Будаўнічая фірма падманула магілёўскую школу на 71 тысячу рублёў

Капітальны рамонт школы №4 Магілёва аказаўся невыкананым, нягледзячы на пералічэнне авансу мінскай будаўнічай фірме.

Як паведамляюць супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Ленінскага РУУС Магілёва, 36-гадовы кіраўнік кампаніі заключыў дамову на капітальны рамонт навучальнай установы. Пасля гэтага на рахунак яго арганізацыі быў пералічаны аванс у памеры 71 тыс. рублёў.

Аднак, як сцвярджаюць праваахоўнікі, выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ён не збіраўся. Цягам трох месяцаў на аб’екце вяліся толькі нязначныя работы, якія павінны былі стварыць уражанне, што рамонт працягваецца. Асноўная ж частка атрыманых сродкаў была выкарыстана на асабістыя патрэбы кіраўніка фірмы.

Такім чынам, школа засталася без абяцанага капітальнага рамонту, а бюджэтныя грошы – без належнага выкарыстання.

У дачыненні да дырэктара прыватнай арганізацыі распачатая крымінальная справа па факце махлярства.

Фотаздымак: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

Бабруйскай фірме налічылі амаль 111 тысяч нясплачаных падаткаў

Прыватнай будаўнічай фірме з Бабруйскага раёна падатковая інспекцыя налічыла да сплаты 110,7 тыс. рублёў падаткаў па выніках камеральнай праверкі.

Падчас праверкі спецыялісты ўстанавілі, што кампанія занізіла падатковыя абавязацельствы па шэрагу пазіцый, а менавіта – па падатку на дабаўленую вартасць, падатку на прыбытак і падаходным падатку з фізічных асоб. Як высветлілася, фірма рэалізавала два легкавыя аўтамабілі грамадзяніну, звязанаму з дзейнасцю гэтай жа арганізацыі, па заніжаным кошце. Пра гэта паведамляе Інспекцыя па падатках і зборах па Ленінскім раёне Магілёва.

У выніку такіх дзеянняў памер заніжанай выручкі склаў 183,4 тыс. рублёў, што прывяло да недаплаты падаткаў у бюджэт.

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Бабруйскім раёне раней накіроўвала ў адрас прадпрыемства апавяшчэнне з прапановай добраахвотна пералічыць належныя сумы. Аднак арганізацыя гэтае патрабаванне праігнаравала.

Пасля гэтага падатковы орган склаў акт камеральнай праверкі. Паводле яго вынікаў, фірме прад’яўлена да выплаты ў бюджэт 110,7 тыс. рублёў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц