Дзень у гісторыі. 27 сакавіка

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.