Прайшло чарговае пасяджэнне суда над прафесарам Юрыем Бубнавым

Раніцай 12 траўня ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва прайшло чарговае пасяджэнне па справе аб абвінавачванні вядомага сацыёлага і прафесара Юрыя Бубнава ў паклёпе і абразе Лукашэнкі.

Як пісалі mogilev.media, Юрыю Бубнаву інкрымінуецца віна паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – 367-га і 368-га. Санкцыя паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць ад штрафа да пяці год зняволення.

Нагодай для крымінальнага пераследу сацыёлага стала публікацыя Юрыя Бубнава ў расійскім навуковым альманаху “Маладзёжная галактыка”. У 2020 годзе ён апублікаваў у часопісе артыкул, прысвечаны тлумачэнню прычын і маштабаў беларускіх пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

Як паведамляюць крыніцы mogilev.media, на судзе Юрый Бубнаў займае цвёрдую пазіцыю, што ў сваім навуковым артыкуле ён імкнуўся перадаць актуальныя наратывы ў беларускім грамадстве – ахарактарызаваў як афіцыйную пазіцыю ўладаў наконт рухавікоў пратэстаў, так і перадаў галоўныя ідэі лідараў і носьбітаў пратэстнай актыўнасці. Пракурор жа выстаўляе абазначаныя ў артыкуле характарыстыкі Лукашэнкі – асобы, і сістэмы яго праўлення – за асабістыя меркаванні Юрыя Бубнава.

Наступныя пасяджэнні па крымінальнай справе супраць прафесара Юрыя Бубнава прызначаныя на 16 і 25 траўня.

Фота: чытачы mogilev.media

Прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў СІЗА

Магілёўскі сацыёлаг, прафесар Юрый Бубнаў знаходзіцца ў следчым ізалятары – паведамляюць праваабаронцы. Паводле афіцыйнай версіі, днямі ён атрымаў траўму галавы, упаўшы з нараў. Траўма, нібыта, не сур’ёзная.

Таксама стала вядома, за што затрыманы знакаміты магілёўскі навуковец і якое абвінавачванне яму інкрымінуецца. 

Загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (былы МДУП) Юрыю Бубнаву прад’явілі абвінавачанне па арт. 367 КК РБ – паклёп на Лукашэнку. Падрабязнасцяў справы няма.

Як пісалі mogilev.media, Юрыя Бубнава затрымалі 12 студзеня на працоўным месцы. У Магілёве Юры Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Фота з адкрытых крыніц.

Заўтра павінны выставіць абвінавачванне Юрыю Бубнаву альбо адпусціць

Мінае 72 гадзіны з часу затрымання вядомага магіёўскага сацыёлага, прафесара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання Юрыя Бубнава, пра якое пісалі mogilev.media. Гэта азначае, што 17 студзеня яму павінны альбо выставіць абвінавачванне, альбо адпусціць.

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыну затрымання навукоўца па-ранейшаму няма. Як паведамляюць нашы чытачы, пасля затрымання Юрыя Бубнава ў розных структурных падраздзяленнях – а найперш на кафедры гуманітарных дысцыплін, якую ўзначальвае прафесар – прайшлі допыты супрацоўнікаў. Калег Юрыя Міхайлавіча распытвалі пра публікацыі сацыёлага, з чаго многія зрабілі выснову пра магчымы палітычны падтэкст затрымання – за каментарыі, альбо допісы. 

Выказваюцца таксама меркаванні пра магчымую правакацыю, альбо пра ўвагу сілавікоў да даследванняў сацыёлага пра карані беларускай карупцыі.

Затрыманы прафесар Юрый Бубнаў – магілёўскі сацыёлаг, эксперт, грамадскі актывіст

Паведамляецца, што доктара сацыялагічных навук, прафесара Юрыя Бубнава затрымалі на працоўным месцы – на кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, якую ён узначальвае.

У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Верагодна, яго затрымалі яшчэ 12 студзеня – у гэты дзень на Тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася абразлівая публікацыя пра Юрыя Міхайлавіча Бубнава. Гэта прыводзіць да думкі, што затрыманне вучонага можа мець палітычную падаплёку.

Фота з адкрытых крыніц.