У Магілёўскім раёне механізатар скраў угнаенні на 3 тысячы рублёў

Падчас агляду дома 39-гадовага жыхара Магілёўскага раёна супрацоўнікі міліцыі знайшлі каля дзясятка каністраў угнаенняў – паведамляе УУС.

Высветлілася, што ўгнаенні мужчына выкраў з сельгаспрадпрыемства, дзе ён працуе механізатарам.

Агульная сума ўрону склала 3425 рублёў. Угнаенні вернуты ў гаспадарку.

Па факце крадзяжу следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Пад Асіповічамі супрацоўнік аграпрадпрыемства скраў хімікаты на суму каля 1400 рублёў

Супрацоўнікі асіповіцкай міліцыі спынілі крадзеж 30 літраў хімічнага сродку для абароны раслін з тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Устаноўлена, што супрацоўнік аграпрадпрыемства на службовым аўтамабілі ў працоўны час са складскога памяшкання сельскагаспадарчай арганізацыі ў некалькіх пластмасавых каністрах вывез хімічны сродак, каб прадаць жыхару суседняга аграгарадка – паведамляе упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. 

Супрацоўнікі міліцыі скрадзенае канфіскавалі. Хімічны сродак на агульную суму амаль 1400 рублёў у поўным аб’ёме вернуты на прадпрыемства. У дачыненні да 38-гадовага асіпаўчаніна заведзена крымінальная справа. 

Фота: mogilev.mvd.gov.by

У Хоцімскім раёне начальства скрала паўсотні тон угнаенняў, падкупала работніцу, але тая іх выдала

Крадзёж са злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі і замах на дачу хабару інкрымінаваны 55-гадоваму намесніку дырэктара аграрнага прадпрыемства Хоцімскага раёна і яго саўдзельніку, 51-гадоваму жыхару Краснаполля. 

Як паведамляе генеральная пракуратура, дзейнічаючы па папярэдняй змове, абвінавачаныя выкралі 47,5 тон угнаенняў коштам больш як 7 тысяч беларускіх рублёў. Затым гэтыя ўгнаенні яны вывезлі ў Расію і прадалі там.

Для ўтойвання гэтага факта зламыснікі спрабавалі падкупіць загадчыцу склада сельгаспрадпрыемства. Аднак жанчына не прыняла 30 тысяч расійскіх рублёў хабару і крадзёж быў раскрыты дзякуючы ёй.

Пасля таго як абвінавачаныя даведаліся, што пра крадзёж стала вядома, то разам з калегам з іншага сельгаспрадпрыемства, намеснік дырэктара выкраў яшчэ 48,5 тон аналагічных мінеральных угнаенняў. Гэтыя ўгнаенні даставілі на склад замест раней выкрадзеных. 

Такім чынам, сукупная шкода ад злачыннай дзейнасці намесніка дырэктара і яго саўдзельніка перавысіла 11 тысяч беларускіх рублёў. 

Зламыснікі знаходзяцца зараз пад вартай, у іх дачыненні заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

У Крычаве асудзілі дырэктара за фіктыўную выдачу малака

Два гады пазбаўлення волі і штраф далі дырэктару “Крычаўрайаграпрамтэхснаба”. 

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да дырэктара ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхснаб». Ему інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што каб схаваць невыкананне паказчыкаў па валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, з верасня 2021 года па жнівень 2022 года дырэктар свядома даваў незаконныя загады сваім падначаленым – фіктыўна выпісваць работнікам прадпрыемства малако ў лік зарплаты.

У выніку дзеянняў дырэктара прадпрыемству нанесена маёмасная шкода. Пры гэтым з зарплаты работнікаў незаконна ўтрыманы кошт малака ў суме звыш 500 рублёў.

Суд Крычаўскага раёна прыгаварыў былога дырэктара сельгаспрапрыемства да пазбаўлення волі на два гады і штрафа у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублей) з адтэрміноўкай выканання пакарання ў два гады. 

Акрамя таго, былы кіраўнік прадпрыемства пазбаўленны права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі на 5 гадоў.

Фота ілюстратыўнае 

«Тона на дваіх». Разам з фарбаванай саляркай на сяле масава крадуць камбікорм

У Хоцімскім раёне двое працаўнікоў сельгаспрадпрыемства накралі больш за 1 тону камбікорму. Цягалі яго на свае падворкі  некалькі месяцаў.

Выкрылі жыхароў вёскі Бярозкі падчас міліцэйскага рэйду. 53-гадовая яе жыхарка ў хляўку назапасіла дзяржаўнага камбікорму амаль 760 кілаграмаў. Супраць вяскоўкі распачатая крымінальная справа.

Яе 35-гадовы зямляк не змог утаіць ад міліцыі 300 кілаграмаў камбікорму. Распачатая праверка, па выніках якой ўчынку вяскоўца дадуць прававую ацэнку.

Скрадзенае, піша тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» вернутае гаспадарцы.

Цяпер найбольш, калі сыходзіць са звестак міліцыі, крадуць на вёсках фарбаваную салярку, прызначаную для запраўкі сельгастэхнікі.

Днямі 840 літраў такога паліва выявіў міліцэйскі рэйд у жыхаркі Магілёўскага раёну. Магілёў.media падлічыў, што літраж нацяганай вяскоўкай саляркі складае 64% ад усяго аб’ёму накрадзенага паліва з пачатку месяца ў рэгіёне.

Праваахоўнікі высвятляе, дзе жанчына набрала столькі фарбаванага паліва.

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі і крадзяжамі не толькі ў Беларусі, пісаў раней Магілёў.media.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.