Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пад крыміналкай – крыніцы

Стала вядома, што адбываецца з кіраўніком рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Паўлам Пастуховым (Станкевічам). Пасля адсідкі двух адміністрацыйных арыштаў запар, Павел быў ненадоўга выпушчаны на волю – паведамлялі mogilev.media. 

Пазней з’явілася інфармацыя, што кіраўнік рыцарскага клуба зноўку затрыманы, але заставаўся няясным яго статус. Сярод абазнаных крыніц гаворка вялася пра адміністрацыйны суд над Паўлам Пастуховым пасля новага затрымання. Аднак, гэта выглядала дзіўна на фоне абвяшчэння сілавікамі Народнага калектыва “Рыцарскі клуб “Барысфен”” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Цяпер жа дасведчаныя крыніцы mogilev.media паведамляюць, што супраць Паўла Пастухова (Станкевіча) заведзеная крымінальная справа. Выглядае, што невялікая перадышка паміж адміністрацыйнымі арыштамі, дадзеная Паўлу ў пачатку снежня, была спробай выціснуць выбітнага дзеяча і папулярызатара сярэдневяковай беларускай культуры ў эміграцыю. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Кіраўнік клуба “Барысфен” выйшаў пасля двух арыштаў па 15 сутак

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Павел Пастухоў (Станкевіч) выйшаў на волю пасля двух адсідак па 15 сутак запар – паведамляюць крыніцы mogilev.media.

Пра затрыманне рэканструктара і арганізатара забаўляльных мерапрыемстваў на сярэдневяковую тэматыку Паўла Пастухова паведамлялася ў лістападзе. Таксама ў лістападзе стала вядома, што сацыяльныя сеткі клуба “Барысфен” і асабістыя старонкі Паўла прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Паводле крыніц mogilev.media, Паўла Пастухова наперадзе яшчэ чакае судовае разбіральніцтва, але пакуль невядома, па якой справе і якімі могуць быць для яго далейшыя юрыдычныя санкцыі.

Барысфен клуб

Кіраўніка рыцарскага клуба “Барысфен” не выпусцілі пасля сутак

Павел Пастухоў (Станкевіч) не выйшаў на волю пасля заканчэння пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляюць крыніцы mogilev.media. У якім статусе цяпер знаходзіцца кіраўнік «Народнага калектыва рыцарскай сярэдневяковай культуры “Барысфен”» пакуль застаецца невядомым.

Раней сацыяльныя сеткі вядомага магілёўскага рыцарскага клуба былі аб’яўлены экстрэмісцкімі, гэтаксама як і асабістыя старонкі Паўла Пастухова (Станкевіча) ва «Укантакце» і Facebook. Паводле нашай інфармацыі, былых і сучасных удзельнікаў клуба выклікаюць на допыты ў Следчы камітэт. Магчыма, што спецслужбамі рыхтуецца прызнанне самаго калектыва “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Пры гэтым сам рыцарскі клуб “Барысфен” мае статус народнага калектыва пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку. Старонка калектыва дагэтуль актыўная на сайце ўстановы, яго кіраўніком, як і раней, пазначаны Павел Станкевіч.

Барысфен клуб