Наведванне папраўчай установы праводзяць для выпрацоўкі законапаслухмянасці ў маладых людзей.
Як піша «Веснік Магілёва», навучэнцаў каледжа мастацтваў і каледжа сферы абслугоўвання адправілі на гадзіну ў магілёўскую турму №4. Калі навучэнцы каледжаў зайшлі на тэрыторыю турмы, яны сталі падпарадкоўвацца ўнутраным правілам установы: мусілі здаць на захоўванне тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы, пашыхтавацца ў шэраг і прадэманстраваць змесціва кішэняў. На пэўны час дзверы папраўчай установы для маладых людзей зачыніліся.
Навучэнцаў,з якімі ў іх установах адукацыі праводзіцца індывідуальная выхаваўчая работа, азнаёмілі з побытам зняволеных, далі магчымасць пагутарыць з равеснікам, асуджаным за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, бо менавіта такія злачынствы ў апошнія гады лідзіруюць сярод моладзі.
Па меркаванні намесніка пракурора Магілёва Яўгена Фурманава, падобныя мерапрыемствы – адзін з дзейсных спосабаў прафілактыкі. Па словах Фурманава мэта такіх “экскурсій” – стымуляванне маладых людзей быць законапаслухмянымі і ўсведамляць адказнасць за свае ўчынкі.
У 2022 годзе турму № 4 г. Магілёва наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада.
Партал Booking.com апублікаваў топ-10 самых гасцінных гарадоў свету. Клайпеда ў гэтым рэйтынгу займае ганаровае 5-е месца.
Здавалася б, што аб’ядноўвае Клайпеду з тым жа шматмільённым Мехіка? 232 мільёны апытаных падарожнікаў сцвярджаюць, што менавіта тут турыстам рады, як нідзе ў свеце. І відавочна, што галоўны сакрэт гасціннасці – у мясцовых жыхарах.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
“Горад”, “Мора” і “Лес” – тры асноўныя восі партовага горада. І старая, і новая візуальная ідэнтычнасць сканструяваны на гэтай аснове – мяркуе мясцовы экскурсавод Крысціна Садаўскене, аўтар кнігі «Альтэрнатыўны клайпедскі гід».
Крысціна Садаўскене. Фота: Паўлюс Садаўскас
Што прыцягвае замежных турыстаў ў Клайпедзе, што могуць наведаць у горадзе магілёўцы.
Самыя наведвальныя аб’екты Клайпеды: узмор’е Куршскага заліва Балтыйскага мора, порт, Тэатральная плошча, паруснік «Мерыдыянас», Стары горад з яго скульптурамі, архітэктурай, гарадзішчам. Літоўскі марскі музей, Музей гісторыі Малой Літвы з яго філіяламі, гарадскі парк адпачынку, вуліца Саламеяс – з мноствам дрэў, хмызоў, кветак, разнастайнасцю будынкаў розных архітэктурных стыляў, са старым будынкам былой настаўніцкай семінарыі (цяпер – факультэт сацыяльных і гуманітарных навук Клайпедскага ўніверсітэта). Наогул у горадзе аддаюць перавагу “павольнаму” турызму.
Фішка гарадскіх экскурсій.
У горадзе экскурсаводы імкнуцца не абмяжоўваюцца толькі афіцыйным бокам гісторыі, культуры, эканомікі Клайпеды, а дзяліцца з гасцямі і асабістымі гісторыямі гараджан аб іх месцах першага спаткання, аб дварах дзяцінства, сямейных кутках адпачынку, бо ў горадзе лічаць, што без асабістых гісторый горад – толькі дэкарацыя.
Горад – гэта людзі, а не толькі будынкі, дрэвы, музеі, гістарычныя разваліны, могілкі.
Турыстам тут даюць пэўны набор фактаў, дат, архітэктурных стыляў, якія ажываюць у сувязі з рэальным жыццём гараджан, даюць гасцям магчымасць адчуць чалавечую сувязь з месцам.
