Дзень у гісторыі. 17 чэрвеня. Выратавальнік Еўропы Я. Сабескі. Статуя Свабоды. “Астравы Дулебы”. Акупацыя Латвіі і Эстоніі СССР.

Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай (World Day to Combat Desertification and Drought, з 1995 года). 

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у сувязі з гадавінай з дня прыняцця Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем (1994).

Чвэрць сушы на планеце знаходзіцца пад пагрозай апустыньвання. Гэта пагроза для крыніц сродкаў існавання звыш за 1 мільярд чалавек больш як у 100 краінах.

Апустыньванне – адзін з найболей трывожных сусветных працэсаў дэградацыі навакольнага асяроддзя. 

Пад засухай разумеюць працяглы і значны недахоп ападкаў, які адбываецца пры падвышанай тэмпературы і паніжанай вільготнасці паветра. Засуха прыводзіць да памяншэння запасаў вільгаці ў глебе, што, у сваю чаргу, прыводзіць да зніжэння ці гібелі ўраджаю. 

1696 год. Пайшоў з жыцця Ян Сабескі (1629-1696).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674-1696).

Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт, падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы, ведаў італьянскую, лацінскую, нямецкую, татарскую і французскую мовы.

Удзельнічаў у пасольстве ў Асманскую імперыю, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы, Швецыі, супраць казакоў Б. Хмяльніцкага. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў бітве пад Хоцімам (1673).

Правёў радыкальную рэформу ва ўзбраенні і арганізацыі войска.

У 1683 годзе, калі турэцкая армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска аўстрыйскага імператара і германскіх князёў (агулам 70 000), якое 12 верасня разграміла асманаў.  У выніку гэтага, Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

Увайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

1848 год. Памёр Максімільян Станіслаў Рыла (1802-1848).

Філосаф, археолаг, арыенталіст, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы

Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў Віленскім, Грыгарыянскім (Рым) універсітэтах. Прафесар філасофіі. 3 1833 года святар.

Упершыню даследаваў руіны старажытнага Вавілона і ахвяраваў музею Ватыкана багатую калекцыю археалагічных знаходак. У 1837 абраны ў Папскую археалагічную акадэмію і Арыенталагічнае таварыства Францыі. 

Адкрыў у Бейруце Каталіцкую акадэмію, якая была пераўтворана ў Бейруцкі ўніверсітэт Святога Іосіфа. У 1841-1843 гадах на Мальце надрукаваў каментарыі да выдання заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы «Духоўныя практыкаванні». 

Быў рэктарам Рымскага калегіума, апостальскім вікарыям Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме (Судан).

1882 год. Нарадзіўся Павел Вент (1882-1971).

Беларускі, чэхаславацкі вайсковы дзеяч

Скончыў Маскоўскі 3-ці кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артвучылішча, ваенныя электратэхнічную, аўтамабільную школы, Акадэмію Генеральнага штаба.

Прайшоў шлях ад унтэр-афіцэра да капітана рускай арміі.

З’яўляўся начальнікам штаба арміі БНР, фарміраваў дывізію БНР у Адэсе (1918), генерал-маёр беларускага войска.

У Адэсе перайшоў на бок камуністаў і стаў фарміраваць 1-ю беларускую брыгаду, але ў маі 1919 года пад час антыбальшывіцкага паўстання Н. Грыгор’ева, далучыўся з брыгадай да паўстанцаў.

Пасля Адэсы быў саветнікам місіі БНР у Парыжы, Эстоніі, Латвіі, саветнікам Генеральнага штаба літоўскай арміі, удзельнічаў у распрацоўцы аператыўных планаў для беларускіх часцей.

З ліпеня 1921 года паступіў на службу ў армію Чэхаславакіі. Падпалкоўнік Генштаба.

З 1942 года сябра Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.

Памер у 1971 годзе, пахаваны на Вышаградскіх могілках.

1882 год. Нарадзіўся Ігар Стравінскі (1882-1971).

Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.

Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».

Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты,  балетаў («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), опер, песень. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.

Памёр 6 красавіка 1971 года, пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.

1885 год. У Нью-Ёрк прыбыў дар французскага народа Злучаным Штатам Амерыкі – статуя Свабоды.

Гэта падарунак да 100-й гадавіны амерыканскай рэвалюцыі. Праўда, прыбыў са спазненнем на 10 гадоў.

Для перавозкі на борце французскага парахода “Ізеры”, статую разабралі на 350 частак і запакавалі ў 214 скрыняў. Яе правая рука з паходняй, што была скончана раней, ужо экспанаваліся на Сусветнай выставе ў Філадэльфіі ў 1876, а затым у Мэдысан-скверы ў Нью-Ёрку.

Статую сабралі на яе новым фундаменце за 4 месяцы. Урачыстае адкрыццё статуі з выступленнем прэзідэнта ЗША Гровера Кліўленда адбылося 28 кастрычніка 1886 года.

1907 год. На з’ездзе ў Вільні створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі.

Палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнага кірунку, якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-кансерватыўныя лозунгі.

