Кіраўнік лясгаса на Магілёўшчыне папаўся на асабліва буйным хабары

Кіраўнік аднаго з лясгасаў Магілёўскай вобласці папаўся на хабары ў амаль 240 тыс. рублёў.

Міністэрства лясной гаспадаркі паведаміла аб раскрыцці праваахоўнымі органамі масштабнай карупцыйнай схемы ў галіне. Затрымана больш за 20 службовых асоб. Ільвіная доля з іх абвінавачваецца ў хабарніцтве, яшчэ частка – у крадзяжы драўніны шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

Прычым сума хабару часцяком складала ўсяго некалькі сотняў рублёў. Аднак такое не скажаш пра кіраўніка аднаго з лясгасаў Магілёўшчыны. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры – амаль 240 тыс. рублёў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за заключэнні дамоў на аказанне паслуг па распілоўцы і транспарціроўцы драўніны і іх своечасовую аплату.

Па выніках матэрыялаў праваахоўных органаў шэраг работнікаў галіны ўжо вызваленыя ад займаных пасад па дыскрэдытуючых абставінах.

Фотаздымак: БелТА

Загадчык кафедры горацкай акадэміі схіляў студэнтаў да хабару алкаголем і прадуктамі

Пяць гадоў калоніі і 22,5 тыс. рублёў штрафу прысудзілі загадчыку кафедры горацкай сельгасакадэміі па абвінавачванні ў хабарніцтве.

Паводле суда, выкладчык арганізоўваў правядзенне выніковай атэстацыі ў ВНУ. Пры гэтым з верасня па кастрычнік 2025 года схіляў студэнтаў, і ў прыватнасці стараст груп, каб тыя прыносілі яму падарункі для старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. За гэта загадчык кафедры абяцаў лёгкую здачу экзамена.

Пры гэтым падчас прамежкавай атэстацыі за здавальняючыя ацэнкі выкладчык браў хабар спіртнымі напоямі і прадуктамі харчавання.

У ходзе судовага працэса загадчык кафедры сваёй віны не прызнаў. 

Суд пакараў яго пяццю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 22,5 тыс. рублёў. Акрамя таго, ён цягам пяці гадоў не будзе мець права займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскія супрацоўнікі ДАІ адмовіліся ад тысячы рублёў

У Магілёўскай вобласці вадзіцель паспрабаваў адкупіцца ад інспектараў ДАІ, але ў выніку толькі дадаў сабе праблем.

Супрацоўнікі падалі сігнал спыніцца вадзіцелю ВАЗа, але той не адрэагаваў на сігнал і справакаваў пагоню. За рулём апынуўся 34-гадовы магілёвец. Высветлілася, што правоў у яго няма, і гэта ўжо трэці такі выпадак, калі ён выязджае на дарогу не маючы дакументаў.

Разумеючы, чым усё скончыцца, парушальнік прапанаваў інспектарам тысячу рублёў.

Тыя некалькі разоў папярэдзілі, што дача хабару цягне крымінальную адказнасць, але вадзіцель ігнараваў папярэджанні і пакінуў грошы ў службовай машыне.

У выніку яго затрымалі. Цяпер яму давядзецца адказваць адразу па двух артыкулах – за язду без правоў і за спробу даць хабар.

Фота скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Начальнік аддзела сельгасарганізацыі ў Магілёўскі раёне папаўся на хабары

На два з паловай гады “хатняй хіміі” асуджаны начальнік аддзела забеспячэння сельгасарганізацыі за хабар на суму ў 2050 рублёў.

Будучы адказным за закупкі, мужчына дамовіўся са сваім знаёмым заснавальнікам і дырэктарам адной камерцыйнай фірмы, што дапаможа, каб менавіта яна перамагла ў тэндары. Зрабіць гэта ўсё, зразумела, дамовіліся за грошы.

У выніку гэтая камерцыйная структура, якая займалася пастаўкамі металарэжучых інструментаў, была абраная ў якасці пастаўшчыка для сельгасарганізацыі.

