На Бабруйшчыне пройдзе пробны перапіс насельніцтва

Бабруйск і Бабруйскі раён абраны для правядзення пробнага перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2027 года.

“Пробны перапіс у нас пройдзе ў кастрычніку 2027 года. Выбраны Бабруйск і Бабруйскі раён. Мы пастараемся папрацаваць з 15 тыс. чалавек, якія будуць з намі працаваць непасрэдна па планшэтах” – цытуе БелТА старшыню Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іну Мядзведзеву.

Адначасова, паводле яе, будзе запушчаны прататып інтэрнэт-перапісу, дзе кожны жадаючы зможа пратэсціраваць адпаведнае праграмнае забеспячэнне. 

Уласна перапіс насельніцтва па ўсёй Беларусі намечаны на 2029 год. 

Сёння законапраект аб перапісе быў прыняты Нацыянальным сходам у першым чытанні. Галоўнай зменай у ім стала зніжэнне да 15 гадоў узросту рэспандэнтаў, якія могуць прыняць у ім удзел. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

КДК узяўся за “Гігант”: што здарылася з адной з лепшых гаспадарак Магілёўшчыны?

Здаецца, сістэма “моцнага гаспадарання” імя Лукашэнкі разваліла яшчэ адно прыстойнае сельгаспрадпрыемства.

КДК Магілёўскай вобласці пачаў праверку СВК “Гігант” Бабруйскага раёна. Правяраць будуць фінансы, выкананне планавых паказчыкаў, законнасць расходавання бюджэтных сродкаў, бухулік, насенняводства, своечасовасць выплаты заробкаў. Але асобным радком вылучаны адзін пункт: падзёж буйной рагатай жывёлы.

Гаспадарка гэта няпростая і з гісторыяй.

У маі 1950 года сем калгасаў Бабруйскага раёна аб’ядналіся і далі новай гаспадарцы імя “Гігант”. Назва не выпадковая: амаль сем тысяч гектараў зямлі, сем ферм, малочна-таварны комплекс, больш за чатыры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы і дзве з лішнім тысячы свіней.

Гаспадарка ўваходзіла ў лік шасцідзесяці валаўтваральных прадпрыемстваў рэспублікі, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка.

Дзесяцігоддзямі “Гігант” сапраўды дзяржпадтрымку апраўдваў. Гаспадарка, нібыта, працавала з высокім узроўнем рэнтабельнасці і стабільным прыбыткам, праца своечасова і годна аплачвалася. СВК атрымліваў ганаровыя дыпломы Міністэрства сельскай гаспадаркі, Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага райвыканкама за высокія паказчыкі ў вытворчасці зерня, бульбы, рапсу, малака і мяса.

Самую высокую ўраджайнасць бульбы ў Магілёўскай вобласці рэгістравалі таксама тут.

На тэрыторыі “Гіганта” – школа, дзіцячы сад, дом культуры, бальніца, банк, гасцініца. Цэлы аграгарадок Вялікія Бортнікі жыве жыццём кааператыва.

І вось – праверка КДК з асаблівай увагай да падзяжу жывёлы.

На фоне таго, што адбываецца ў вобласці ў цэлым, гэта нядзіўна. За 2025 год у гаспадарках Магілёўскай вобласці загінула больш за дваццаць адну тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Прычына – парушэнне рэгламентаў, несвоечасовая вакцынацыя, неэфектыўнае лячэнне.

У студзені 2026 года рост падзежу па вобласці склаў амаль сто сорак пяць працэнтаў – адразу ў семнаццаці раёнах, у тым ліку ў Бабруйскім. Па фактах утойвання падзежу распачата шэсцьдзесят сем крымінальных спраў.

Што менавіта здарылася ў “Гіганце” – пакажа праверка. Гаспадарка, якая дзесяцігоддзямі служыла была флагманам бабруйскай сельскай гаспадаркі, відавочна перажывае не лепшыя часы.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Бабруйскім раёне селянін зладзіў пажар, разаграваючы трубы газавай гарэлкай

Разагрэць замёрзлыя пластыкавыя трубы газавай гарэлкай вырашыў жыхар Бабруйскага раёна. В выніку – ў хаце пажар, а мужчына – ў бальніцы.

У адной з вёсак Бабруйскага раёна звычайная бытавая праблема ледзь не скончылася трагедыяй. У доме 77-гадовай жанчыны замерзлі вадаправодныя трубы. Дачка гаспадыні паведаміла пра гэта брату, і той узяўся самастойна “ратаваць” сітуацыю.

58-гадовы мужчына вырашыў разагрэць ПВХ-трубы з дапамогай партатыўнай газавай гарэлкі. Каля дваццаці хвілін ён грэў камунікацыі ў праёме сцяны паміж кухняй і санвузлом. Аднак замест чаканага выніку з’явіўся дым, а затым і адкрытае полымя.

Дачка гаспадыні першай заўважыла пажар. Разам з братам яны паспелі вывесці маці на вуліцу і спрабавалі самастойна патушыць агонь, але ён хутка распаўсюджваўся. У выніку давялося выклікаць ратавальнікаў.

Супрацоўнікі МНС ліквідавалі ўзгаранне, аднак без наступстваў не абышлося: мужчыну шпіталізавалі з тэрмічнымі апёкамі пальцаў рук і цемянной вобласці галавы, а таксама прыкметамі апёкаў дыхальных шляхоў. Траўмы лёгкія, але запатрабавалі медыцынскай дапамогі.

Было выяўлена, што агонь развіваўся інтэнсіўна і нанёс значныя пашкоджанні дому. Найбольш пацярпелі кухня і санвузел, бо менавіта там праводзіліся “рамонтныя работы”. Частка канструкцый і маёмасці была знішчана.

Дадатковым фактарам рызыкі сталі матэрыялы ў доме: трубы былі ўцеплены мантажнай пенай, сцены абшыты кардонам і абклеены шпалерамі. Усе яны лёгка запальваюцца, асабліва пры тэмпературы полымя гарэлкі, якая можа дасягаць 1300–1500 градусаў Цэльсія.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

Жыхарка аграгарадка на Бабруйшчыне скардзіцца на дрэнную ваду

У Вялікіх Бортніках, што ў Бабруйскім раёне, пастаянна жоўтая вада, сцвярджае жыхарка аграгарадка Алеся Гайдукевіч.

“Тут у Бортніках станцыя абезжалезвання, а вада пастаянна жоўтая, кожны месяц робяць прамыванне. На вуліцы 70 дамоў, але, падобна, толькі мы з суседам пастаянна тэлефануем, ачыстку заказваем, а астатнія змірыліся”, – распавяла komkur.info жанчына пар сваю барацьбу з мясцовым вадаканалам.

Алеся Гайдукевіч разам з мужам займаюцца вырабам сыроў. “Завялі кароў, асвоілі вытворчасць, розныя хітрыя гатункі”, – кажа яна. Аднак, паводле яе, з такой вадой працаваць складана. Пастаянна прыходзіцца карыстацца з калонкі або купляць ваду ў краме.

Таксама жанчына наракае на дрэнныя дарогі. “У Малых Бортніках у тым годзе новую дарогу праклалі, у Міхалёва, ды ў розных маленькіх вёсках дарогі новыя, а ў нас у вялікай, больш за 600 жыхароў – цэнтр калгаса-гіганта! – дарогі катастрафічныя, дзеці на роварах падаюць”, – скардзіцца Алеся Гайдукевіч.

Фотаздымак: gkx.by

Бабруйскай фірме налічылі амаль 111 тысяч нясплачаных падаткаў

Прыватнай будаўнічай фірме з Бабруйскага раёна падатковая інспекцыя налічыла да сплаты 110,7 тыс. рублёў падаткаў па выніках камеральнай праверкі.

Падчас праверкі спецыялісты ўстанавілі, што кампанія занізіла падатковыя абавязацельствы па шэрагу пазіцый, а менавіта – па падатку на дабаўленую вартасць, падатку на прыбытак і падаходным падатку з фізічных асоб. Як высветлілася, фірма рэалізавала два легкавыя аўтамабілі грамадзяніну, звязанаму з дзейнасцю гэтай жа арганізацыі, па заніжаным кошце. Пра гэта паведамляе Інспекцыя па падатках і зборах па Ленінскім раёне Магілёва.

У выніку такіх дзеянняў памер заніжанай выручкі склаў 183,4 тыс. рублёў, што прывяло да недаплаты падаткаў у бюджэт.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Бабруйскім раёне раней накіроўвала ў адрас прадпрыемства апавяшчэнне з прапановай добраахвотна пералічыць належныя сумы. Аднак арганізацыя гэтае патрабаванне праігнаравала.

Пасля гэтага падатковы орган склаў акт камеральнай праверкі. Паводле яго вынікаў, фірме прад’яўлена да выплаты ў бюджэт 110,7 тыс. рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

На Бабруйшчыне невядомыя выкінулі на аўтатрасу мертвых ягнятаў

Трэці выпадак выкінутых на ўзбоччы шашы мертвых хатніх жывёл у Бабруйскім раёне зафіксавалі за паўгода ветэрынары.

Пра апошнюю знаходку 14 сакавіка 2026 года ў выглядзе пяці мёртвых ягнят на дарозе Івацэвічы – Крычаў распавёў выданню komkur.info мясцовы жыхар Максім Шырокі. Паводле яго, мяркуючы з выгляду і паху, загінулых жывёл пакінулі пры дарозе «не ўчора».

Як адзначылі пазней у ветэрынарнай службе Бабруйскага раёна, прадстаўнікі якой выехалі на месца знаходкі, непадалёк там знайшлі яшчэ і мёртвую курыцу, але толькі адно ягня.

Відавочна, хатнюю птушку выкінулі ў пакеце, абрыўкі яго ляжалі побач, – распавяла галоўны ветэрынарны ўрач Бабруйскага раёна Аляксандра Грабяневіч. – курыцу і знойдзенага ягня ў той жа дзень пахавалі ў жывёльным могільніку”.  

Варыянтаў таго, як загінулыя жывёлы маглі трапіць на абочыну, мяркуе суразмоўца, усяго два: гадаванцы або збеглі пры перавозцы або іх ужо падкінулі пасля гібелі. Другі ўяўляецца больш рэальным.

“Калі гэта так, то за апошнія паўтара года гэта ўжо трэці такі выпадак. Раней хоць да жывёлаў да скотамагільнікаў падкідвалі, цяпер проста ля дарогі пакінулі. Аграгаспадаркі раёна авечак не вырошчваюць, яны ўтрымліваюцца толькі на прыватных падворках”, – адзначыла Грабяневіч.

Міліцыю на месца знаходкі ветэрынары не выклікалі: камер назірання, па якіх можна было «адкруціць» храналогію падзей, тут няма.

“З дарожнікамі дамовіліся трымаць гэты ўчастак на асаблівым кантролі”, – распавяла галоўны ветурач раёна.

Скрыншот: ТГ “Навіны Бабруйска”

Бабруйчанін інсцэніраваў сваю смерць, каб не плаціць даўгі, а потым загінуў на вайне за Расію

У лістападзе стала вядома пра гібель 31-гадовага жыхара вёскі Шчаткава Бабруйскага раёна Леаніда Скробатава. Ён знайшоў сваю смерць на ўкраінскай зямлі, ваюючы за грошы на баку расійскіх акупантаў.

Яшчэ ў маладосці Леанід быў хлопцам шустрым – у 2014 годзе яго абвясцілі ў вышук за тое, што ён завінаваціўся дзяржаве 10 тысяч долараў. 

Лёня спрабаваў ухіліцца ад адказнасці і пісаў на старонках у сацыяльных сетках пасты «Я памёр», «Леаніда Скробатава больш не існуе». Аднак праваахоўнікі даказалі існаванне Скробатава і ён быў прыгавораны да «хіміі».

Адбыўшы пакаранне, Леанід ездзіў на заробкі ў Расію, адслужыў тэрміновую службу, а ў 2022 годзе канчаткова пераехаў у Краснадар. 

Летам 2024 года Скробатаў заключыў кантракт з Мінабароны Расіі, у снежні быў кантужаны і трапіў у шпіталь.

Потым зноў адправіўся на фронт, але на гэты раз ліміт удачы Леаніда аказаўся вычарпаным.

Фота – сацыяльная сетка Леаніда Скробатава.

У Бабруйску адправілі ў калонію вадзіцеля за шматкротную язду “пад мухай”

Жыхар Бабруйскага раёна атрымаў паўтары гады калоніі, трэці раз папаўшыся за рулём у п’яным выглядзе.

У снежні 2025 года 39-гадовы мужчына прыехаў на сваім аўто ў пасёлак Туголіца да знаёмага. Пасля сустрэчы, якая была адзначана выпіўкай, госць сеў за руль і паехаў дадому. Праўда, далёка з’ехаць не ўдалося – затрымалі даішнікі. Відаць, пабачыўшы, што вадзіцель нецвярозы, яны павезлі яго ў бальніцу на медыцынскага агляду. Ад яго мужчына адмовіўся, хоць і не адмаўляў, што вёў машыну выпіўшы.

Праз месяц справу разглядаў суд Бабруйска і Бабруйскага раёна. Аказалася, што аматар п’янай язды раней ужо двойчы прыцягваўся да адказнасці за такія дзеянні, нават сядзеў у калоніі за гэта. Аднак нічога не змяніла яго стаўленне да магчымасці садзіцца п’яным за руль.

У выніку ён зноў адправіўся ў калонію. Гэтым разам на паўтара года на ўзмоцнены рэжым, піша бабруйская “Трыбуна працы”. Таксама на сем год яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі і прызначаны штраф у амаль 200 рублёў. Аўтамабіль канфіскавалі. Падсудны пасля вынясення прысуды быў узяты пад варту ў залі суда.

 

У Бабруйскім раёне выратавалі замярзаючую казулю

Жыхары Бабруйскага раёна адагрэлі і накармілі замярзаючую казулю, а потым за ёй прыйшлі суродзічы з лесу.

Казуля прыйшла да дома жыхароў Бабруйскага раёна ад безвыходнасці – жывёла замярзала. Яна прыйшла да людзей з сасулькамі на пысцы.

Людзі пасялілі жывёлу ў хляве, як маглі адагрэлі і накармілі казулю. Праз дзве гадзіны ў бадзяжкі з’явіўся апетыт, а праз нейкі час яна ўжо хадзіла па пятах за гаспадаром сям’і. 

Казулі нават паспелі даць імя Яшка, але неўзабаве каля дома з’явілася дарослая асобіна. Відавочна, суродзічы шукалі зніклую казулю.
Жывёлу давялося адпусціць у лес.

Фота: БелТА.

Беларусы праігнаравалі праблемы вадзіцеля машыны з расійскімі нумарамі

На трасе М5 у Бабруйскім раёне вадзіцель Opel Insignia і яго спадарожніца замярзалі ў заглухшай машыне. Ніхто з удзельнікаў руху не адгукнуўся на знакі аб дапамозе.

На трасе «Мінск – Гомель» у Бабруйскім раёне пара правяла каля чатырох гадзін у заглухшым аўтамабілі на марозе. Нягледзячы на ўключаную аварыйную сігналізацыю, падняты капот і спробы спыніць машыны, ніводзін кіроўца не спыніўся, каб дапамагчы. Пра гэта піша komkur.info.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 25 студзеня 2026 года ўвечары. Каля 16.00 паміж паваротамі на Дубоўку і Савічы спыніўся Opel Insignia, бо з рухавіка выліўся алей, і працягваць рух машына не магла. У салоне знаходзіліся Дзмітрый і Крысціна, жыхары Гомеля, якія ехалі ў Полацк па справах. Пры гэтым сам аўтамабіль меў расійскую рэгістрацыю (гэта відаць па здымку аўтамабіля), што, магчыма, і абумовіла такую абыякавасць людзей на трасе.

Надвор’е ў той дзень было па сутнасці экстрэмальным: тэмпература апускалася ніжэй за мінус 15 градусаў, а адкрытая мясцовасць узмацняла адчуванне холаду. Абагрэць салон без працуючага рухавіка было немагчыма. Дзмітрый уключыў аварыйку, падняў капот і перыядычна выходзіў на дарогу, спрабуючы «галасаваць», але дарэмна. Паволе яго, хоць машын праязджала шмат, ніхто не меў намеру спыняцца.

Пра сітуацыю Дзмітрый паведаміў знаёмаму, які размясціў заклік аб дапамозе ў вадзіцельскай суполцы Viber «Дороги.by». На паведамленне адгукнуўся Максім Шырокі з вёскі Міхалёва і актыўны ўдзельнік аўтамабільных супольнасцяў.

“Я ўбачыў пост каля 19.00, быў дома. – распавёў Максім – Зразумеў, што марудзіць нельга”.

На месца ён прыехаў прыкладна ў 19.30. Да таго моманту Дзмітрый і Крысціна былі моцна пераахалоджаныя. Прычым, паводле Максіма, у вадзіцеля настолькі замерзлі рукі, што ён не мог нават зачапіць трос. Дзяўчына ўвесь гэты час заставалася ў салоне нерухомай машыны. 

Аўтамабіль удалося адцягнуць на бліжэйшую АЗС. Там пара сагрэлася гарачым чаем і дачакалася яшчэ аднаго гомельскага знаёмага, які выехаў насустрач і ўзяў Opel на буксір. Пасля гэтага ўсе разам накіраваліся ў бок Гомеля.

Фотаздымак: komkur.info