Магілёўскія супрацоўнікі ДАІ адмовіліся ад тысячы рублёў

У Магілёўскай вобласці вадзіцель паспрабаваў адкупіцца ад інспектараў ДАІ, але ў выніку толькі дадаў сабе праблем.

Супрацоўнікі падалі сігнал спыніцца вадзіцелю ВАЗа, але той не адрэагаваў на сігнал і справакаваў пагоню. За рулём апынуўся 34-гадовы магілёвец. Высветлілася, што правоў у яго няма, і гэта ўжо трэці такі выпадак, калі ён выязджае на дарогу не маючы дакументаў.

Разумеючы, чым усё скончыцца, парушальнік прапанаваў інспектарам тысячу рублёў.

Тыя некалькі разоў папярэдзілі, што дача хабару цягне крымінальную адказнасць, але вадзіцель ігнараваў папярэджанні і пакінуў грошы ў службовай машыне.

У выніку яго затрымалі. Цяпер яму давядзецца адказваць адразу па двух артыкулах – за язду без правоў і за спробу даць хабар.

Фота скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Пенсіянер апынуўся ў ІЧУ пасля праверкі ДАІ ў Магілёве

Праверка дакументаў для 67-гадовага магілёўскага вадзіцеля скончылася ізалятарам, буйным штрафам і пазбаўленнем правоў. У мужчыны выявілі моцнае алкагольнае ап’яненне. Ён ледзь гаварыў.

У Магілёве супрацоўнікі ДАІ спынілі падазроны аўтамабіль Volvo, вадзіцель якога паводзіў сябе на дарозе дзіўна.

За рулём знаходзіўся 67-гадовы пенсіянер, які ў літаральным сэнсе “не вязаў лыка”.

Вадзіцеля накіравалі на медыцынскае асведчанне. Вынік паказаў 2,9 праміле этылавага спірту ў выдыханым паветры.

Мужчыну даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а яго аўтамабіль адправілі на ахоўваемую стаянку.

Пакаранне – штраф у памеры 200 базавых велічынь. У 2026 годзе гэта складае 9000 рублёў. Таксама парушальнік пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на 5 гадоў.

Згодна з артыкулам 18.15 КаАП, памер штрафу за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення залежыць ад узроўню алкаголю:

  • да 0,8 праміле – штраф 100 базавых велічынь (4500 рублёў) з пазбаўленнем правоў на 3 гады;
  • больш за 0,8 праміле – штраф 200 базавых велічынь (9000 рублёў) з пазбаўленнем правоў на 5 гадоў.

Увогуле, думайце самі, ці варта садзіцца за руль п’яным.

Фота скрыншот відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Магілёўскага кіроўцу аўтобуса асудзілі за лайкі ў “Аднакласніках”

Кіроўцу аўтобуса з Магілёва Андрэя Шмаянкова асудзілі па палітычных артыкулах за лайкі, пастаўленыя ім у сацсетцы «Аднакласнікі».

Андрэю Шмаянкову 52 гады. Ён жыве ў Магілёве, а яго юнацкія гады прайшлі ў Крычаве, дзе ён вучыўся ў абласным ліцэі №4. Як высветліла “Наша ніва”, раней ён часова працаваў у Расіі: мінулым летам, напрыклад, быў кіроўцам маршруткі ў падмаскоўным Звянігарадзе, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь.

Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, Шмаянкоў захапляецца тэхнікай, асабліва савецкімі матацыкламі і з’яўляецца прыхільнікам маркі «Ява». На яго старонцы шмат фотаздымкаў транспарту, а таксама допісаў, прысвечаных правілам дарожнага руху. У вольны час ён любіць адпачынак на прыродзе і збор грыбоў. У Андрэя ёсць жонка і сын.

Пераслед магілёўца пачаўся з-за яго старонкі ў «Аднакласніках». Асаблівасць гэтай сацсеткі ў тым, што лайк пад публікацыяй аўтаматычна адлюстроўваецца ў стужцы карыстальніка і фактычна працуе як рэпост. Многія карыстальнікі пра гэта не ведаюць. Як мяркуецца, Шмаянкоў некалькі разоў паставіў лайкі пад палітычнымі допісамі ў 2020 годзе і мог з цягам часу проста забыцца пра гэта.

Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Андрэя Шмаянкова вінаватым у паклёпе на беларускага дыктатара і ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў. Яму прысудзілі пакаранне ў выглядзе накіравання ў калонію або на «хімію», аднак дакладны тэрмін пакарання пакуль невядомы.

Фотаздымак з «Аднакласнікаў»

Вадзіцеля “хуткай” пакаралі за экстранны самастойны рамонт машыны

Траўму, а потым і вымову, замененую на заўвагу, атрымаў вадзіцель хуткай меддапамогі, экстранна адрамантаваўшы машыну па дарозе да хворага.

У Магілёўскай вобласці звычайны выклік “хуткай” абярнуўся для вадзіцеля вытворчай траўмай і дысцыплінарным спагнаннем. Па дарозе да пацыента з парушэннем сардэчнага рытму рухавік раптам страціў магутнасць. Каб не губляць час на чаканне другога экіпажа, вадзіцель вырашыў самастойна ліквідаваць няспраўнасць.

Падчас рамонту ён атрымаў рану перадплечча і на два тыдні трапіў на бальнічны. Аднак пасля вяртання на працу атрымаў вымову – за самавольнае выкананне рамонтных работ, якія не ўваходзяць у яго службовыя абавязкі. Паводле інструкцый, рамонт – гэта зона адказнасці слесара, і нават у экстранных сітуацыях вадзіцелю “хуткай” забаронена чыніць машыну самастойна.

Сітуацыю вывучылі ў прафсаюзе. Там пацвердзілі, што фармальна наймальнік дзейнічаў у межах заканадаўства, аднак заклікалі ўлічваць прычыны і мэты ўчынку. Вадзіцель дзейнічаў у інтарэсах пацыента і імкнуўся мінімізаваць час прыбыцця брыгады.

Пасля перамоў адміністрацыя лячэбнай установы перагледзела рашэнне: вымову адмянілі і замянілі на заўвагу. Дадаткова ўстанова правяла пазачарговую праверку ведаў па ахове працы для вадзіцеляў “хуткай”, падкрэсліўшы неабходнасць выразных рэгламентаў для нестандартных сітуацый.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by

У Бабруйску адправілі ў калонію вадзіцеля за шматкротную язду “пад мухай”

Жыхар Бабруйскага раёна атрымаў паўтары гады калоніі, трэці раз папаўшыся за рулём у п’яным выглядзе.

У снежні 2025 года 39-гадовы мужчына прыехаў на сваім аўто ў пасёлак Туголіца да знаёмага. Пасля сустрэчы, якая была адзначана выпіўкай, госць сеў за руль і паехаў дадому. Праўда, далёка з’ехаць не ўдалося – затрымалі даішнікі. Відаць, пабачыўшы, што вадзіцель нецвярозы, яны павезлі яго ў бальніцу на медыцынскага агляду. Ад яго мужчына адмовіўся, хоць і не адмаўляў, што вёў машыну выпіўшы.

Праз месяц справу разглядаў суд Бабруйска і Бабруйскага раёна. Аказалася, што аматар п’янай язды раней ужо двойчы прыцягваўся да адказнасці за такія дзеянні, нават сядзеў у калоніі за гэта. Аднак нічога не змяніла яго стаўленне да магчымасці садзіцца п’яным за руль.

У выніку ён зноў адправіўся ў калонію. Гэтым разам на паўтара года на ўзмоцнены рэжым, піша бабруйская “Трыбуна працы”. Таксама на сем год яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі і прызначаны штраф у амаль 200 рублёў. Аўтамабіль канфіскавалі. Падсудны пасля вынясення прысуды быў узяты пад варту ў залі суда.

 

У Магілёве вадзіцель таксі абакраў пасажыра

Паездка на таксі ў нецвярозым стане каштавала магілёўцу яго ноўтбука.

Магілёвец вырашыў скарыстацца таксі, каб даехаць увечары дадому. Магчыма, усё было б добра, калі б пасажыр не быў на падпітку і ў выніку забыў свой ноўтбук коштам 2000 рублёў у салоне аўтамабіля.

Толькі раніцой ужо дома, абудзіўшыся пасля п’янага сна, ён зразумеў, што ноўтбука ў яго няма. Не дапамог нават званок вадзіцелю таксі, бо той аказаўся з хітрынкай, і паведаміў, што ніякіх рэчаў у яго ніхто не пакідаў.

Насамрэч, усё аказала іначай – вадзіцель папросту вырашых скарыстацца пакінутым у салоне таксі ноўтбукам, каб потым прадаць яго. Праўда, як сцвярджаюць у Ленінскім РУУС Магілёва, зрабіць ён гэта не паспеў. І гэта толькі дзякуючы таму, што ўладальнік оргтэхнікі своечасова звярнуўся ў міліцыю. Там хоць і ўзбудзілі крымінальную справу на вадзіцеля-вора, але і намякнулі, што той, хто забыў свой ноўтбук у грамадскім месцы, тым самым справакаваў злачынства.

Фотаздымак: astv.ru

Грузавік з буракамі перакуліўся ў Горацкім раёне

Грузавік, які перавозіў кармавыя буракі, перакуліўся каля Горак. Кіроўца шпіталізаваны.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося 21 кастрычніка 2025 года. Акурат пасярод дарогі побач з кальцавым перакрыжаваннем са стэлай “Горкі” перакуліўся грузавы аўтамабіль, які вёз буракі. 

Карняплоды аказаліся раскіданыя па дарозе. Мясцовыя жыхары казалі, што яна стала падобная на поле пасля ўборкі ўраджаю, піша Інстаграм cp_belarus. 

Вадзіцель атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў бальніцу. Аб прычынах аварыі пакуль не паведамляецца.

Скрыншот: Інстаграм cp_belarus