У Горках кіроўца скраў машыну друзу са свайго прадпрыемства

Амаль шаснаццаць тон гранітнага друзу 37-гадовы жыхар Горак спрабаваў прадаць «налева» – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкаму. 

Будаўнічы матэрыял ён загрузіў на самазвал на адным з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў гораду, дзе і сам працаваў. Не маючы ніякіх дакументаў на груз, зламыснік паспрабаваў прадаць матэрыялы мясцовай камерцыйнай арганізацыі.

15 800 кілаграмаў друзу праваахоўнікі ацанілі ў 600 рублёў шкоды, нанесеных дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню.

На Магілёўшчыне 2 кіламетры дарогі засыпалі 4 тонамі зерня

Яно высыпалася на праезную частку з незачыненага, як мае быць, кузава аўтамабіля. Да 10 гадзінаў раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі.

Здарылася гэта ў Кіраўскім раёне.

«На дарозе аказалася больш за 4 тоны збожжа, якое рассыпалася прыкладна на 2 – 2,5 кіламетры», паведамляе абласная міліцыя.

Паводле рэсурсу MOGILEVNEWS інспектар ДАІ папярэдзіў кіроўцу, каб той больш падобнага не ўчыняў. У выпадку паўтарэння такога парушэння яму пагражае штраф да 4 базавых велічыняў (128 рублёў).

фота ілюстрацыйнае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

Пад Бабруйскам загінуў кіроўца фуры. Мог заснуць за стырном

Машына маркі DAF пратараніла бетонную агароджу і сутыкнулася з МАЗам, які меў паўпрычэп.

Тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» піша, што 49-гадовы кіроўца грузавога аўтамабіля з паўпрычэпам праігнараваў патрабаванні дарожных знакаў аб правядзенні рамонтных працаў. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.

Па папярэдняй інфармацыі мужчына заснуў за рулём. Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Аўтамабіліст прадэманстраваў, што ўмее рабіць дрыфт і пазбавіўся на год права кіраваць машынай (відэа)

Майстэрствам дрыфтынгу жыхар Бялынічаў пахваліўся пад камерамі відэаназірання ў цэнтры гораду. Машыну некалькі разоў перакруціла на перакрыжаванні.

Дрыфтам кіроўца стварыў аварыйную абстаноўку, за што быў аштрафаваны і пазбаўлены на год права на кіравання аўтамабілем, піша газета «Зара над Друццю».

 

Пасведчанне кіроўцы жыхар райцэнтру атрымаў год таму.

Дрыфт – тэхніка праходжання паваротаў і від аўтаспорту, які характарызуецца выкарыстаннем кіраванага заносу на максімальна магчымых для ўтрымання на трасе хуткасці і вугла траекторыі.