беларусьфільме” ў 1957 годзе.

Пад псеўданімам Севела ўпершыню быў згаданы як адзін са сцэнарыстаў фільма «Пакуль не позна» (Літоўская кінастудыя). Пад ім жа напісаў сцэнарыі да камедыйных фільмаў на франтавую тэматыку, у тым ліку «Моцны арэшак» (1967) і «Годны да нестраявой» (1968, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр).

У 1971 годзе высланы з СССР. У 45 гадоў, праз два гады пасля прыезду ў Ізраіль, удзельнічаў у вайне Суднага дня, і на другі дзень вайны «падбіў з савецкай „базукі“ два танкі Т-54 і супрацьтанкавую гармату», быў паранены. 

У 1977-1990 гадах жыў у ЗША, часта выязджаў працаваць у Лондан, Заходні Берлін, Парыж. У Парыжы  напісаў кнігу апавяданняў «Легенды Інваліднай вуліцы» (пра даваенны Бабруйск, бабруйчан). 

Да кінематографа зноў звярнуўся ў 1986 годзе, зняўшы ў Польшчы фільм «Калыханка», які складаецца з трох лірычных кінанавел, аб’яднаных тэмай жыцця ў гета падчас Другой сусветнай вайны.

З 1990 года жыў у Расіі, паставіў пяць фільмаў па ўласных сцэнарах – “Папугай, які гаворыць на ідыш”, “Ноеў каўчэг” і іншыя.  У 1995 годзе зняў свой апошні аўтадакументальны фільм «Госпадзе, хто я?».

Памёр 18 жніўня 2010 года ў Маскве.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.

Дзень у гісторыі. 28 верасня. Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства. Гадавіна бітвы пры Лясной. Хуанхэ забрала жыцці 900 тысяч чалавек. Трагедыя на пароме “Эстонія”. Гадавіна Першай Усебеларускай канферэнцыі, падпісання Пакта Молатава – Рыбентропа. Дзень нараджэння беларусіста Анджэя Цеханавецкага, дзяржаўнага дзеяча Мечыслава Грыба. День памяці заснавальніка беларускага тэатра Уладзіслава Галубка, скульптара Сяргея Селіханава

Сусветны дзень барацьбы супраць шаленства. 

Устаноўлены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы распаўсюджвання шаленства і яго наступстваў.

Штогод у свеце шаленства забірае жыццё 55 тысяч чалавек. 

Звыш 10 млн. чалавек у свеце кожны год атрымліваюць розныя пашкоджанні ад жывёл.

У Беларусі штогод рэгіструюцца да 600 выпадкаў шаленства сярод дзікіх, хатніх і сельскагаспадарчых жывёл. 

За 6 месяцаў 2022 года, паводле даных эпідэміялагічных служб, у відавой структуры жывёл, якія захварэлі на шаленства на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, найбольшая доля прыпадае на дзікіх жывёл – 70,8% (лісіцы -49,1%, янотападобны сабака – 14,5%, воўк 3,6%).

На долю сельскагаспадарчых жывёл – 14,5% (у тым ліку буйную рагатую жывёлу-12,7%). 

На долю хатніх (сабакі і каты) прыпадае 12,8%, безнаглядных жывёл – 1,9%.

1708 год. Адбылася бітва пры Лясной пад Прапойскам (сёння – Слаўгарад). 

Саюзныя Рэчы Паспалітай рускія войскі разбілі шведаў пад  час Паўночнай вайны (1700-1721). 

Пётр І назваў гэтую перамогу “маці Палтаўскай баталіі”. 

Гэта другая буйная бітва паміж спаборнікамі на тэрыторыі Беларусі, другая са станоўчым вынікам для рускіх войск. 

Да гэтага 10 верасня 1708 года адбылася бітва пры сяле Добрае каля Маляцічаў пад Мсціславам, якая не прынесла бакам перамогі, але і не адбылося традыцыйнай дагэтуль паразы рускіх.

1887 год. У Кітаі загінула 900 тысяч чалавек і каля двух мільёнаў засталіся без прытулку ў выніку затаплення 130 000 квадратных кіламетраў водамі найбуйнейшай ракі Хуанхэ. 

На працягу многіх дзён у правінцыі Хэнань ішлі праліўныя дажджы, вада ракі прарвала дамбы і змяніла рэчышча. Яна распаўсюдзілася па ўсёй паўночнай частцы Кітая, затапіўшы сотні гарадоў і вёсак.

1921 год: У Празе скончылася Першая Усебеларуская канферэнцыя (25-28 верасня) – сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з Заходняй Беларусі, Латвіі, Літвы, Германіі, Чэхаславакіі.

Быў ухвалены прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. 

Ворагамі беларускага народа былі названыя ўсе, хто прызнае Рыжскі мірны дагавор. 

Адзіным заканадаўчым органам Беларусі прызнана Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Удзельнічала 37 чалавек, у тым ліку К. Дуж-Душэўскі, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла, В. Захарка, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, А. Цвікевіч, Б. Тарашкевіч, Л. Дубейкаўскі і іншыя.

1939 год. У Маскве міністры замежных спраў СССР і Германіі В. Молатаў і Іаахім фон Рыбентроп падпісалі нямецка-савецкі Дагавор аб дружбе і мяжы СССР і Германіі. 

Ён замацаваў тэрытарыяльны падзел Польшчы. 

Да дамовы прыкладалася некалькі сакрэтных пратаколаў, якія замацоўвалі зоны цэнтральна-еўрапейскіх “сфер інтарэсаў”.

1924 год. Нарадзіўся Анджэй Цеханавецкі

Польскі навуковец, беларусіст, брытанскі грамадска-культурны дзеяч. 

Заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве. 

Нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх.

У Цюбінгенскім універсітэце абараніў дысертацыю, прысвечаную слонімскаму тэатру.

Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго „сядзіба музаў“ у Слоніме».

1938 год. Нарадзіўся  Мечыслаў Грыб

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. 

Генерал-лейтэнант міліцыі — першы ў Рэспубліцы Беларусь (1993).

Пад яго старшынствам 15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (з 1999).

1937 год. Пайшоў з жыцця Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928). 

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. 

Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч. 

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

1976 год. Памёр Сяргей Селіханаў. 

Беларускі скульптар. Класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. 

Народны мастак БССР. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, побач з Заірам Азгурам, Андрэем Бембелем і Аляксеем Глебавым. 

Найбольш вядомы яго помнікі Канстанціну Заслонаву ў Оршы, Марату Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

У яго гонар усталяваны мемарыяльныя шыльды ў Віцебску і Мінску.

1994 год. Падчас шторму ў водах Балтыкі блізу фінскага вострава Уце затануў грузапасажырскі паром “Эстонія”. 

Рабіў рэйс паміж Талінам і Стакгольмам. 

Гэта найбуйнейшая катастрофа ў Балтыйскім моры, у выніку якой загінулі 852 чалавекі, выратаваліся 137. 

Паром, пабудаваны ў 1980 годзе ў Германіі, быў разлічаны на 2 тысячы пасажыраў і 460 легкавых машын. 

Прычынай катастрофы сталі канструктыўныя недахопы парома, занадта вялікая хуткасць судна і моцны шторм.