Прафесара Юрыя Бубнава перавялі ў віцебскую калонію

У пачатку верасня гэтага года прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнава, асуджанага на два гады зняволення, перавялі з магілёўскай турмы №4 у калонію №3 пад Віцебскам – паведамляюць праваабаронцы. 

Нагадаем, што 26 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Аксана Зарычнюк прыгаварыла вядомага магілёўскага вучонага, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнала яго вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК РБ).

Нагодай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Маладзёжная галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў аб тым, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў перамен, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «беларусаў, якія пратэстуюць, у 2020 годзе аб’яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Фота з адкрытых крыніц

Прафесара Юрыя Бубнава асудзілі на два гады калоніі

Сёння адбылося пасяджэнне Кастрычніцкага раённага суда г. Магілёва, на якім быў абвешчаны вырак. Суддзя Вольга Зарычнюк зачытала прысуд – ён цалкам адпавядаў таму, што ўчора запытала пракурор.

Днём судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова падсуднага. Выступаючы, Юрый Бубнаў рашуча адмовіў прызнаць сябе вінаватым. Нагадаем, яму ў віну ставіліся “паклёп” і “абраза” ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ падчас судовых спрэчак абвінавачванне ў “абразе” было знятае з-за сканчэння тэрміну даўнасці. 

Сутнасць “паклёпу” па версіі пракурора палягала ў тым, што ў сваім сацыялагічным артыкуле ў альманаху “Маладзёжная галактыка” восенню 2020 года Юрый Бубнаў даваў такое тлумачэнне масавых пратэстаў беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

Самаарганізаваныя і натхняльныя, масавыя пратэсты – выказваўся ў артыкуле сацыёлаг – былі вынікам памылак у праўленні Лукашэнкі. Фактычна, Лукашэнка сам іх правакаваў, адсунуўшы ад удзелу ў выбарах найбольш уплывовых канкурэнтаў, праводзячы незразумелую людзям палітыку ў барацьбе з каронавірусам. Гэтыя абагульненні пракурор выстаўляла за няправільныя ацэнкі сацыяльнай сітуацыі ў краіне, што ў яе разуменні пацягнула на “паклёп”. Падчас судовых спрэчак прафесар Бубнаў тлумачыў, што наяўнасць пратэстных настрояў, і менавіта такіх ацэнак у грамадстве – гэта сацыяльны факт.

“Мы, сацыёлагі – гэта люстэрка. Мы не можам скажона адлюстроўваць рэчаіснасць, мы павінны падаваць дакладны вобраз рэальнасці” – выказваўся Юрый Бубнаў у сваім апошнім слове. 

Варта адзначыць, што суддзя Вольга Зарычнюк на працэссе цалкам падтрымлівала пракурора і сама выступала з боку абвінаваўцы. Прысутныя на пасяджэннях, напрыклад, узгадваюць, як яна крытыкавала артыкул Юрыя Бубнава. “Вось вы тут пішаце, “самаарганізаваныя пратэсты”. А якія ж яны самаарганізаваныя былі? Цалкам арганізаваныя. Альбо вось вы пішаце – “масавыя”. Ды якія масавыя, у нас на судах палавіна абвінавачаных па падобных справах казалі, што яны проста выходзілі пазабавіцца, пагуляць, ад няма чаго рабіць.”

У сваім апошнім слове Юрый Бубнаў нагадаў, што дзяржаве, народу Беларусі патрэбная шчырая, прафесійная сацыялогія. У сваім пераследзе ён пабачыў пераслед за прафесійную дзейнасць. Выказаў таксама спадзяванне, што хутка зможа пабачыць сваю маці-блакадніцу, з якой некалькі гадоў не мог сустрэцца з-за карантынных абмежаванняў. Выніковы прысуд – два гады калоніі.

Фота з адкрытых крыніц

Пракурор запрасіла для Юрыя Бубнава два гады зняволення

Працягваецца суд над вядомым магілёўскім сацыёлагам, прафесарам Юрыем Бубнавым. Пасяджэнні адбываюцца ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва. Іх вядзе суддзя Вольга Зарычнюк.

Сёння адбыліся спрэчкі бакоў. У сваім выступе пракурор запрасіла для Юрыя Бубнава два гады зняволення. Заўтра ў 14:15 прафесару Бубнава дадуць выступіць з апошнім словам. Верагодна, заўтра таксама будзе абвешчаны прысуд.

Нагадаем, справа Юрыя Бубнава разглядаецца па двух крымінальных артыкулах – паклёп і абраза Лукашэнкі.