Немалаважную ролю на экскурсіі адыгрывае гід – пасол свайго горада і краіны. Быць гідам – гэта не толькі задавальненне, але і вялікая адказнасць.
Менш бюракратыі, больш жыцця.
У Клайпедзе максімальна давяраюць культурнай і творчай супольнасці горада ў стварэнні адкрытых цэнтраў прыцягнення. Тут карыстаюцца правілам: менш бюракратыі, больш жыцця.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Для пенсіянераў паездку ў Нясвіж арганізавалі ўнукі. У сваім лісце яны адзначалі, што наведванне знакавай для Беларусі мясціны для дзядулі і бабулі было падарункам да залатога юбілею іхнага шлюбу.
Ідэю паехаць туды падказалі самі старыя, адзначана ў допісе.
«У сваіх аповедах бабуля і дзядуля не раз наракалі, што пражыўшы доўгае жыццё далей Мінску не выязджалі. Ды і паездка ў сталіцу, па іх словах, не была прагулкай. Там былі справы», – тлумачаць аўтары ліста.
Унукі здымалі тое, што найбольш падабалася іх родзічам у Нясвіжы. Серыю фотаздымкаў даслалі Магілёў.media. Чытачы не назвалі імёнаў ні сваіх, ні бабулі з дзядуляй. Выбачылі, што сярод фотаздымкаў няма фота са «сваімі старымі», бо тыя не пажадалі таго.
Па словах аўтара ліста яны «проста хочуць, каб прыгажосць Нясвіжу пабачылі тыя хто ў ім не бываў».
У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.
Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы – помнік архітэктуры XVI–XVIII стагоддзяў. Заклаў яго князь Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка». У XVI–XX стагоддзях замак быў рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў.
Род Радзівілаў не меў сабе роўных у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага па колькасці знаных палітычных, царкоўных, ваенных і культурных дзеячаў.
Палацава-паркавы ансамбль размешчаны на паўночным усходзе Нясвіжа, у акружэнні сажалак ракі Уша.
Замак стаіць на востраве, створаным ракой Уша, ставамі і ровам. Акружаны валам з бастыёнамі па кутах. Меліся і падземныя хады.
На тэрыторыі комплексу сам замак, замкавыя ўмацаванні, а таксама вялікі ландшафтна-пейзажны парк.
Ландшафтныя паркі Нясвіжа – культурна-гістарычны здабытак, адмысловая з’ява ў паркавым дойлідстве Беларусі.
Нясвіжская ратуша з’яўляецца найстаражытнай сярод пабудоў гарадскога самакіравання, якія захаваліся ў Беларусі.
Нясвіжскі касцёл Божага Цела – першы помнік архітэктуры барока ва Ўсходняй Еўропы.
Янку Купалу натхніла легенда пра рамантычнага разбойніка Машэку на напісанне паэмы «Магіла Льва». Яна пабачыла свет у 1913 годзе. Такім чынам у творчасці класіка з’явіўся эпізод прысвечаны Магілёву.
Помнік Машэку ў выглядзе канаванай галавы
З мясцовага замчышча, якое гараджане і лічаць магілаю льва, экскурсаводы звычайна пачынаюць знаёміць гасцей з Магілёвам. На гары, якая ўзвышаецца над Дняпром, вандроўнік не знойдзе прыкметааўпадзякі Купалу за ўслаўленне гораду. Некаторыя сцвярджаюць, што тутэйшая скульптура ў выглядзе каранаванай галавы – помнік Машэку.
Штогод рупліўцы беларушчыны збіраюцца ля гэтай скульптуры, каб згадаць Янку Купалу, яго творчасці і паэму «Магіла льва». Чытаюць з яе ўрыўкі.
