Прафесара Юрыя Бубнава асудзілі на два гады калоніі

Сёння адбылося пасяджэнне Кастрычніцкага раённага суда г. Магілёва, на якім быў абвешчаны вырак. Суддзя Вольга Зарычнюк зачытала прысуд – ён цалкам адпавядаў таму, што ўчора запытала пракурор.

Днём судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова падсуднага. Выступаючы, Юрый Бубнаў рашуча адмовіў прызнаць сябе вінаватым. Нагадаем, яму ў віну ставіліся “паклёп” і “абраза” ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ падчас судовых спрэчак абвінавачванне ў “абразе” было знятае з-за сканчэння тэрміну даўнасці. 

Сутнасць “паклёпу” па версіі пракурора палягала ў тым, што ў сваім сацыялагічным артыкуле ў альманаху “Маладзёжная галактыка” восенню 2020 года Юрый Бубнаў даваў такое тлумачэнне масавых пратэстаў беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Самаарганізаваныя і натхняльныя, масавыя пратэсты – выказваўся ў артыкуле сацыёлаг – былі вынікам памылак у праўленні Лукашэнкі. Фактычна, Лукашэнка сам іх правакаваў, адсунуўшы ад удзелу ў выбарах найбольш уплывовых канкурэнтаў, праводзячы незразумелую людзям палітыку ў барацьбе з каронавірусам. Гэтыя абагульненні пракурор выстаўляла за няправільныя ацэнкі сацыяльнай сітуацыі ў краіне, што ў яе разуменні пацягнула на “паклёп”. Падчас судовых спрэчак прафесар Бубнаў тлумачыў, што наяўнасць пратэстных настрояў, і менавіта такіх ацэнак у грамадстве – гэта сацыяльны факт.

“Мы, сацыёлагі – гэта люстэрка. Мы не можам скажона адлюстроўваць рэчаіснасць, мы павінны падаваць дакладны вобраз рэальнасці” – выказваўся Юрый Бубнаў у сваім апошнім слове. 

Варта адзначыць, што суддзя Вольга Зарычнюк на працэссе цалкам падтрымлівала пракурора і сама выступала з боку абвінаваўцы. Прысутныя на пасяджэннях, напрыклад, узгадваюць, як яна крытыкавала артыкул Юрыя Бубнава. “Вось вы тут пішаце, “самаарганізаваныя пратэсты”. А якія ж яны самаарганізаваныя былі? Цалкам арганізаваныя. Альбо вось вы пішаце – “масавыя”. Ды якія масавыя, у нас на судах палавіна абвінавачаных па падобных справах казалі, што яны проста выходзілі пазабавіцца, пагуляць, ад няма чаго рабіць.”

У сваім апошнім слове Юрый Бубнаў нагадаў, што дзяржаве, народу Беларусі патрэбная шчырая, прафесійная сацыялогія. У сваім пераследзе ён пабачыў пераслед за прафесійную дзейнасць. Выказаў таксама спадзяванне, што хутка зможа пабачыць сваю маці-блакадніцу, з якой некалькі гадоў не мог сустрэцца з-за карантынных абмежаванняў. Выніковы прысуд – два гады калоніі.

Фота з адкрытых крыніц

Пракурор запрасіла для Юрыя Бубнава два гады зняволення

Працягваецца суд над вядомым магілёўскім сацыёлагам, прафесарам Юрыем Бубнавым. Пасяджэнні адбываюцца ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва. Іх вядзе суддзя Вольга Зарычнюк.

Сёння адбыліся спрэчкі бакоў. У сваім выступе пракурор запрасіла для Юрыя Бубнава два гады зняволення. Заўтра ў 14:15 прафесару Бубнава дадуць выступіць з апошнім словам. Верагодна, заўтра таксама будзе абвешчаны прысуд.

Нагадаем, справа Юрыя Бубнава разглядаецца па двух крымінальных артыкулах – паклёп і абраза Лукашэнкі.

Фота: mogilev.media

З’явілася інфармацыя, па якіх артыкулах абвінавачваюць прафесара Юрыя Бубнава

Па інфармацыі праваабаронцаў, магілёўскаму прафесару, сацыёлагу Юрыю Бубнаву прад’яўлена абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Абодва яны палітычныя, гэта 367 і 368 артыкулы – “паклёп” і “абраза” Лукашэнкі. 

Нагадаем, што вядомага магілёўскага сацыёлага, аднаго з заснавальнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і “Дранік-фэста”, загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін узнагароджанага знакам “Выдатнік адукацыі” затрымалі 12 студзеня.

Фота з адкрытых крыніц.

Прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў СІЗА

Магілёўскі сацыёлаг, прафесар Юрый Бубнаў знаходзіцца ў следчым ізалятары – паведамляюць праваабаронцы. Паводле афіцыйнай версіі, днямі ён атрымаў траўму галавы, упаўшы з нараў. Траўма, нібыта, не сур’ёзная.

Таксама стала вядома, за што затрыманы знакаміты магілёўскі навуковец і якое абвінавачванне яму інкрымінуецца. 

Загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (былы МДУП) Юрыю Бубнаву прад’явілі абвінавачанне па арт. 367 КК РБ – паклёп на Лукашэнку. Падрабязнасцяў справы няма.

Як пісалі mogilev.media, Юрыя Бубнава затрымалі 12 студзеня на працоўным месцы. У Магілёве Юры Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Фота з адкрытых крыніц.

Заўтра павінны выставіць абвінавачванне Юрыю Бубнаву альбо адпусціць

Мінае 72 гадзіны з часу затрымання вядомага магіёўскага сацыёлага, прафесара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання Юрыя Бубнава, пра якое пісалі mogilev.media. Гэта азначае, што 17 студзеня яму павінны альбо выставіць абвінавачванне, альбо адпусціць.

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыну затрымання навукоўца па-ранейшаму няма. Як паведамляюць нашы чытачы, пасля затрымання Юрыя Бубнава ў розных структурных падраздзяленнях – а найперш на кафедры гуманітарных дысцыплін, якую ўзначальвае прафесар – прайшлі допыты супрацоўнікаў. Калег Юрыя Міхайлавіча распытвалі пра публікацыі сацыёлага, з чаго многія зрабілі выснову пра магчымы палітычны падтэкст затрымання – за каментарыі, альбо допісы. 

Выказваюцца таксама меркаванні пра магчымую правакацыю, альбо пра ўвагу сілавікоў да даследванняў сацыёлага пра карані беларускай карупцыі.