Палітзняволенаму Арцёму Антонаву далі паўтары гады калоніі

Як паведамляюць крыніцы mogilev.media, у пятніцу 19 красавіка быў абвешчаны прысуд палітзняволенаму з Быхава Арцёму Антонаву. 

Нагадаем, што Арцём Антонаў, сын знакамітага пісьменніка-фантаста Сяргея Анотнава, быў затрыманы ў канцы снежня 2023 года. Яго затрыманне было звязана з пераследам бацькі – Сяргей Антонаў абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з “экстрэмісцкім фарміраваннем” і быў вымушаны пакінуць Беларусь. Падчас затрымання Арцём Антонаў нібыта абразіў Лукашэнку ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі.

19 красавіка ў судзе Быхаўскага раёна быў абвешчаны прысуд Арцёму Антонаву – паўтара гады калоніі агульнага рэжыму. З улікам тэрміну, праведзенага ў следчым ізалятары, яму засталося прабыць за кратамі дзевяць месяцаў. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Фота з сацыяльных сетак

Са свежай ямы былі відныя часткі цела – вынесены прысуд забойцы ў вёсцы Галынец

19 красавіка ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна АМАП затрымліваў падазраванага ў забойстве чалавека – пісалі mogilev.media ў той дзень. Паведамлялася, што на прысядзібны ўчастак да свайго сваяка зазірнула мясцовая жыхарка і пабачыла свежавыкапаную магілу, з якой тырчэлі часткі цела яе роднага. Адначасова яна заўважыла, што ў хаце нехта знаходзіцца і выклікала АМАП.

Сёння сталі вядомымі падрабязнасці справы. У ноч з 18 на 19 красавіка двое мужчын выпівалі ў хаце аднаго з іх, у вёсцы Галынец. Нараніцу паміж адбылася спрэчка і госць, раней ужо судзімы за забойства з карысных прычын, узяўся за нож. Не менш за сем удараў ён нанёс у вобласць шыі і галавы – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Злачынец той жа раніцай закапаў цела ахвяры на ўчастку, але пакінуць дом не паспеў, паколькі на двор зазірнулі сваякі пацярпелага. У такой сітуацыі забойца вырашыў скончыць жыццё самагубствам і нанёс рану сабе ў жывот. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, аказалі яму першую дапамогу і даставілі ў цяжкім стане ў лякарню.

Магілёўскі абласны суд прызначыў пакаранне абвінавачанаму ў забойстве з асаблівай жорсткасцю – 20 год калоніі ўзмоцненага рэжыма і 30 тысяч рублёў грашовай кампенсацыі. Прысуд можа быць абскарджаны.

Фота: УУС, архіў

Пяць гадоў калоніі атрымаў кіроўца Porsche, які п’яным насмерць збіў пешахода ў Магілёве

Стаў вядомы прысуд 28-гадоваму магілёўцу, які 20 сакавіка гэтага года здзейсніў смяротную аварыю, п’яным уцякаючы ад ДАІ на вуліцы Будаўнікоў у Магілёве. Нагадаем, што да трагедыі тады прывялі сварка з жонкай кіроўцы аўтамабіля Porsche і 200-грамовая бутэлька алкаголю. 

Нецвярозы мужчына, хаваючыся на Porsche Panamera Turbo ад супрацоўнікаў ДАІ, імчаўся па вуліцы Будаўнікоў з хуткасцю не менш за 103 км/г. У нейкі момант адбыўся занос, і аўтамабіль выкінула з праязной часткі на тратуар – на пешахода і аўтобусны прыпынак. Пешаход, 31-гадовы мужчына, атрымаў цяжкія траўмы і памёр на месцы аварыі.

Кіроўцы прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму – перадае БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Эдуарду Бабарыку прызначылі 8 гадоў калоніі

Сёння ў Мінску суддзя Уладзімір Арэшка агучыў прысуд Эдуарду Бабарыку, сыну экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і кіраўніку яго перадвыбарчага штаба – 8 гадоў калоніі.

Судом Эдуард Бабарыка быў прызнаны вінаватым ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў, дапамаганні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы”.

