Дзень у гісторыі. 16 сакавіка

Дзень у гісторыі. 16 сакавіка. Катэхізіс Буднага. 1870 мм ападкаў за суткі. Выключэнне Расіі з Савета Еўропы. Нарадзіліся акцёр С. Міхоэлс, музыка М. Анемпадыстаў.

1562 год. Беларускі асветнік Сымон Будны (1530-1593) у Нясвіжы надрукаваў свой “Катэхізіс”.

Яго Катэхізіс перавыдаваўся 2 разы: у Стакгольме (1628), у Мінску (2005). Да 2005 года бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніка гэтай кнігі, а пазнаёміцца з ёй маглі толькі даследчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальная бібліятэкі і толькі з ксеракопіяй.

С. Будны – філосаф і гісторык, актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі, прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму. Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы. Акрамя Катэхізісу, выдаў Бібліію, Новы Запавет у перакладзе на старабеларускую і польскую мовы.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

Помнікі асветніку ўсталяваны ў Нясвіжы і ва ўнутраным дворыку БДУ (кампазіцыя «Дыспут: Цяпінскі і Будны»).

1757 год. Пад Прапойскам (зараз – Слаўгарад) нарадзіўся Восіп Казлоўскі.

Беларускі, польскі і расійскі кампазітар, арганіст. Класік рускай музыкі даглінкаўскай пары.

Вучыўся ў Варшаўскай капэле пры касцёле Святога Яна. Настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Агінскага, Караля Ельскага. Выдавец твораў Агінскага. Аўтар неафіцыйнага гімна Расійскай імперыі паланэза «Гром перамогі, гучы», «інспектар музыкі» імператарскіх тэатраў, фактычны кіраўнік музычнага і тэатральнага жыцця Пецярбурга.

Пасля 1819 года жыў у Прапойску, дзе працаваў кіраўніком хору і аркестра графа Мурамцава.

Аўтар музыкі да спектакля «Дажынкі ў Залессі», «Рэквіема» (на смерць караля С. Панятоўскага), аркестравых і фартэпіянных паланэзаў, песен-рамансаў, меладрам.

Ён наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы. Адзін з пачынальнікаў рускага раманса. Аўтар уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рускага праграмнага сімфанізму.

Памёр 11 сакавіка 1831 года.

З ушанаваннем памяці кампазітара на радзіме ўтварылася кур’ёзная сітуацыя: на мемарыяльнай шыльдзе замест яго партрэта размешчана выява яго аднафамільца – дыпламата, паэта, князя Пятра Казлоўскага (1783–1840).

1890 год. Нарадзіўся Саламон Міхоэлс (Воўсі).

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

Забіты ў Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі 13 студзеня 1948 года.

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 годзе была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку Рускага драмтэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1928 год. Застрэлены камуністамі Міхаіл Гурын-Маразоўскі (1891-1928).

Беларускі палітык, журналіст.

Скончыў Пскоўскі настаўніцкі інстытут, настаўнічаў. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, прапаршчык кавалерыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі, вучыўся ў Акадэміі Генштаба.

Рэдагаваў газеты «Белорусская деревня» і «Савецкая Беларусь». У 1921 годзе за крытыку Галоўпалітасветы БССР, пазбаўлены права абірацца на кіраўнічыя пасады, засланы на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь для падрыхтоўкі ўзброенага паўстання і далучэння да БССР. Але апынуўшыся на тэрыторыі Польшчы, парваў з кампартыяй і стаў пазбаўляць Кампартыю Заходняй Беларусі ад уплыву бальшавікоў. Пачаў ствараць сваю свабодную нацыянальную партыю, стаў падпольна выдаваць віленскую газету «Чырвоны сцяг».

На “працэсе 56-і” над лідарамі БСРГ даў паказанні супраць Б. Тарашкевіча і С. Рак-Міхайлоўскага.

Сябар, паэт Міхась Чарот лічыў Гурын-Мазароўскага смелым і парывістым дзеячам пачатку 1920-х гадоў і сцвярджаў, што той быў ініцыятарам таго, што ў Беларусі з’явіўся свой першы самалёт.

Застрэлены С. Клінцэвічам і А. Капуцкім пад час правядзення серыі палітычных забойстваў па рашэнні ЦК КПЗБ.

1943 год. Нарадзіўся Леанід Кучко.

Беларускі акцёр.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у тэатрах Магілёва, Мінска, Томска, Новасібірска, Бабруйска (1987-2018).

Вядомы гледачу па спектаклях: «Свае людзі – злічымся», «Лес», «Пучына» А. Астроўскага, «Выходзілі бабкі замуж», «Любіш? Не любіш?» Ф. Булякова, «Далей-цішыня» В. Дэльмара, «Добры чалавек з Сычуані» Б. Брэхта, «Страчаны лебедзь» Ю. Сохара, «Лісток на ветры» А. Дзялендзіка, «Прымакі» Я. Купалы, «Нерон» Ю. Сохара) і іншым.