У сакавіку 2025 года начальнік аддзела сустрэўся з дырэктарам фірмы і пры пацісканні рукі атрымаў 500 рублёў. Так адбывалася яшчэ пару разоў у чэрвені і жніўні, а ў верасні пры падобных абставінах хабарніка затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Агульная сума незаконнага дахода склала 2050 рублёў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў начальніка-хабарніка на два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аштрафаваў яго на 18 тыс.рублёў і забараніў займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне супрацоўнік Дзяржпрамнагляду папаўся на хабары

У рукі праваахоўнікаў трапіў супрацоўнік Дзяржпрамнагляду, які за хабар падпісваў дакументы аб прыёмцы аб’ектаў у эксплуатацыю.

Паводле пракуратуры, хабар 49-гадовы супрацоўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці сістэматычна атрымліваў з кастрычніка 2023 па жнівень 2025 года. Так, напрыклад, за падпісанне для камерцыйнай структыры прыёмкі газавага абсталявання ён шэсць разоў атрымліваў па 5 тыс. рублёў хабару.

Затрымалі хабарніка, калі ён атрымаў 1800 рублёў незаконнага ўзнагароджання. Цяпер мужчына знаходзіцца пад вартай, а яго справа накіравана ў суд.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Магілёве дырэктар даў хабар партнёру і паведаміў у міліцыю

Дырэктар арганізацыі-пастаўшчыка “падвёў пад манастыр” намесніцу дырэктара камерцыйнай фірмы, даўшы ёй хабар і распавёўшы пра гэта міліцыі.

Паміж фірмай, дзе працавала жанчына, і арганізацыяй-пастаўшчыком у сакавіку 2024 года быў заключаны дагавор пастаўкі. Пры гэтым доўгі час ён не рэалізоўваўся. Тады знаёмы жанчыны, ён жа дырэктар фірмы-пастаўшчыка, у ліпені 2025 года дамовіўся аб пастаўцы з 5%-ым адкатам ёй. Так і было зроблена – тавар быў пастаўлены, аплочаны, а жанчына 12 жніўня атрымала хабар у 100 рублёў.

Усё было б ціха і спакойна, але дырэктар пайшоў у міліцыю і заявіў на сваю знаёмую, паведаміўшы пра хабар. Ужо ў верасні, пры правядзенні міліцэйскіх мерапрыемсваў, ён зноў перадаў ёй 250 рублёў за тыя ж паслугі – праўда, грошы былі мечаныя і выданыя спецыяльна для таго, каб затрымаць хабарніцу.

На працэсе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва жанчына сваю віну прызнала, раскаялася. Ёй прысудзілі два з паловай гады “хатняй хіміі”, штраф у 14 700 рублёў і забарону цягам пяці гадоў займаць кіраўнічыя пасады. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Шклоўшчыне дырэктар сельгаспрадпрыемства браў хабар за выплату заробку

Тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады атрымаў былы дырэктар сельгаспрадпрыемства, які браў хабар ад будаўнікоў за сваёчасовую аплату іх працы.

Як высветліў Шклоўскі суд, будаўнічая брыгада летам гэтага года фарбавала малочна-таварныя комплексы на гэтым сельгаспрадпрыемстве. Па ўсім відаць, што атрымаць сумленна заробленыя грошы на Шклоўшчыне не так проста, раз людзі гатовыя за гэта нават даваць хабар. Таму яны дамовіліся з дырэктарам на тое, што ён будзе своечасова выплочваць заробак па дамове аб аказанні паслуг, і за гэта сам атрымае грошы. Грошы ад будаўнікоў ён атрымаў двойчы – ў чэрвені 1000 рублёў і ў жніўні 2000 рублёў.

У рэшце рэшт звесткі аб хабарніку дайшлі да праваахоўных органаў, а потым і да суда. Гэты суд прызнаў былога ўжо дырэктара вінаватым у атрыманні хабару. Абвінавачаны сваёй віны не ўкрываў, прызнаўся ў злачынстве і аддаў усе незаконна атрыманыя грошы дзяржаве.

У выніку суд у Шклове прысудзіў яму тры гады калоніі са штрафам у 12 600 рублёў і пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады. Пазбаўленне волі па прысудзе адтэрмінавана на два гады. Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц