Дзень у гісторыі. 27 студзеня. Дзень памяці ахвяр Халакоста. Перамога над татарамі на Альшаніцы. Першая пастаноўка “Паўлінкі”. Абрушэнне даху школы ў Краснаполлі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста (International Holocaust Remembrance Day, з 2005 года)

Устаноўлены Генеральнай Асамблеі ААН і прымеркаваны да гадавіны вызвалення канцлагера  Асвенцым у 1945 годзе. 

Прысвечаны трагедыі Халакоста, якая адбылася падчас Другой сусветнай вайны і якая прывяла да гібелі 6 мільёнаў яўрэяў ад рук нацысцкага рэжыму.

Біблейскае слова «Халакост» азначае «усеспаленне» або «ахвяра ўсеспалення». Пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі, жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць габрэйскі народ.

Габрэі Магілёва, 1941 год.

1527 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў у бітве на рацэ Альшаніцы. 

На прытоку Дняпра Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам, 7 000 коннікаў вялікага гетмана К. Астрожскага, палявога гетмана Я. Радзівіла, князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і іншыя дагналі войска татар у 24 000 чалавек на чале з царэвічам Малаем, разбілі іх і вызвалілі 80 000 палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць. 

Малай узяты ў палон, а потым забіты. 

Пасля гэтага Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

1880 год. Амерыканскі вынаходнік  Томас Эдысан запатэнтаваў электрычную лямпачку. 

Эдысан неяк заявіў: «Мы зробім электрычнасць гэтакай таннай, што толькі багатыя будуць паліць свечкі». 

Ягоная з Дж. П. Морганам кампанія Edison Electric Light да канца 1883 года выпускала 3/4 лямпаў напальвання ў ЗША. Каб заваяваць рынак, Эдысан усталяваў продажную цану лямпачкі 40 цэнтаў пры яе сабекошце 110 цэнтаў. 

Чатыры гады Эдысан павялічваў выпуск лямпачак, зніжаючы іх сабекошт, аднак трываў страты. Калі сабекошт лямпы зваліўся да 22 цэнтаў, а іх выпуск вырас да 1 мільёна штук, ён за адзін год пакрыў усе выдаткі. 

У 1892 годзе кампанія Эдысана з’ядналася з іншымі кампаніямі ў General Electric.

Эдысан атрымаў у ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, пабудаваў першыя электравозы, вынайшаў фанограф, прапанаваў выкарыстоўваць у пачатку тэлефоннай гутаркі слова «алё».

1904 год. Нарадзіўся Іван Чымбург. 

Беларускі філосаф, кандыдат філасофскіх навук. Рэктар БДУ.

Скончыў Слуцкую беларускую гтімназію, Саратаўскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варонежы, БДУ.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 годзе працаваў загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму БДУ, дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, рэктарам БДУ (1949-1952).

Пры яго рэктарстве была зачынена кафедра гісторыі БССР, адбылося аб’яднанне біялагічнага і хімічнага факультэтаў, некаторых кафедр, пераўтварэнне геаграфічнага факультэта ў геолага-геаграфічны, былі ўтвораны кафедры філасофіі і логікі (яе і ўзначаліў), эксперыментальнай фізікі, глебазнаўства, наладжана праца аспірантуры, навуковых экспедыцый, студэнцкміх навуковых таварыстваў.

У 1952-1970 гадах працаваў у Інстытуце філісофіі і права АН БССР, у Беларускім політэхнічным інстытуце, Мінскім педінстытуце.

Памёр у 1978 годзе.

1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». 

Была пастаўлена рэжысёрам  А.  Бурбісам у віленскім рабочым клубе «Сокал» сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў прысутнасці Купалы. 

Выканаўцай ролі Паўлінкі стала Соф’я Маркевіч (Маркевічанка).

На спектакль 1 лютага станоўча адгукнулася газета «Наша ніва».

1935 год. Нарадзіўся Зіновій Бабій. 

Беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў – Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

Памёр 27 ліпеня 1984 года ў Мінску. 

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Беняшэвіч. 

Гісторык царквы, візантыст, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай акадэмій навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. 

Працаваў прафесарам Пецярбургскага / Ленінградскага ўніверсітэта, галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі, рэдактарам перыёдыкаў “Памятники древнерусского канонического права”, “Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913”.

Склаў бібліяграфію па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. 

Арыштоўваўся ДПУ ў 1929, 1931 гадах, асуджаны да лагераў. 

Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе.

27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны. Расстраляны разам з двума сынамі і братам.

1955 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Саковіч. 

Беларускі пратэстанцкі святар, пастар заснаванай ім поўнаевангельскай царквы «Слова веры».

З 1970-х гадоў у Мінску займаўся падпольным распаўсюджаннем хрысціянскай літаратуры. 

Кіраваў Рэлігійным аб’яднаннем супольнасцяў хрысціян поўнага Эвангелля ў Рэспубліцы Беларусь (РАСХПЭ), ініцыяваў адкрыццё Біблейскага каледжа РАСХПЭ.

З’ехаў на лячэнне ў Дзюсельдорф, дзе і памёр 19 сакавіка 2015 года.

1973 год. Нарадзіўся Валянцін Бялькевіч. 

Беларускі футбаліст. 

У 1991-1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 1990-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.

Да кастрычніка 2005 года уваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі, за якую згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў, быў адным з лідараў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года.

У 2008 годзе атрымаў украінскае грамадзянства.

«Мозг» каманды, прыроджаны плэймейкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымлівалі велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле.

Адрозніваўся джэнтэльменскімі паводзінамі на полі. Абіраўся капітанам і віцэ-капітанам каманды.

Памёр 1 жніўня 2014 года ў Кіеве.

2004 год. У выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполле загінула 4 чалавекі. 

Трагедыя адбылася а 10:28 раніцы ў спартыўнай зале СШ №1 у  Краснаполлі: абрынулася сцяна, а за ёй і столь. Падчас трагедыі ў зале знаходзілася каля 40 чалавек. Загінуў настаўнік П. Любашэнка і трое вучняў.

Дах мог накрыць 250 чалавек.

Трохпавярховая школа была адкрыта ў 2002 годзе. Будаўніцтва было пачата ў 1988 годзе, але закансервавана на 11 гадоў з-за недахопу грошай.

На думку спецыялістаў, трагедыя можа быць вынікам памылкі праекціроўшчыкаў ці тых, хто праводзіў паўторную экспертызу будынка пасля кансервацыі.

Разбор даху школы ў Краснаполлі, 2004 год.

2003 год. Памерла Ніна Абрамчык (Ляўковіч). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменніца, паэтка, фалькларыстка.

Была членам Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, настаўнічала на Пружаншчыне.

З 1941 года жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, будучым Прэзідэнтам Рады БНР, потым у Парыжы. 

Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы, старшынёй Аб’яднання беларускіх жанчын у Францыі, у парыжскім Музеі чалавека. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «Мацярынскае жыццё», арганізаваным у 1947 годзе Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам.

У Германіі выдала «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Л. Геніюш, апрацавала і выдала ў 1942-1943 гадах кнігі «Беларусь у песнях», «Гісторыя Беларусі ў картах», «Калядныя песні», «Пад гоман вясёлы»

Аўтар вершаў, апавяданняў, даследаванняў па фалькларыстыцы і этналогіі, па гісторыі і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Пахавана ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа.