Пачалося абмеркаванне новага генплана горада Магілёва

Пачалося абмеркаванне новага генплана горада Магілёва, у спіс каштоўнасцяў могуць трапіць за сотню будынкаў

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў пра пачатак грамадскага абмеркавання Генеральнага плана горада Магілёва. Яно будзе праходзіць з 12 па 26 красавіка 2023 года.

Генеральны план – гэта праект, які вызначае стратэгію комплекснага горадабудаўнічага развіцця горада і прылеглых тэрыторый. Звычайна гэта амбіцыёзны план, якім прадугледжваецца комплекснае аднаўленне архітэктурных помнікаў гістарычнага цэнтра, развіццё транспартнай інфраструктуры, план па будаўніцтве новых жылых раёнаў і гэтак далей.

Проста песня

Новы Генплан Магілёва звярнуў увагу даследчыкаў тым, што паводле яго прадугледжваецца ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў адразу некалькіх дзясяткаў (каля 80) будынкаў у гістарычным цэнтры Магілёва, што сфарміраваліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта даваенная і паваенная архітэктура вуліц Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай, Лепяшынскага, Міронава і іншых. 

А таксама ў тэксце генплана адзначаецца, што ў раёне вуліц Садовай, Мянжынскага, Пляханава, Вароўскага, Вакзальнай і інш. захаваліся прыклады драўлянай забудовы першай паловы ХХ стагоддзя, якія маюць характэрныя элементы драўлянай архітэктуры гэтага перыяду. “Прыклады драўлянай гістарычнай забудовы мэтазгодна захаваць і выпрацаваць рэгламенты (патрабаванні) па яе змесце і эксплуатацыі.”

“Проста нейкая песня” – пракаментавалі праект Генплана на Тэлеграм-канале “Спадчына”.

Пазнаёміцца з праектам можна па гэтай спасылцы.

Прэзентацыя праекта ўдзельнікам грамадскага абмеркавання адбудзецца 20 красавіка 2023 г. а 14:30 у будынку гарвыканкама.

Фота: mogilev.media