Жыхар Бабруйска зладзіў аварыю з гібеллю двух малых дзяцей

П’яны вадзіцель фуры з Бабруйска пайшоў пад суд за ўтвораную ім аўтааварыю, у якой загінулі дзеці.

Трагедыя адбылася 29 траўня 2025 года ў Воранаўскім раёне Гарадзеншчыны, калі ўначы п’яны бабруйчанін кіраваў фурай і ехаў з хуткасцю каля 89 км/г, пры дазволенай для грузавога аўтатранспарта 70 км/г. 

На адным з паваротаў ўправа ён выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Audi пад кіраваннем 34-гадовага мясцовага жыхара, які вяртаўся дадому з жонкай і трыма малалетнімі дзецьмі ва ўзросце ад года да пяці гадоў.

Дзеці 2024 і 2019 года нараджэння загінулі на месцы. Дзіцёнку 2020 года нараджэння былі нанесены цяжкая траўмы. Дарослыя атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Бабруйчанін нічым не дапамог пацярпелым – не выклікаў хуткую, не паведаміў нікому, а проста з’ехаў з месца здарэння. Тым не менш, праз некалькі гадзін яго знайшлі міліцыянты – за тры кіламетры ад ДТЗ ён сядзеў у яры. Пасля таго, як мужчыну затрымалі, у яго крыві выявілі больш за 1 праміле алкаголю. Аказалася, што падчас руху, гора-вадзіцель піў у кабіне каньяк – бутэльку знайшлі там жа.

Бабруйчанін і раней прыцягваўся да крымінальнай адказанасці за ДТЗ. Да моманту новай аварыі судзімасць ужо была пагашана. Таксама ён быў фігурантам адміністратыўных спраў – перавышаў хуткасць, зладжваў ДТЗ і з’язджаў з месцаў аварый.

Генеральная пракуратура накіравала справу ў суд.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Грузавік з буракамі перакуліўся ў Горацкім раёне

Грузавік, які перавозіў кармавыя буракі, перакуліўся каля Горак. Кіроўца шпіталізаваны.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося 21 кастрычніка 2025 года. Акурат пасярод дарогі побач з кальцавым перакрыжаваннем са стэлай “Горкі” перакуліўся грузавы аўтамабіль, які вёз буракі. 

Карняплоды аказаліся раскіданыя па дарозе. Мясцовыя жыхары казалі, што яна стала падобная на поле пасля ўборкі ўраджаю, піша Інстаграм cp_belarus. 

Вадзіцель атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў бальніцу. Аб прычынах аварыі пакуль не паведамляецца.

Скрыншот: Інстаграм cp_belarus

Пад Касцюковічамі ўнук па неасцярожнасці ўтапіў бабулю – яму далі год хіміі

Інцыдэнт на дарозе Магілёў–Чэрыкаў–Касцюковічы забраў жыццё 78-гадовай жанчыны па віне яе ўласнага ўнука. Мужчыне прысудзілі год абмежавання волі ў хатніх умовах.

7 снежня 2024 года 32-гадовы мужчына, кіруючы аўтамабілем з крытычнымі няспраўнасцямі, выправіўся ў шлях, не задумваючыся пра наступствы, паведамляе Магілёўскі абласны суд. Асноўнай праблемай сталі зношаныя да непрыдатнасці шыны, якія кіроўца не паклапаціўся замяніць. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я – мокры снег і заснежаную дарогу – ён прыняў рашэнне ехаць, маючы ў салоне сваю 78-гадовую бабулю.

Рухаючыся са скорасцю 60 км/г, кіроўца праігнараваў папераджальны знак «Небяспечныя павароты». Ён не знізіў хуткасць, не ўлічыў ні дрэннае надвор’е, ні стан дарогі, ні тым больш тэхнічную няспраўнасць сваёй машыны. У выніку аўтамабіль страціў кіраванне, вылецеў за межы праезнай часткі, з’ехаў у кювет, а затым перакуліўся ў вадаём, імгненна запоўніўшыся вадой.

Кіроўца змог самастойна выбрацца з машыны, якая танула. Аднак усе яго адчайныя спробы выратаваць бабулю аказаліся марнымі. Жанчына памерла на месцы здарэння.

Касцюковіцкі райсуд асудзіў яго за парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартнага сродку, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Прысуд суда – пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады, а таксама пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 3 гады. У адпаведнасці з амністыяй да Дня Перамогі тэрмін адбыцця пакарання ва ўмовах «хатняй хіміі» скарочаны на адзін год, гэта значыць, напалову.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Дарэчы, у той снежаньски дзень на Магілёўшчыне адбылася і іншая буйная аварыя з трагічнымі наступствамі. Кіроўца аўтамабіля KIA не справіўся з кіраваннем, машыну занесла, яна выехала на сустрэчную паласу і ўрэзалася ў грузавік MAN. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся ў легкавым аўто: мужчына, жанчына і дзіця. Мяркуючы па фота з месца ДТЗ, аўтамабіль літаральна разарвала на часткі.

Фота: Магілёўскі аблсуд