Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ілля Давыдзенка, Марына Маркевіч, Ганна Кісялёва, Віктар Хімарод, Максім Мацулевіч

Асуджаныя.

Давыдзенка – 3 гады калоніі;

Маркевіч – 2,5 гады;

Кісялёва – 1,5 гады;

Хімарод – 1,5 гады;

Мацулевіч – 1,5 гады.

Паводле праваабаронцаў, суддзя Сяргей Кацар абвінаваціў іх у «абразе Лукашэнкі», а Іллю Давыдзенка і Марыну Маркевіч яшчэ і ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Усе асуджаныя праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі. На абвяшчэнні прысуду яны былі ў кайданках і іх суправаджалі шасцёра канваіраў.

Нагодаю для пераследу стала спаленне пудзіла і ўдзел у пратэстах.

Павел Наздра

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Нагодаю для пераследу стала перасыланне аднаму з тэлеграм-каналаў інфармацыі аб перасоўванні расійскіх войскаў у Мазыры.

Справу на Наздру разглядаў Гомельскі абласны суд. На працэсе старшынявала суддзя Людміла Грынько.

Праваабаронцы пішуць, што Павел Наздра – экалагічны актывіст з Мазыру, быў затрыманы 11 мая і ўтрымліваўся да суду пад вартаю.

Міхаіл Макараў, Вікторыя Гулькова

Асуджаныя на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы пішуць, што сілавікі апублікавалі «пакаянае відэа» з адвакатам Макаравым. У ім ён кажа, што «зліваў дадзеныя экстрэмісцкаму фармаванню» і ўступіў у «план »Перамога«.

Пазней на праўладным канале з’явіўся запіс з затрыманымі адвакатамі Вікторыяй Гульковай і Настай Сагановіч.

Дзмітрый Семчанка

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, пра зняволенне былога тэлевядоўцы і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ стала вядома ад яго жонкі.

Семчаенка ў верасні 2020 года адседзеў 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

«Лічым неабходным». Мінкульт узяўся дзяліць беларускіх дзеячаў на сваіх і чужых

Міністэрства культуры патрабуе ад выканаўчай улады на месцах папярэдне ўзгадняць, чыймі імёнамі тыя збіраюцца называць установы культуры. Адпаведны дакумент ведамства разаслала аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму. Зварот да чыноўнікаў складзены на рускай мове, датаваны 2 жніўня і падпісаны міністрам культуры Анатолем Маркевічам.

«У мэтах прыняцця ўзгодненых, абгрунтаваных рашэнняў аб прысваенні ўстановам культуры імёнаў выбітных дзеячаў, знаных людзей, Міністэрства культуры лічыць неабходным пры папярэднім разглядзе пытання накіроўваць на ўзгадненне адпаведныя прапановы ў Міністэрства культуры» – гаворыцца ў дакуменце.

Дакумент быў дасланы чытачом аднаму з інтэрнэт-выданняў. Атрымаць каментар аб яго сапраўднасці і падставах для з’яўлення ў Міністэрстве не ўдалося. Адсутнічае ён і на сайце ведамства.

Зварот Мінкульту да чыноўнікаў выканкамаў выдадзены на фоне падзеяў, звязаных з намерамі надаць бібліятэцы ў Астраўцы імя Адама Мальдзіса. Мясцовы райвыканкам 24 чэрвеня пастанавіў назваць установу культуры ў гонар выбітнага дзеяча навукі і культуры. Потым у справу ўмяшаліся ідэолагі з Гродненскага аблвыканкаму. 29 чэрвеня Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы пастанавіла рашэнне райвыканкаму прыпыніць.

Адам Мальдзіс нарадзіўся ў Астраўцы. Ён аўтарытэтны навуковец, грамадскі і культурны дзеяч. У гістарычнай аповесці «Восень пасярод вясны», напісанай у 1984 годзе ён на аснове адной з легендаў Астравеччыны, звёў разам паўстанца Каліноўскага, літаратара Сыракомлю, актрысу Хэлену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў беларуска-польска-літоўскай гісторыі.

У 1991-2005 гадах Адам Мальдзіс узначальваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, ля вытокаў якой таксама стаяў.

Памёр сёлета на 89 годзе жыцця.

Фота з адкрытых крыніцаў у інтэрнэце