Затрыманы карэспандэнт “Вячэрняга Бабруйска” Дзяніс Носаў

Тэлеграм-канал, звязаны з магілёўскімі сілавікамі, апублікаваў ролік з удзелам карэспандэнта газеты “Вячэрні Бабруйск” Дзяніса Носава. Паведамляецца, што яго затрымалі аператыўнікі з Магілёва і цяпер ён будзе ўтрымлівацца ў бабруйскім ІЧУ. Дзяніс Носаў гаворыць у роліку, што з пачаткам расійскай агрэсіі супраць Украіны, падтрымліваў украінскі бок і пажадаў мірнага жыцця. Сыходзячы са сказанага журналістам, можна меркаваць, што яму пагражаюць суткі адміністрацыйнага арышту.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.

Гурт «Бі-2» упершыню выйшаў на сувязь пасля затрымання ў Тайландзе

Канцэрты праходзілі законна. Да гурта пусцілі ізраільскага консула, а аўстралійскага – не пусцілі.

Continue reading “Гурт «Бі-2» упершыню выйшаў на сувязь пасля затрымання ў Тайландзе”

Мужчыну з нажом нейтралізавалі ў Бабруйску

Вечарам 20 студзеня па Бабруйску хадзіў мужчына з нажом – пагражаў людзям і наносіў пашкоджанні прыпаркаваным аўтамабілям. Для таго, каб нейтралізаваць грамадзяніна, супрацоўнікам міліцыі прыйшлося страляць па нагах – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Continue reading “Мужчыну з нажом нейтралізавалі ў Бабруйску”

На суткі затрыманы Дзмітрый Ляпейка, магілёўскі журналіст і актывіст

Крыніцы mogilev.media паведамляюць пра затрыманне на пятнаццаць сутак магілёўскага актывіста і журналіста Дзмітрыя Ляпейкі. Паводле нашай інфармацыі, затрыманне адбылося перад выхаднымі, а прычынай зняволення сталі “падпіскі і лайкі”.

Дзмітрый Ляпейка да лета 2020 года супрацоўнічаў з выданнем “Магілёўскія ведамасці”, потым заняўся фрылансам. Ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, быў мадэратарам шматлікіх сустрэч.

Фота з адкрытых крыніц

Затрыманы магілёўскі бард і кампазітар Аляксандр Баль

Арыштаваны вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль – паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што арышт адбыўся ў чацвер, 15 чэрвеня. Падрабязнасцяў здарэння не паведамляецца, у тым ліку і прычыны затрымання. 

Аляксандр Баль – бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню “На радзіме маёй бяда”.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве быў жорстка затрыманы пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Удальёў

Праваабаронцы паведамляюць, што днём 13 чэрвеня АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка Сяргея Удальёва. Сведкамі затрымання выпадкова сталі валанцёры зоаабарончых ініцыятыў – а Сяргей Удальёў актывіст у гарадскіх суполках, дзе шукаюць дом бадзяжным жывёлам.

Усё адбылося каля магілёўскага лядовага палаца. Па словах сведкаў, сілавікі выскачылі з «цёмнай машыны з затаніраванымі вокнамі», проста вырвалі мужчыну з яго аўтамабіля і брутальна ўціснулі ў зямлю.

Пазней яго павезлі, але не ў Кастрычніцкі РАУС, які знаходзіцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валанцёрам, у Ленінскі РАУС яго таксама не даставілі, а машына “згубілася” на вуліцы Піянерскай, дзе размешчана Магілёўскае аблуўленне КДБ.

Затрыманне, магчыма, звязана з палітыкай. Тры месяцы таму з Удальёвым не працягнулі на працы кантракт з-за недастатковай лаяльнасці. Акрамя таго, раней Сяргей Удалёў вучыўся ў Кіеўскай Рэфармацкай семінарыі, ён вядомы як адзін з лепшых пратэстанцкіх багасловаў горада. Навучанне ва Украіне таксама, як мяркуецца, магло стаць прычынай пераследу.

Фота з сацыяльных сетак Удальёва

На “Белшыне” затрымалі галоўнага метролага?

Беларускія СМІ паведамляюць пра яшчэ адно гучнае затрыманне на бабруйскай “Белшыне”. Нібыта быў арыштаваны галоўны метролаг прадпрыемства. Верагодна, гаворка ідзе пра Ігара Маршына (на фота – справа).

Крыніцы аднаго з беларускіх выданняў паведамляюць, што адбылося затрыманне падчас дачы хабару. Нібыта прычынай затрымання стала прыватная фірма, якая “рамантавала прыборы ў абыход “Белшыны””. Што гэта за прыватная фірма і каму яна належыць, невядома.

На самім прадпрыемстве журналістам так пракаментавалі сітуацыю:

– Вы з ім не звяжацеся, яго пакуль не будзе. – сказалі на “Белшыне” – Калі ён з’явіцца, цяжка сказаць. Я нават не адкажу вам на гэтае пытанне зараз.

На пытанне, што здарылася з галоўным метролагам, прама не адказалі, адзначыўшы, што “там пытанне сур’ёзнае”.

Фота: газета “Шыннік”

Прафесар Юрый Бубнаў атрымаў траўму галавы ў СІЗА

Магілёўскі сацыёлаг, прафесар Юрый Бубнаў знаходзіцца ў следчым ізалятары – паведамляюць праваабаронцы. Паводле афіцыйнай версіі, днямі ён атрымаў траўму галавы, упаўшы з нараў. Траўма, нібыта, не сур’ёзная.

Таксама стала вядома, за што затрыманы знакаміты магілёўскі навуковец і якое абвінавачванне яму інкрымінуецца. 

Загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (былы МДУП) Юрыю Бубнаву прад’явілі абвінавачанне па арт. 367 КК РБ – паклёп на Лукашэнку. Падрабязнасцяў справы няма.

Як пісалі mogilev.media, Юрыя Бубнава затрымалі 12 студзеня на працоўным месцы. У Магілёве Юры Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Фота з адкрытых крыніц.

Затрыманы прафесар Юрый Бубнаў – магілёўскі сацыёлаг, эксперт, грамадскі актывіст

Паведамляецца, што доктара сацыялагічных навук, прафесара Юрыя Бубнава затрымалі на працоўным месцы – на кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, якую ён узначальвае.

У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Верагодна, яго затрымалі яшчэ 12 студзеня – у гэты дзень на Тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася абразлівая публікацыя пра Юрыя Міхайлавіча Бубнава. Гэта прыводзіць да думкі, што затрыманне вучонага можа мець палітычную падаплёку.

Фота з адкрытых крыніц.

Затрыманы Уладзіслаў Чаховіч – архітэктурны назіральнік за Магілёвам

Магілёў можа ганарыцца яго спадчынай ужо цяпер.

Блогер, вікіпедыст, стваральнік тэлеграм-канала “Спадчына” і архітэктар Уладзіслаў Чаховіч быў затрыманы сілавікамі – што вынікае з прыніжальнага відэа, апублікаванага на Tik-Tok акаўнце panviezha.

Чаховіч працаваў у Магілёве ў “Магілёўграмадзянпраекце”, мае дачыненне да такіх аб’ектаў, як рэканструкцыя “гарбатага” маста на Першамайскай (каля Політэхнікума), будаўніцтва новага дома па Ленінскай-59, які прызнаны адным з самых крутых сучасных гарадскіх жылых будынкаў.

Так, у сваім матэрыяле “Круче чем в Минске” Onliner заклікаў сталічных архітэктараў адпраўляцца ў Магілёў каб зразумець, што такое сучасная архітэктура.

Уладзіслаў Чаховіч з’яўляецца аўтарам дзясяткаў афіцыйных зваротаў да ўладаў горада Магілёва і вобласці з пытанняў захавання архітэктурнай спадчыны. У сваім блогу Чаховіч сярод іншага называе сябе “назіральнік за Магілёвам”.

Тэлеграм-канал «Спадчына» расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі, падымае пытанні захавання і рэстаўрацыі помнікаў. На яго падпісаны больш за 2800 карыстальнікаў. У Twitter на яго падпісана больш за 1 300 падпісчыкаў.

Прычыны затрымання застаюцца невядомымі.