Фота: mogilev.media

Прайшло чарговае пасяджэнне суда над прафесарам Юрыем Бубнавым

Раніцай 12 траўня ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва прайшло чарговае пасяджэнне па справе аб абвінавачванні вядомага сацыёлага і прафесара Юрыя Бубнава ў паклёпе і абразе Лукашэнкі.

Як пісалі mogilev.media, Юрыю Бубнаву інкрымінуецца віна паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – 367-га і 368-га. Санкцыя паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць ад штрафа да пяці год зняволення.

Нагодай для крымінальнага пераследу сацыёлага стала публікацыя Юрыя Бубнава ў расійскім навуковым альманаху “Маладзёжная галактыка”. У 2020 годзе ён апублікаваў у часопісе артыкул, прысвечаны тлумачэнню прычын і маштабаў беларускіх пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

Як паведамляюць крыніцы mogilev.media, на судзе Юрый Бубнаў займае цвёрдую пазіцыю, што ў сваім навуковым артыкуле ён імкнуўся перадаць актуальныя наратывы ў беларускім грамадстве – ахарактарызаваў як афіцыйную пазіцыю ўладаў наконт рухавікоў пратэстаў, так і перадаў галоўныя ідэі лідараў і носьбітаў пратэстнай актыўнасці. Пракурор жа выстаўляе абазначаныя ў артыкуле характарыстыкі Лукашэнкі – асобы, і сістэмы яго праўлення – за асабістыя меркаванні Юрыя Бубнава.

Наступныя пасяджэнні па крымінальнай справе супраць прафесара Юрыя Бубнава прызначаныя на 16 і 25 траўня.

Фота: чытачы mogilev.media

Магілёў становіцца самым брудным горадам, але з пабеленымі дрэвамі – дайджэст мінулага тыдня

Апублікаваны на мінулым тыдні маніторынг паветра ў гарадах Беларусі паказаў, што Магілёў становіцца самым брудным горадам у краіне – нормы былі перавышаныя адразу ў трох кропках па ўсім горадзе.

У Магілёве пачалося абмеркаванне новага генеральнага плана горада.

Вада паціху стала адступаць, хоць у Бабруйску Бярэзіна яшчэ перавышала крытычны ўзровень.

У Глуску энергетыкі правялі спецаперацыю па перасяленні бусла, з-за якога ў адной з вёсак пастаянна прападала электрычнасць, на спецыяльна ўзведзены новы слуп.

Пад Бялынічамі рэцыдывіст абакраў суседку на 5 рублёў.

У Мсціславе выпускаць “чарніла” аказалася нерэнтабельным, замест віна будзе газіроўка.

У шматдзетнай сям’і на Мсціслаўшчыне згарэў дом, яны засталіся без жылля.

У Бабруйску прайшла цырымонія перадачы парэшткаў салдата Другой Сусветнай вайны, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне і цяпер будзе перапахаваны на радзіме.

На мінулым тыдні стала вядома, па якіх артыкулах абвінавачваецца магілёўскі прафесар Юрый Бубнаў. 

Таксама стала вядома, што затрыманай у Круглым Аліне Горавй не аказваюць медыцынскую дапамогу, ёй стала горш у вязніцы.

Праверкі ў Магілёве і вобласці паказалі, што ў трох школьных сталоўках з чатырох (а гэта 75%) выяўлены парушэнні, а ў палавіне крам – праблемы з санітарнымі нормамі.

Яшчэ адзін магілёвец атруціўся мухаморамі, якія свабодна прадаюцца ў інтэрнэце і не трапляюць у лік забароненых прэпаратаў.

Сталі вядомымі грандыёзныя планы дарожнікаў – за чвэрць стагоддзя адрамантаваць 68 кіламетраў дарогі пад Чавусамі.

У Магілёве стаў прадавацца бярозавы сок.

У абласным цэнтры запусцілі новыя, аўтаномныя тралейбусы.

Таксама на мінулым тыдні адзначалася гадавіна трагічнага патопа на Дубравенцы – так званага “Магілёўскага цунамі”.

У Магілёў прыйшла правінцыйная эстэтыка – сталі бяліць дрэвы ў цэнтры горада.

Mogilev.media пагуляліся з чарговай нейрасеткай і даведаліся, якім намалявалі б Магілёў Малевіч, Босх, Шагал, Кандзінскі.

З’явілася інфармацыя, па якіх артыкулах абвінавачваюць прафесара Юрыя Бубнава

Па інфармацыі праваабаронцаў, магілёўскаму прафесару, сацыёлагу Юрыю Бубнаву прад’яўлена абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Абодва яны палітычныя, гэта 367 і 368 артыкулы – “паклёп” і “абраза” Лукашэнкі. 

Нагадаем, што вядомага магілёўскага сацыёлага, аднаго з заснавальнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і “Дранік-фэста”, загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін узнагароджанага знакам “Выдатнік адукацыі” затрымалі 12 студзеня.

Фота з адкрытых крыніц.

Атака на касцёл, вундэркінды ў БРУ, палітзняволены выйшаў на волю. Навіны мінулага тыдня – дайджэст

На касцёл св. Станіслава ў Магілёве быў здзейснены акт нападу на мінулым тыдні – былі пабітыя вокны па ўсім будынку. А вось касцёл у Бабруйску, як аказалася, верагодна будуць перадаваць ва ўласнасць каталіцкай абшчыне.

Праваслаўныя вернікі на мінулым тыдні адзначалі Вадохрышча.

На волю выйшаў магілёўскі палітзняволены Валадар Цурпанаў. А арыштаваны прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў зняволенні. 

На тыдні стала вядома, што расійскія вундэркінды, дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы сапраўды вучацца ў магілёўскім БРУ – высветлілі mogilev.media.

Да міжнародных навінаў – пад Кіевам разбіўся верталёт разам з кіраўніцтвам МУС.

Стала вядома, што насельніцтва Кітая пачало інтэнсіўна скарачацца з-за ранейшай палітыкі “аднаго дзіцяці” ў сям’і.

Не прайшло і поўзімы, а ў Мсціславе залілі каток.

На мінулым тыдні стала вядома пра ліквідацыю яшчэ адной грамадскай арганізацыі ў Беларусі – Асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.

У Касцюковічах п’яны мужчына спрабаваў выкінуць падлетка з вакна інтэрната.

На Тэатральнай плошчы ў Магілёве запрацаваў новы гадзіннік. Стары механічны быў заменены на новы, электронны, але на працягу першага ж тыдня працы ён неаднаразова даваў збоі ў працы. 

Пад Магілёвам мінскі майстар ледзяных скульптур узвёў дзевяцімятровы маяк.

У Мінску адкрылася выстава магілёўскага мастака, авангардыста Ігара Бяспалава.

У Магілёве памёр вядомы бабруйскі актор Леанід Кучко.

Стала вядома пра смерць дальнабойшчыка з Магілёва, экс-байца ў паядынках без правілаў Яўгена Дваракова.

Прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў СІЗА

Магілёўскі сацыёлаг, прафесар Юрый Бубнаў знаходзіцца ў следчым ізалятары – паведамляюць праваабаронцы. Паводле афіцыйнай версіі, днямі ён атрымаў траўму галавы, упаўшы з нараў. Траўма, нібыта, не сур’ёзная.

Таксама стала вядома, за што затрыманы знакаміты магілёўскі навуковец і якое абвінавачванне яму інкрымінуецца. 

Загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (былы МДУП) Юрыю Бубнаву прад’явілі абвінавачанне па арт. 367 КК РБ – паклёп на Лукашэнку. Падрабязнасцяў справы няма.

Як пісалі mogilev.media, Юрыя Бубнава затрымалі 12 студзеня на працоўным месцы. У Магілёве Юры Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Фота з адкрытых крыніц.

Заўтра павінны выставіць абвінавачванне Юрыю Бубнаву альбо адпусціць

Мінае 72 гадзіны з часу затрымання вядомага магіёўскага сацыёлага, прафесара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання Юрыя Бубнава, пра якое пісалі mogilev.media. Гэта азначае, што 17 студзеня яму павінны альбо выставіць абвінавачванне, альбо адпусціць.

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыну затрымання навукоўца па-ранейшаму няма. Як паведамляюць нашы чытачы, пасля затрымання Юрыя Бубнава ў розных структурных падраздзяленнях – а найперш на кафедры гуманітарных дысцыплін, якую ўзначальвае прафесар – прайшлі допыты супрацоўнікаў. Калег Юрыя Міхайлавіча распытвалі пра публікацыі сацыёлага, з чаго многія зрабілі выснову пра магчымы палітычны падтэкст затрымання – за каментарыі, альбо допісы. 

Выказваюцца таксама меркаванні пра магчымую правакацыю, альбо пра ўвагу сілавікоў да даследванняў сацыёлага пра карані беларускай карупцыі.

Затрыманы прафесар Юрый Бубнаў – магілёўскі сацыёлаг, эксперт, грамадскі актывіст

Паведамляецца, што доктара сацыялагічных навук, прафесара Юрыя Бубнава затрымалі на працоўным месцы – на кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, якую ён узначальвае.

У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Верагодна, яго затрымалі яшчэ 12 студзеня – у гэты дзень на Тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася абразлівая публікацыя пра Юрыя Міхайлавіча Бубнава. Гэта прыводзіць да думкі, што затрыманне вучонага можа мець палітычную падаплёку.

Фота з адкрытых крыніц.