Што да ўхілення ад выплаты падаходнага падатку, то гаворка ідзе пра перыяд з 2012 па 2022 год. У абвінавачванні гаворыцца, што Бабарыка павінен быў дэклараваць даходы, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю.

Што да легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дзяржабвінаваўца падчас судовага працэсу адмовіўся ад такога абвінавачвання.

Пракурор Аляксандр Кароль прасіў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі.

З улікам прысуду ў 8 гадоў калоніі Эдуард Бабарыка, па разліках рэжыму, мае выйсці на волю прыкладна праз 3,5 гады, бо 1 дзень у СІЗА залічваецца за 1,5 дні калоніі.

Фота: БелТА

Прафесара Юрыя Бубнава асудзілі на два гады калоніі

Сёння адбылося пасяджэнне Кастрычніцкага раённага суда г. Магілёва, на якім быў абвешчаны вырак. Суддзя Вольга Зарычнюк зачытала прысуд – ён цалкам адпавядаў таму, што ўчора запытала пракурор.

Днём судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова падсуднага. Выступаючы, Юрый Бубнаў рашуча адмовіў прызнаць сябе вінаватым. Нагадаем, яму ў віну ставіліся “паклёп” і “абраза” ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ падчас судовых спрэчак абвінавачванне ў “абразе” было знятае з-за сканчэння тэрміну даўнасці. 

Сутнасць “паклёпу” па версіі пракурора палягала ў тым, што ў сваім сацыялагічным артыкуле ў альманаху “Маладзёжная галактыка” восенню 2020 года Юрый Бубнаў даваў такое тлумачэнне масавых пратэстаў беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Самаарганізаваныя і натхняльныя, масавыя пратэсты – выказваўся ў артыкуле сацыёлаг – былі вынікам памылак у праўленні Лукашэнкі. Фактычна, Лукашэнка сам іх правакаваў, адсунуўшы ад удзелу ў выбарах найбольш уплывовых канкурэнтаў, праводзячы незразумелую людзям палітыку ў барацьбе з каронавірусам. Гэтыя абагульненні пракурор выстаўляла за няправільныя ацэнкі сацыяльнай сітуацыі ў краіне, што ў яе разуменні пацягнула на “паклёп”. Падчас судовых спрэчак прафесар Бубнаў тлумачыў, што наяўнасць пратэстных настрояў, і менавіта такіх ацэнак у грамадстве – гэта сацыяльны факт.

“Мы, сацыёлагі – гэта люстэрка. Мы не можам скажона адлюстроўваць рэчаіснасць, мы павінны падаваць дакладны вобраз рэальнасці” – выказваўся Юрый Бубнаў у сваім апошнім слове. 

Варта адзначыць, што суддзя Вольга Зарычнюк на працэссе цалкам падтрымлівала пракурора і сама выступала з боку абвінаваўцы. Прысутныя на пасяджэннях, напрыклад, узгадваюць, як яна крытыкавала артыкул Юрыя Бубнава. “Вось вы тут пішаце, “самаарганізаваныя пратэсты”. А якія ж яны самаарганізаваныя былі? Цалкам арганізаваныя. Альбо вось вы пішаце – “масавыя”. Ды якія масавыя, у нас на судах палавіна абвінавачаных па падобных справах казалі, што яны проста выходзілі пазабавіцца, пагуляць, ад няма чаго рабіць.”

У сваім апошнім слове Юрый Бубнаў нагадаў, што дзяржаве, народу Беларусі патрэбная шчырая, прафесійная сацыялогія. У сваім пераследзе ён пабачыў пераслед за прафесійную дзейнасць. Выказаў таксама спадзяванне, што хутка зможа пабачыць сваю маці-блакадніцу, з якой некалькі гадоў не мог сустрэцца з-за карантынных абмежаванняў. Выніковы прысуд – два гады калоніі.

Фота з адкрытых крыніц

У Крычаве асудзілі дырэктара за фіктыўную выдачу малака

Два гады пазбаўлення волі і штраф далі дырэктару “Крычаўрайаграпрамтэхснаба”. 

Пракуратура Крычаўскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў дачыненні да дырэктара ААТ «Крычаўрайаграпрамтэхснаб». Ему інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі – піша газета “Крычаўскае жыццё”.

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што каб схаваць невыкананне паказчыкаў па валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі, з верасня 2021 года па жнівень 2022 года дырэктар свядома даваў незаконныя загады сваім падначаленым – фіктыўна выпісваць работнікам прадпрыемства малако ў лік зарплаты.

У выніку дзеянняў дырэктара прадпрыемству нанесена маёмасная шкода. Пры гэтым з зарплаты работнікаў незаконна ўтрыманы кошт малака ў суме звыш 500 рублёў.

Суд Крычаўскага раёна прыгаварыў былога дырэктара сельгаспрапрыемства да пазбаўлення волі на два гады і штрафа у памеры 300 базавых велічыняў (11,1 тыс. рублей) з адтэрміноўкай выканання пакарання ў два гады. 

Акрамя таго, былы кіраўнік прадпрыемства пазбаўленны права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі на 5 гадоў.

Фота ілюстратыўнае 

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў, ён не прызнаў віну

Сёння ў Мінску быў вынесены прысуд беларускім праваабаронцам – лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, а таксама праваабаронцам і яго паплечнікам Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.

Справа яшчэ аднаго праваабаронцы, Змітра Салаўёва разглядалася завочна. Алесь Бяляцкі атрымаў турэмны тэрмін на 10 гадоў, Стэфановіч – 9 гадоў, Лабковіч сем гадоў калоніі. 

Абвінавачаным ставіліся ў віну кантрабанда грашовых сродкаў і фінаансаванне пратэстнай актыўнасці ў 2020 годзе. Ніхто з асуджаных сваёй віны не прызнаў – паведамляюць СМІ. 

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве вынеслі першы ў Беларусі прысуд за павышэнне коштаў – на 26 капеек

Хоць павысіў свой адпускны кошт спачатку пастаўшчык, дзяржаўная “Бабушкіна крынка”.

Па версіі абвінавачання, дырэктар крамы “неабгрунтавана”, “наўмысна і з карыслівых меркаванняў” павысіў кошт сыру, чым “падрываў аўтарытэт органаў улады” – паведамляе Office Life.

Абвінавачаны аказаўся дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю. Па версіі следства, 8 кастрычніка 2022 года ён, ведаючы аб забароне на павышэнне коштаў, у сваёй краме “з карыслівых меркаванняў наўмысна ўстанавіў цану на сыр, якая перавышае яго кошт на 5 кастрычніка 2022 года”.

Парушэнне заўважыла прадстаўнік рабочай групы па маніторынгу коштаў з мясцовага сельскага выканкама. Напярэдадні, 7 кастрычніка, яна была ў магазіне і сфатаграфавала цэннікі. Параўнаўшы кошты да і пасля, жанчына заўважыла, што кошт сыра сулугуні ад «Бабулінай крынкі» вырас на 26 капеек за кілаграм.

У судзе сведка патлумачыла, што інфармацыю аб гэтым яна перадала ў райвыканкам. Уладальніку крамы заўвагі з гэтай нагоды яна не рабіла, вярнуць стары цэннік не патрабавала – нібыта так яе праінструктавалі раённыя начальнікі.

Адвакат абвінавачанага ў гэтай справе спасылаўся на адсутнасць складу злачынства як такога. Паводле яго слоў, прадпрымальнік кіраваўся простай логікай: вытворца, дзяржаўнае прадпрыемства “Бабушкіна крынка” адпусціла яму тавар па новым кошце – адпаведна, падняў кошт і ён.

Уся партыя падаражэлага сыру склала менш за дзесяць упаковак, а агульная сума перавышэння – усяго 78 капеек. Калі бізнэсоўца затрымалі, а ўсю яго маёмасць арыштавалі, ніводны пакунак сыра нават не паспелі прадаць.

У выніку абвінавачанне запытала для дырэктара крамы пакаранне па ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса – “Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пры фарміраванні рознічных цэн” – на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год. Калі на працягу гэтага часу мужчына не парушыць закон, прыгавор не будзе прыведзены ў выкананне. Прадпрымальніка таксама пазбавілі ад штрафу, аднак пазбавілі права займаць пэўныя пасады.

Фота ілюстрацыйнае