Рыцарскі клуб “Барысфен” Магілёўскага ГДК прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”

Што з кіраўніком клуба гістарычнай рэканструкцыі Паўлам Пастуховым (Станкевічам) – невядома.

Сёння, 17 снежня, магілёўскі клуб сярэдневяковай культуры “Барысфен” быў прызнаны Міністэрствам унутраных спраў “экстрэмісцкім фармаваннем” – паведамляе “Вясна”. Клуб «Барысфен» быў заснаваны яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку і мае званне Народнага калектыва. Касцюмаваныя выступленні ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.

Заснавальніка і бяссменнага кіраўніка клуба Паўла Пастухова (пазней – Станкевіча) затрымалі больш за месяц таму, ён адсядзеў двойчы па 15 сутак –
пісалі mogilev.media. Паводле інфармацыі ад розных крыніц, пасля адсідкі Павел быў адпушчаны на волю. Але прыкладна ў той жа самы дзень, калі дайшла інфармацыя пра тое, што ён на свабодзе, з’явілася новая – паводле якой, Паўла зноў затрымалі.

Паводле непацверджаных звестак, над ім зноў адбыўся адміністрацыйны суд. У якім статусе ён знаходзіцца зараз – невядома. Цалкам магчыма, што прызнанне рыцарскага клуба “экстрэмісцкім фармаваннем” прывядзе да крымінальнага пераследу самаго Паўла Пастухова (Станкевіча) і яго паплечнікаў. Паводле МУС, дачыненне да клуба маюць Павел Станкевіч, Павел Лішанкоў, Дзмітрый Далячка.

Кіраўнік клуба “Барысфен” выйшаў пасля двух арыштаў па 15 сутак

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Павел Пастухоў (Станкевіч) выйшаў на волю пасля двух адсідак па 15 сутак запар – паведамляюць крыніцы mogilev.media.

Пра затрыманне рэканструктара і арганізатара забаўляльных мерапрыемстваў на сярэдневяковую тэматыку Паўла Пастухова паведамлялася ў лістападзе. Таксама ў лістападзе стала вядома, што сацыяльныя сеткі клуба “Барысфен” і асабістыя старонкі Паўла прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Паводле крыніц mogilev.media, Паўла Пастухова наперадзе яшчэ чакае судовае разбіральніцтва, але пакуль невядома, па якой справе і якімі могуць быць для яго далейшыя юрыдычныя санкцыі.

Барысфен клуб

Кіраўніка рыцарскага клуба “Барысфен” не выпусцілі пасля сутак

Павел Пастухоў (Станкевіч) не выйшаў на волю пасля заканчэння пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляюць крыніцы mogilev.media. У якім статусе цяпер знаходзіцца кіраўнік «Народнага калектыва рыцарскай сярэдневяковай культуры “Барысфен”» пакуль застаецца невядомым.

Раней сацыяльныя сеткі вядомага магілёўскага рыцарскага клуба былі аб’яўлены экстрэмісцкімі, гэтаксама як і асабістыя старонкі Паўла Пастухова (Станкевіча) ва «Укантакце» і Facebook. Паводле нашай інфармацыі, былых і сучасных удзельнікаў клуба выклікаюць на допыты ў Следчы камітэт. Магчыма, што спецслужбамі рыхтуецца прызнанне самаго калектыва “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Пры гэтым сам рыцарскі клуб “Барысфен” мае статус народнага калектыва пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку. Старонка калектыва дагэтуль актыўная на сайце ўстановы, яго кіраўніком, як і раней, пазначаны Павел Станкевіч.

Барысфен клуб

Павел Пастухоў, кіраўнік клуба гістарычнай рэканструкцыі “Барысфен”, затрыманы на суткі

Раней у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” былі ўключаны сацыяльныя сеткі клуба “Барысфен”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры.

Як паведамляюць крыніцы mogilev.media, вядомы магілёўскі рэканструктар Павел Пастухоў (у сацыяльных сетках ён пазначаны як Павел Станкевіч) атрымаў адміністрацыйны арышт на пятнаццаць сутак. Падрабязнасці гэтага арышту пакуль невядомыя.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, нядаўна старонкі ва «Укантакце» «Рыцарский клуб “Барысфен”», «Средневековый шоу-театр “Барысфен”», «Путешествие в средневековье – Тур выходного дня», «Павел Станкевіч» і старонку ў Facebook «Павел Станкевич (Pavel Stankevich)» у Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі”.

Павел Станкевіч з’яўляецца шматгадовым кіраўніком клуба гістарычнай рэканструкцыі “Барысфен”. Гэты клуб быў заснаваны ім яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку. Касцюмаваныя выступленні ўдзельнікаў клуба “Барысфен” дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.

 

Клуб “Барысфен” на Грунвальдскім полі, 2023 год

 

Фота: сацыяльныя сеткі Паўла Пастухова (Станкевіча)

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by