Жыхар Бабруйска зладзіў аварыю з гібеллю двух малых дзяцей

П’яны вадзіцель фуры з Бабруйска пайшоў пад суд за ўтвораную ім аўтааварыю, у якой загінулі дзеці.

Трагедыя адбылася 29 траўня 2025 года ў Воранаўскім раёне Гарадзеншчыны, калі ўначы п’яны бабруйчанін кіраваў фурай і ехаў з хуткасцю каля 89 км/г, пры дазволенай для грузавога аўтатранспарта 70 км/г. 

На адным з паваротаў ўправа ён выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Audi пад кіраваннем 34-гадовага мясцовага жыхара, які вяртаўся дадому з жонкай і трыма малалетнімі дзецьмі ва ўзросце ад года да пяці гадоў.

Дзеці 2024 і 2019 года нараджэння загінулі на месцы. Дзіцёнку 2020 года нараджэння былі нанесены цяжкая траўмы. Дарослыя атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Бабруйчанін нічым не дапамог пацярпелым – не выклікаў хуткую, не паведаміў нікому, а проста з’ехаў з месца здарэння. Тым не менш, праз некалькі гадзін яго знайшлі міліцыянты – за тры кіламетры ад ДТЗ ён сядзеў у яры. Пасля таго, як мужчыну затрымалі, у яго крыві выявілі больш за 1 праміле алкаголю. Аказалася, што падчас руху, гора-вадзіцель піў у кабіне каньяк – бутэльку знайшлі там жа.

Бабруйчанін і раней прыцягваўся да крымінальнай адказанасці за ДТЗ. Да моманту новай аварыі судзімасць ужо была пагашана. Таксама ён быў фігурантам адміністратыўных спраў – перавышаў хуткасць, зладжваў ДТЗ і з’язджаў з месцаў аварый.

Генеральная пракуратура накіравала справу ў суд.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Грузавік з буракамі перакуліўся ў Горацкім раёне

Грузавік, які перавозіў кармавыя буракі, перакуліўся каля Горак. Кіроўца шпіталізаваны.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося 21 кастрычніка 2025 года. Акурат пасярод дарогі побач з кальцавым перакрыжаваннем са стэлай “Горкі” перакуліўся грузавы аўтамабіль, які вёз буракі. 

Карняплоды аказаліся раскіданыя па дарозе. Мясцовыя жыхары казалі, што яна стала падобная на поле пасля ўборкі ўраджаю, піша Інстаграм cp_belarus. 

Вадзіцель атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў бальніцу. Аб прычынах аварыі пакуль не паведамляецца.

Скрыншот: Інстаграм cp_belarus