Падатковая Дрыбіншчыны як архітэктар агульнага дабрабыту

Пра падатковую інспекцыю як «архітэктара агульнага дабра» расказала дрыбінская раённая газета.

Прыведзены лічбы. Яны настолькі цікавыя, што варта разгледзець кожную асобна.

Такім чынам:

  • 7712 фізічных асоб на ўліку. Пры насельніцтве Дрыбінскага раёна каля 8,3 тысячы чалавек гэта азначае, што ўсе жыхары Дрыбіншчыны знаходзяцца на падатковым уліку. Пагалоўны фіскальны ахоп пры мізэрнай базе;
  • 160 арганізацый і 88 індывідуальных прадпрымальнікаў. На ўвесь раён – адзін бізнес на кожныя трыццаць тры жыхары. Дрыбін відавочна не Крэмніевая даліна;
  • кансалідаваны бюджэт раёна за 2025 год – 15,7 мільёна рублёў. У доларах па цяперашнім курсе гэта каля 4,7 мільёна. На раён з 8 тысячамі жыхароў атрымліваецца прыкладна 588 долараў на чалавека ў год – уключаючы падаткі ад бізнесу;
  • тры бюджэтаўтваральныя плацельшчыкі: Дрыбінская СПМК-1, УКП «Жылкамгас» і ААТ «Чарнеўка-Агра». З іх два – камунальныя прадпрыемствы, якія проста перакладаюць бюджэтныя грошы з адной кішэні ў другую. Плюс адно сельскагаспадарчае прадпрыемства.

Дасягненні, шчыра кажучы, мікраскапічныя: усіх паставілі на ўлік, тры юрыдычныя асобы складаюць падатковую базу, а ўвесь бюджэт раёна ўкладваецца ў чатыры з паловай колы агляду – такія, за адно з якіх Магілёўскі гарвыканкам сёлета аддаў 3,5 мільёна рублёў.

Магчыма, што ў папугаях поспехі дрыбінскай падатковай інспекцыі, ды і ўсяго раёна, выглядаюць больш самавіта.

Фота раённай газеты.

Бабруйскай фірме налічылі амаль 111 тысяч нясплачаных падаткаў

Прыватнай будаўнічай фірме з Бабруйскага раёна падатковая інспекцыя налічыла да сплаты 110,7 тыс. рублёў падаткаў па выніках камеральнай праверкі.

Падчас праверкі спецыялісты ўстанавілі, што кампанія занізіла падатковыя абавязацельствы па шэрагу пазіцый, а менавіта – па падатку на дабаўленую вартасць, падатку на прыбытак і падаходным падатку з фізічных асоб. Як высветлілася, фірма рэалізавала два легкавыя аўтамабілі грамадзяніну, звязанаму з дзейнасцю гэтай жа арганізацыі, па заніжаным кошце. Пра гэта паведамляе Інспекцыя па падатках і зборах па Ленінскім раёне Магілёва.

У выніку такіх дзеянняў памер заніжанай выручкі склаў 183,4 тыс. рублёў, што прывяло да недаплаты падаткаў у бюджэт.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Бабруйскім раёне раней накіроўвала ў адрас прадпрыемства апавяшчэнне з прапановай добраахвотна пералічыць належныя сумы. Аднак арганізацыя гэтае патрабаванне праігнаравала.

Пасля гэтага падатковы орган склаў акт камеральнай праверкі. Паводле яго вынікаў, фірме прад’яўлена да выплаты ў бюджэт 110,7 тыс. рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Горках служба таксі папалася на зарплатах “чорным налам”

У Горках вадзіцелі таксі атрымлівалі заробак наяўнымі ў канвертах, за гэта фірму пакарала падатковая інспекцыя.

Падатковая інспекцыя ў ходзе праверкі прыватнай фірмы па перавозках таксі выявіла, што да гэтай працы прыцягваліся вадзіцелі без заключэння адпаведных працоўных альбо грамадска-прававых дагавароў. Фірма выплаціла гэтым людзям 208,4 тыс. рублёў “чорным налам” у якасці заробку. Адпаведна, падаходны падатак з гэтых зарплат уплачаны не быў. 

Падаткавікі накіравалі паведамленне фірме, каб яна ў добраахвотным парадку ўплаціла нядоімку ў бюджэт, аднак гэтага зроблена не было. У выніку цяпер у прымусовым парадку будзе спагнана 52,7 тыс. рублёў, у тым ліку 41 тыс. падаходнага падатку.

Фотаздымак з адкрытых крыніц