Здымаўся ў расійскіх, беларускіх і сумесных праектах, сярод якіх фільмы і серыялы “Цёмная ноч”, “Чалавек вайны”, “Выклік”, “Дэтэктыўнае агенцтва “Іван ды Мар’я”, “Суд”.

Памёр 15 студзеня 2023 года. Пахаваны на могілках “Усходняе” ў Бабруйску.

1952 год. На востраве Рэюньён у Індыйскім акіяне прайшоў дождж з рэкорднай кольскасцю ападкаў.

За адны суткі (15-16 сакавіка) у мястэчку Кілаос дождж абрынуў на зямлю 1870 мм ападкаў. А за 5 дзён з 13 па 18 сакавіка гэтага года лівень праліў на зямлю 3854 мм, за сем дзён тут выпала 4110 мм ападкаў.

Увогуле, Рэюньён – уладальнік рэкордаў па моцных ліўнях.

28-29 лютага 1964 года тут быў адзначаны самы інтэнсіўны ў свеце 12-гадзінны лівень, калі выпала 1350 мм.

Для прыкладу, месячная норма ападкаў у Беларусі рэдка перавышае 100 мм.

1954 год. У Лондане заснавана Англа-беларускае таварыства.

Грамадская арганізацыя ўтворана членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі беларускай эміграцыі і англійскімі навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод грамадзян Каралеўства.

Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны ў Лондане таварыства з’яўляецца цэнтрам беларускага навукова-культурнага жыцця Вялікабрытаніі. У 1965-1988 гадах выпускала «Часопіс беларускіх даследаванняў», у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культурных праблемах жыцця беларускага народа.

3 1966 года арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі літаратуры і культуры Беларусі. Выдае кнігі беларускіх аўтараў на беларускай і англійскай мовах.

Прэзідэнтамі і Старшынямі Таварыства з’яўляліся вядомыя брытанскія палітыкі, даследчыкі. Зараз арганізацыю ачольвае філолаг-славіст, прафесар, папулярызатар беларускай літаратуры, уладальнік медаля 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Арнольд Мак-Мілін.

1964 год. Нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў.

Беларускі дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст, перакладчык. Сябра Беларускага ПЭН-клуба.

Удзельнік Беларускай Майстроўні.

Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках за мяжой і на Беларусі.

Адзін з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекта «Народны альбом» (1997, «альбом года»). Песні на яго вершы выконваюцца гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», Касяй Камоцкай.

Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z placu broni», «Perfekt», Марка Грэхуты.

У 2006 годзе  абраны «Чалавекам году» па версіі інтэрнэт-парталу «Tuzin.fm».

Памёр 23 студзеня 2018 года.

М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі.

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Давыдоўскі.

Беларускі музыкант, літаратар і журналіст.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускага рок-гурта «Мроя», стваральнік гурта «Вялікае Княства». 

Аўтар інфармацыйнага праекта «Сусветная служба Беларускай Маладзёжнай». Удзельнічаў у музычных і кнігавыдавецкіх праектах, тэматычна звязаных з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага.

Працаваў у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», Радыё «Рацыя», «Радыё Свабода».

Каардынатар парталаў «Вялікае Княства. Навіны» і «Вялікае Княства. Эліта».

2000 год. Памёр ураджэнец в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Павел Пруднікаў (1911-2000).

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.

У 15 гадоў разам з А. Пруднікавым стаў мясцовым школьным паэтам, дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газет. Так, у прыватнасці, калі быў знойдзены скарб старажытных манет у роднай вёсцы, напісаў рэпартаж у «Беларускаю вёску».

Працаваў на будаўніцтве шаўковай фабрыкі ў Магілёве, ў БелТА.

Рэпрэсаваны ў 1937 годзе. Некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх «Крыжах», потым да 1945 года быў у сібірскай ссылцы.

Вярнуўся да паўнацэннай літаратурнай дзейнасці толькі ў 1959 годзе і гэтую падзею  разглядаў як сваё другое нараджэнне.

Аўтар зборнікаў вершаў, выбраных твораў, кнігі для дзяцей «Заранка», кніг успамінаў аб беларускіх літаратарах, пачынаючы са Зм. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і канчаючы Іванам Мележам, у тым ліку якія загінулі на вайне ці падчас вялікага тэрору ў СССР, твораў на тэму сталінскіх рэпрэсій.

У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку.

2014 год. Пачатак новай хвалі істэрыі “Крымнаш” у сувязі з “рэферэндумам”, паводле якога Крым быў анэксіраваны Расіяй.

Сусветная супольнасць не прызнала рэферэндум легітымным. Нягледзячы на знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, Беларусь не прызнала Крым расійскім.

2022 год. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прагаласавала за выключэнне Расійскай Федэрацыі з Савета Еўропы за ваенную агрэсію супраць Украіны.

Галасавала 216 дэпутатаў Парламенцкай асамблеі і ніводны дэпутат не прагаласаваў супраць.

У ПАСЕ лічаць, што вайна Расіі супраць Украіны вядзецца з лютага 2014 года, а 24 лютага 2022 года пачалася актыўная фаза.