Рыцарскі клуб “Барысфен” Магілёўскага ГДК прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”

Што з кіраўніком клуба гістарычнай рэканструкцыі Паўлам Пастуховым (Станкевічам) – невядома.

Сёння, 17 снежня, магілёўскі клуб сярэдневяковай культуры “Барысфен” быў прызнаны Міністэрствам унутраных спраў “экстрэмісцкім фармаваннем” – паведамляе “Вясна”. Клуб «Барысфен» быў заснаваны яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку і мае званне Народнага калектыва. Касцюмаваныя выступленні ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.

Заснавальніка і бяссменнага кіраўніка клуба Паўла Пастухова (пазней – Станкевіча) затрымалі больш за месяц таму, ён адсядзеў двойчы па 15 сутак –
пісалі mogilev.media. Паводле інфармацыі ад розных крыніц, пасля адсідкі Павел быў адпушчаны на волю. Але прыкладна ў той жа самы дзень, калі дайшла інфармацыя пра тое, што ён на свабодзе, з’явілася новая – паводле якой, Паўла зноў затрымалі.

Паводле непацверджаных звестак, над ім зноў адбыўся адміністрацыйны суд. У якім статусе ён знаходзіцца зараз – невядома. Цалкам магчыма, што прызнанне рыцарскага клуба “экстрэмісцкім фармаваннем” прывядзе да крымінальнага пераследу самаго Паўла Пастухова (Станкевіча) і яго паплечнікаў. Паводле МУС, дачыненне да клуба маюць Павел Станкевіч, Павел Лішанкоў, Дзмітрый Далячка.

Кіраўнік клуба “Барысфен” выйшаў пасля двух арыштаў па 15 сутак

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Павел Пастухоў (Станкевіч) выйшаў на волю пасля двух адсідак па 15 сутак запар – паведамляюць крыніцы mogilev.media.

Пра затрыманне рэканструктара і арганізатара забаўляльных мерапрыемстваў на сярэдневяковую тэматыку Паўла Пастухова паведамлялася ў лістападзе. Таксама ў лістападзе стала вядома, што сацыяльныя сеткі клуба “Барысфен” і асабістыя старонкі Паўла прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Паводле крыніц mogilev.media, Паўла Пастухова наперадзе яшчэ чакае судовае разбіральніцтва, але пакуль невядома, па якой справе і якімі могуць быць для яго далейшыя юрыдычныя санкцыі.

Барысфен клуб

Кіраўніка рыцарскага клуба “Барысфен” не выпусцілі пасля сутак

Павел Пастухоў (Станкевіч) не выйшаў на волю пасля заканчэння пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляюць крыніцы mogilev.media. У якім статусе цяпер знаходзіцца кіраўнік «Народнага калектыва рыцарскай сярэдневяковай культуры “Барысфен”» пакуль застаецца невядомым.

Раней сацыяльныя сеткі вядомага магілёўскага рыцарскага клуба былі аб’яўлены экстрэмісцкімі, гэтаксама як і асабістыя старонкі Паўла Пастухова (Станкевіча) ва «Укантакце» і Facebook. Паводле нашай інфармацыі, былых і сучасных удзельнікаў клуба выклікаюць на допыты ў Следчы камітэт. Магчыма, што спецслужбамі рыхтуецца прызнанне самаго калектыва “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Пры гэтым сам рыцарскі клуб “Барысфен” мае статус народнага калектыва пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку. Старонка калектыва дагэтуль актыўная на сайце ўстановы, яго кіраўніком, як і раней, пазначаны Павел Станкевіч.

Барысфен клуб