Кіраўнік лясгаса на Магілёўшчыне папаўся на асабліва буйным хабары

Кіраўнік аднаго з лясгасаў Магілёўскай вобласці папаўся на хабары ў амаль 240 тыс. рублёў.

Міністэрства лясной гаспадаркі паведаміла аб раскрыцці праваахоўнымі органамі масштабнай карупцыйнай схемы ў галіне. Затрымана больш за 20 службовых асоб. Ільвіная доля з іх абвінавачваецца ў хабарніцтве, яшчэ частка – у крадзяжы драўніны шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

Прычым сума хабару часцяком складала ўсяго некалькі сотняў рублёў. Аднак такое не скажаш пра кіраўніка аднаго з лясгасаў Магілёўшчыны. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры – амаль 240 тыс. рублёў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за заключэнні дамоў на аказанне паслуг па распілоўцы і транспарціроўцы драўніны і іх своечасовую аплату.

Па выніках матэрыялаў праваахоўных органаў шэраг работнікаў галіны ўжо вызваленыя ад займаных пасад па дыскрэдытуючых абставінах.

Фотаздымак: БелТА

У праблемным Глускім лясгасе новы дырэктар

У Глускім лясгасе дрэнныя мінулагоднія эканамічныя паказчыкі прывялі да змены ў кіраўніцтве.

Ад 25 сакавіка 2026 года кіраваць Глускім лясгасам будзе Дзмітрый Кудзін. Яго кандыдатуру ўзгадніў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які сам, дарэчы паходзіць з вёскі Прыварацце Глускага раёна. Глускі лясгас па выніках мінулага года спрацаваў са стратамі, у сувязі з чым і адбыліся кадравыя перамены.

Згодна інфармацыі тэлеграм-канала міністэрства, глуская лясная гаспадарка – вельмі праблемная. Таксама як і клецкая ў Мінскай вобласці, куды адначасова 24 сакавіка быў прызначаны новы дырэктар Дзяніс Паўловіч. Пралікі ў вытворчай дзейнасці, аднаўленні лясоў, не лепшая кадравая сітуацыя – усім гэтым характарызуюцца абедзьве гаспадаркі. Напрыклад, у Глускім лясгасе вакантныя 50% пасад ляснічых, то бок занята чатыры з васьмі.

“Ёсць нядрэнныя майстры лесу, памочнікі ляснічых – будзем разглядаць іх на павышэнне”, – паабяцаў Дзмітрый Кудзін міністру.

Кар’ерны рост самога Кудзіна даволі імклівы. Літаральна ў студзені гэтага года ён быў прызначаны на пасаду галоўнага інжынера Глускага лясгаса, да гэтага працаваў ляснічым Круглянскага лясніцтва Бялыніцкага лясгаса, некалькі гадоў быў галоўным ляснічым Суражскага лясгаса ў Віцебскай вобласці.

Пры гэтым кіраўнік лясной галіны лічыць Кудзіна і Паўловіча маладымі кіраўнікамі і пасля ўступлення на пасаду параіў “пачынаць жыць з чыстага аркуша”, і асаблівая ўвага павінна быць нададзена эканамічнай сітуацыі ва ўстановах. 

Але не толькі Кудзін будзе надаваць асаблівую ўвагу Глускаму лясгасу. Сітуацыя ў ім яшчэ будзе ўзятая на ручны кантроль у Мінлясгасе. Начальніку ўпраўлення эканомікі і інвестыцый ведамства пастаўлена задача асабіста кантраляваць сітуацыю ў глускіх лясах.

Нагадаем, 12 сакавіка 2026 года ў Глускі лясгас прыязджаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч. Падставай для такога візіту стала падзенне выручкі і нестабільныя фінансавыя паказчыкі ў пачатку года. Раней стала вядома, што на пасаду галоўнага ляснічага там ўзгоднены Аляксандр Порсік, які апошняе дзесяцігоддзе працуе ў Глускім лясгасе, дзе да нядаўняга часу ўзначальваў Докальскае лясніцтва.

