Прафесара Юрыя Бубнава асудзілі на два гады калоніі

Прафесара Юрыя Бубнава асудзілі на два гады калоніі

Сёння адбылося пасяджэнне Кастрычніцкага раённага суда г. Магілёва, на якім быў абвешчаны вырак. Суддзя Вольга Зарычнюк зачытала прысуд – ён цалкам адпавядаў таму, што ўчора запытала пракурор.

Днём судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова падсуднага. Выступаючы, Юрый Бубнаў рашуча адмовіў прызнаць сябе вінаватым. Нагадаем, яму ў віну ставіліся “паклёп” і “абраза” ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ падчас судовых спрэчак абвінавачванне ў “абразе” было знятае з-за сканчэння тэрміну даўнасці. 

Сутнасць “паклёпу” па версіі пракурора палягала ў тым, што ў сваім сацыялагічным артыкуле ў альманаху “Маладзёжная галактыка” восенню 2020 года Юрый Бубнаў даваў такое тлумачэнне масавых пратэстаў беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Самаарганізаваныя і натхняльныя, масавыя пратэсты – выказваўся ў артыкуле сацыёлаг – былі вынікам памылак у праўленні Лукашэнкі. Фактычна, Лукашэнка сам іх правакаваў, адсунуўшы ад удзелу ў выбарах найбольш уплывовых канкурэнтаў, праводзячы незразумелую людзям палітыку ў барацьбе з каронавірусам. Гэтыя абагульненні пракурор выстаўляла за няправільныя ацэнкі сацыяльнай сітуацыі ў краіне, што ў яе разуменні пацягнула на “паклёп”. Падчас судовых спрэчак прафесар Бубнаў тлумачыў, што наяўнасць пратэстных настрояў, і менавіта такіх ацэнак у грамадстве – гэта сацыяльны факт.

“Мы, сацыёлагі – гэта люстэрка. Мы не можам скажона адлюстроўваць рэчаіснасць, мы павінны падаваць дакладны вобраз рэальнасці” – выказваўся Юрый Бубнаў у сваім апошнім слове. 

Варта адзначыць, што суддзя Вольга Зарычнюк на працэссе цалкам падтрымлівала пракурора і сама выступала з боку абвінаваўцы. Прысутныя на пасяджэннях, напрыклад, узгадваюць, як яна крытыкавала артыкул Юрыя Бубнава. “Вось вы тут пішаце, “самаарганізаваныя пратэсты”. А якія ж яны самаарганізаваныя былі? Цалкам арганізаваныя. Альбо вось вы пішаце – “масавыя”. Ды якія масавыя, у нас на судах палавіна абвінавачаных па падобных справах казалі, што яны проста выходзілі пазабавіцца, пагуляць, ад няма чаго рабіць.”

У сваім апошнім слове Юрый Бубнаў нагадаў, што дзяржаве, народу Беларусі патрэбная шчырая, прафесійная сацыялогія. У сваім пераследзе ён пабачыў пераслед за прафесійную дзейнасць. Выказаў таксама спадзяванне, што хутка зможа пабачыць сваю маці-блакадніцу, з якой некалькі гадоў не мог сустрэцца з-за карантынных абмежаванняў. Выніковы прысуд – два гады калоніі.

Фота з адкрытых крыніц