З прапановай стварэння партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолагаў «краёвасці» Раман Скірмунт (1868-1939). Партыя патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і палітычнае роўнасці нацыянальнасцяў, краёвага самакіравання.

Лозунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра разьвіццё «краю» не будзе супярэчыць культурна-нацыянальнай працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэнне ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі».

Э. Вайніловіч, 1910.

1938 год. Расстраляны ўраджэнец в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна Аркадзь Смоліч (1891-1937).

Беларускі навуковец, палітычны і грамадскі дзеяч.

Адзін з заснавальнікаў БНР. Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Першы беларускі прафесар геаграфіі, член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.

Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.

Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 2-е выд. 1922; 3-е выд. 1923).

Рэпрэсаваны ў 1930 годзе. Расстраляны ў Омскай турме.

1940 год. Савецкія войскі акупавалі Латвію і Эстонію. Дзень савецкай акупацыі.

У ноч на 15 чэрвеня 1940 года савецкія памежныя войскі атакавалі латвійскіх памежнікаў, 17 чэрвеня савецкія войскі ўвайшлі ў Латвію і Эстонію, на талінскім рэйдзе ўсталі караблі Балтыйскага флота. Быў высаджаны марскі дэсант і фактычная ўлада ў краінах перайшла да амбасадаў СССР пад кантролем якіх былі сфарміраваны новыя органы ўлады і забяспечана далучэнне Латвіі і Эстоніі да СССР.

СССР акупавалі дзве незалежныя краіны на падставе нібыта таго, што ўрады Эстоніі і Латвіі быццам бы парушылі пакт аб ненападзе 1932 года і пакт аб узаемнай дапамозе 1939 года, уключыўшы ў эстонска-латвійскі ваенны саюз Літву.

Савецкімі ваеннымі ўладамі былі забаронены народныя сходы, у насельніцтва на працягу 24 гадзін была канфіскавана зброя.

Уваход савецкіх акупацыйных войск у Рыгу.

1954 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Барыс Мікуліч (1912-1954).

Беларускі пісьменнік, празаік, крытык.

Член бабруйскага філіяла «Маладняка», працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У Мінску працаваў у Дзяржвыдавецтве, у газеце «Літаратура і мастацтва», у Інстытуце журналістыкі.

Да 1936 года выдаў 7 мастацкіх кніг, шэраг апавяданняў, аповесцей, рэцэнзій, аглядаў тэатральнага рэпертуару.

Зведаў нападкі на свае творы. Арыштаваны ў лістападзе 1936 года,  асуджаны  за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў сібірскіх лагераў.

Пасля вызвалення ў 1946 годзе пераехаў у Ашгабад да сястры, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. Тут ён напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» з задуманай эпапеі пра вайну 1812 года, пісаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў.

З 1947 года без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь, жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. Працаваў у бабруйскай бібліятэцы.

Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 года, высланы ў Сібір на вечнае пасяленне.

Памёр у с. Машукоўка Краснаярскага края.

Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959 годзе. Напісаў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920-1950-я, пра сваё жыццё ў лагерах і турмах.

1998 год. У межах Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Астравы Дулебы”.

Месціцца на былым ваенным палігоне, плошча ў 26 600 гектар. Мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.

Назва заказніка нагадвае пра старажытных дулебаў-славян, якія жылі ў VI-X стагоддзях. Ян Длугаш паведамляў легендарную версію паходжання назвы племя ад імя князя Дулеба, чыё племя стала звацца дулебамі. Былі і іншыя  князі, а менавіта Радзім і Вятка, адзін з якіх, Радзім, застаўся на Сожы, другі, Вятка, – асеў на Ацэ, даўшы свае імёны землям і народам: ад Радзіма – радзімічы, ад Вяткі – вяцічы. Славяне, якія аселі па Бугу, назваліся дулебамі, пасля яны сталі звацца валынянамі, лучанамі.

Заказнік уяўляе сабой адзін з нямногіх лесабалотных масіваў на ўсходзе краіны, на водападзеле Друці і Ольсы. Ядро заказніка складаюць балоты Дулебскае і Вялікае, адкуль бярэ пачатак цэлы каскад рэк, месцяцца рэшткавыя азёры.

Лясы займаюць амаль 85% тэрыторыі, пераважаюць хвойнікі. Балоты займаюць 16% тэрыторыі. У заказніку прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы балот тайгі. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 15 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Фауна наземных пазваночных жывёл налічвае 192 віды.

2011 год. У Магілёве адчынена мемарыяльная дошка ў гонар Канстанціна Бахановіча (1931-2007).

З’явілася на адміністрацыйным будынку Магілёўскай абласной бальніцы ў памяць аб беларускім ўрачы-гігіенісце, арганізатары сістэмы аховы здароўя, заслужанага ўрача Беларусі, заснавальніку і першым галоўным урачы абласной бальніцы (на працягу 27 гадоў).

Пры яго ўдзеле была ўведзены ў эксплуатацыю бальніца на 1100 ложкаў з 20-цю спецыялізаванымі аддзяленнямі, паліклінікай на 500 наведванняў за змену і арганізацыйна-метадычны цэнтр.

Аўтар дошкі – скульптар А. Вараб’ёў.

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.