У Мінлясгасе разлічваюць, што новая каманда зможа стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў лясгасе і вярнуць гаспадарцы страчаныя пазіцыі. У сваю чаргу Кудзін атрымаў ад міністра антыкарупцыйную параду – каб не было ніякага кумаўства.

Фотаздымак: Інстаграм gluskles

Намеснік ляснога міністра прыехаў ратаваць Глускі лясгас

Намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч 12 сакавіка 2026 года разбірае працу праблемнага Глускага лясгаса з выездам на месца.

Кіраўніцтва Міністэрства лясной гаспадаркі вымушана ўмешвацца ў сітуацыю ў Глускім лясгасе, які апынуўся ў складаным фінансава-эканамічным становішчы. 12 сакавіка ў гаспадарку прыбылі намеснік міністра Ігар Малашэвіч і начальнік упраўлення эканомікі і інвестыцый Мінлясгаса Дзмітрый Маторанка. Яны сустрэліся з калектывам і вывучаюць працу прадпрыемства непасрэдна на месцы.

Паводле прадстаўнікоў міністэрства, падставай для такога візіту стала падзенне выручкі і нестабільныя фінансавыя паказчыкі ў пачатку года. Кіраўніцтва галіны плануе прааналізаваць увесь вытворчы ланцужок і вызначыць, што прывяло да пагаршэння сітуацыі.

«Мы прыехалі, каб дэталёва разабрацца, прааналізаваць працу і дапамагчы стабілізаваць становішча. Задача калектыву – як мага хутчэй выйсці на ўзровень паказчыкаў аналагічнага перыяду мінулага года. Для гэтага неабходна перш за ўсё павялічваць аб’ёмы лесанарыхтовак» – адзначыў Ігар Малашэвіч падчас сустрэчы з работнікамі.

На фоне праблем у гаспадарцы адбываюцца і кадравыя змены. На пасаду галоўнага ляснічага ўзгоднены Аляксандр Порсік, які працуе ў лясной гаспадарцы больш за дваццаць гадоў. Ён пачынаў кар’еру ў Клічаўскім лясгасе, а апошняе дзесяцігоддзе працуе ў Глускім, дзе цяпер узначальвае Докальскае лясніцтва.

Раней першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась, каментуючы гэта прызначэнне, адзначыў, што перад новым галоўным ляснічым стаяць складаныя задачы. У гаспадарцы назапасілася нямала праблем з лесаўзнаўленнем. Нягледзячы на тое, што мясцовы гадавальнік лічыцца адным з перадавых у галіне, вынікі не заўсёды адпавядаюць чаканням.

Так, толькі ў 2025 годзе ў лясгасе было спісана 52 гектары лясных культур, а прыжывальнасць насаджэнняў першага і трэцяга гадоў вырошчвання крыху перавышае 70%. Апошнім часам у гаспадарцы ўсё часцей выкарыстоўваюць пасеў лесу.

У міністэрстве таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць узмацнення работы службаў аховы і абароны лесу, якія падпарадкоўваюцца галоўнаму ляснічаму. На думку кіраўніцтва галіны, эфектыўнасць гэтых падраздзяленняў павінна быць значна вышэйшай, бо менавіта яны адказваюць за кантроль стану лясоў і работу з насельніцтвам.

Акрамя таго, у бліжэйшы час у Глускім лясгасе чакаецца прызначэнне новага дырэктара. Паводле вынікаў мінулага года прадпрыемства спрацавала са стратамі, таму цяпер фармуецца новая кіраўнічая каманда. У Мінлясгасе разлічваюць, што яна зможа стабілізаваць фінансавую сітуацыю і вярнуць гаспадарцы страчаныя пазіцыі.

Фотаздымак: ТГ “Мінлясгас”