Вуліца Купалы заціснутая шматпавярхоўкамі
У Магілёве ёсць вуліца, названая ў гонар класіка беларускай літаратуры. Яна ў аддаленым кутку гораду, між завулкам Гогаля і вуліцай Кірава. Адшукаць гэтую мясціну не проста. Нават тутэйшыя жыхары не адразу падкажуць.
Вуліца Купалы – гэта заціснуты шматпавярхоўкамі прыватны сектар.На дзясятку дамоў прымацаваныя шыльды з імем літаратара. Мясцовыя жыхары кажуць, што выклікаючы хуткую дапамогу пазбягаюць згадваць, што жывуць на вуліцы Янкі Купалы, а паведамляюць пра Гогаля, ці Кірава. Так, хутчэй з медыкамі можна паразумецца, адзначаюць яны.
Бібліятэку назвалі імем Купалы, каб яно не згубілася
У 2016 годзе бібліятэцы імя Янкі Купалы выдзелілі новае памяшканне. З вуліцы будаўнікоў яна пераехала на праспект Дзімітрава.
«У горадзе была бібліятэка з імем Янкі Купалы. Месцілася яна ў заняпалым будынку. Яе зачынілі, і каб не згубілася імя, яго вырашылі надаць нашай бібліятэцы», – гаварылася на адкрыцці чытальні.
Не хапае настойлівасці
Гэтая бібліятэка на некалькі гадоў стала асяродкам адзначэння дня народзінаў Янкі Купалы. Акрамя імпрэзаў з музыкай і вершамі былі тут і дыскусіі.
«Магілёўцам не хапае настойлівасці, каб ушанаваць імя Янкі Купалы», – такая думка прагучала на першых Купалаўскіх чытаннях, якія правяла згаданая бібліятэка. Тое было ў 2017 годзе.
«Была цудоўная ініцыятыва паставіць помнік Янку Купалу, але, на жаль, ні ў Саюзу беларускіх пісьменнікаў, ні ў Саюзу пісьменнікаў Беларусі ды іншых арганізацый не хапіла настойлівасці, каб давесці справу да канца, – гаварыў адзін з удзельнікаў дыскусіі. – Трэба не проста заявіць пра жаданне, а яшчэ вызначыцца з месцам, дзе бачыцца такі помнік, як ён будзе выглядаць. Таму я лічу, што ў Магілёве не хапае настойлівасці саміх магілёўцаў у справе ўшанавання памяці Янкі Купалы».
Падчас дыскусіі заяўлялася, што Магілёў, якому Янка Купала прысвяціў паэму «Магіла льва», на пачатку ХХ стагоддзя быў самым беларускім.Адзначалася, што грамадскасці варта падумаць, што зрабіць, каб у Магілёве зʼявілася Купалава аблічча.
Прапаноўвалася тады паставіць помнік на Замчышчы. 10 гадамі раней па магілёве курсаваў тралейбус Янкі Купалы.
У магілёўскім Музеі этнаграфіі прадстаўленая маштабная экспазіцыя гарадскога і сялянскага жыцця беларусаў. Імпрэзы да «Ночы музеяў» рыхтавалі і ў ім. Перлінай стала экскурсія з ліхтарыкамі па начным горадзе.
Музей сустрэў наведнікаў «жывымі» манекенамі ў строях часу з якога яны перанесліся да нас. Выглядалі “госьці з мінулага” па сучаснаму элегантна і экспазіцыя з ім была маляўнічай.
Тэатралізаваныя пастаноўкі і вернутая з небыцця батлейка, якая заўжды выклікае ў наведнікаў інтарэс, не заставаліся без іхнай увагі.
Яны завіхаліся над старажытнымі прычоскамі, рабілі керамічныя збанкі, працавалі над выцінанкамі.
З дапамогай відэаролікам ім распавядалі і вучылі гатаваць традыцыйную ежу.
Праграма «Ночы музеяў» поўнілася квэстам па музейных экспанатах. Наведнікаў дзівілі ўсходнімі танцамі…