Дзень у гісторыі: 29 жніўня. Ад маскоўцаў вызвалены Полацк. Беларуская мова перастала быць моваю справаводства. Нарадзіліся: даследчык беларускага адраджэння Уладзімір Казбярук і амерыканскі спявак Майкл Джэксан. Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў і Арэхавы спас

1579 год. Вызвалены Полацк ад войск маскоўскага цара Івана Жахлівага.

Вызваленнем з-пад маскоўскай акупацыі кіраваў Стэфан Баторы. Пад уладай чужынцаў горад знаходзіўся 16 гадоў і страціў большую частку насельніцтва. Заняпаў.

1696 год. Моваю дзяржаўнага справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім замест русінскай (беларускай) зацверджаныя польская і лацінская.

Такую пастанову прыняў канфедэрацыйны сойм Рэчы Паспалітай.

З гэтага часу ўсе рашэнні мелі складацца на польскай мове; усе ранейшыя акты, запісы, рашэнні і паказанні захоўвалі сваю сілу.

Канфедэрацыйны сойм пастановаю «Юрыдычнае ўраўнаванне» шляхецкіх саслоўяў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай ураўнаваў правы шляхты Беларусі з правамі польскай шляхты. Адзін з пунктаў дакументу закранаў мову. Беларуская шляхта заплаціла за падвышэнне статусу адыходам ад сваёй мовы.

Беларуская мова ў Рэчы Паспалітай страціла статус дзяржаўнай мовы, што ў перспектыве прывяло да яе заняпаду.

1923 год. Нарадзіўся Уладзімір Казбярук.

Літаратуразнаўца.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры, беларускага нацыянальнага адраджэння, утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, жыцця і літаратурнай дзейнасці Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Алеся Гаруна.

1934 год. Нарадзілася Тамара Мушынская.

Педагог, літаратуразнаўца.

Працавала ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Аўтар 6 кніг і звыш 60 артыкулаў па методыцы выкладання літаратуры.

Суаўтар 16 падручнікаў па рускай літаратуры для сярэдняй школы, шэрагу дапаможнікаў для настаўнікаў рускай і беларускай літаратуры, хрэстаматыяў.

1958 год. Нарадзіўся Майкл Джэксан.

Амерыканскі поп-спявак, танцор.

Дасягнуў міжнароднай вядомасці ў 11 гадоў, як вакаліст дзіцячай групы Jackson 5.

Адзін з самых камерцыйна паспяховых сольных артыстаў у гісторыі. Яго называюць «Каралём поп-музыкі».

Уладальнік 19 прэміяў «Грэмі». Яго імя двойчы занесена ў Залу славы рок-н-ролу, як сольнага выканаўцы і як удзельніка Jackson 5.

1974 год. Сутыкнуліся два ваенных верталёты Мі-4 пад Ружанамі.

Абодва верталёты праз памылкі лётчыкаў абрынуліся на зямлю ў раёне месца для бомбакідання, усе 6 членаў экіпажаў загінулі.

2014 год. Памёр Канстанцін Шаранговіч.

Мастак-графік, педагог.

Выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў.

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік салону-галерэі «ГАЛ-творчасць».

Працаваў у галіне кніжнай і станковай графіцы, жывапісу.

Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў (International Day Аgainst Nuclear Tests).

Адзначаецца ад 2009 году. Зацверджаны Генеральнай асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля актывізавання намаганняў у справе спынення ядзерных выпрабаванняў, як неабходнай умовы для стварэння бяспечнага свету.

Трэці Арэхавы Спас. 

Па ім дазвалялася збіраць лясныя арэхі – ляшчыны. У гэты дзень пяклі боханы з новага ўраджаю збожжа. Напярэдадні чысцілі крыніцы і студні.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў