У Магілёве затрыманы Дзмітрый Чавусаў – былы праваахоўнік і лаўрэат прэміі “Дасягненне”

Тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў MAYDAY.TEAM паведамляе, што ўслед за затрыманнем дырэктара рэкламнага агенцтва Віталя Чавусава, прызнанага палітзняволеным, сілавікі прыйшлі за яго братам Дзмітрыем Чавусавым. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Дзмітрый знаходзіцца ў зняволенні каля месяца, але яго статус, гэтаксама як і сутнасць абвінавачанняў пакуль невядомыя.

Дзмітрый Чавусаў – былы праваахоўнік, спецыяліст у сферы кіберзлачыннасці. У 2015 годзе ён стаў лаўрэатам асноўнай магілёўскай гарадской узнагароды – прэміі “Дасягненне” ў намінацыі “Праваахоўная дзейнасць”. Цікава, што разам з ім на сцэну падымаліся такія лаўрэаты прэміі 2015 года, як Ігар Марзалюк і Ірына Акуловіч. На той момант Дзмітрый Чавусаў займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Як вядома mogilev.media, Дзмітрый Чавусаў перастаў працаваць у праваахоўных органах каля пяці гадоў таму, да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Ён актыўна займаецца веласпортам і добра вядомы ў колах магілёўскіх аматараў велагонак.

Дмитрий Чаусов

Фота: сацыяльныя сеткі Дзмітрыя Чавусава

Праваабаронцы прызналі палітзняволеным магілёўца Віталя Чавусава

Сёння праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітзняволенымі яшчэ 20 чалавек. Сярод іх магілёвец Віталь Чавусаў.

Акрамя таго, што Віталь прадпрымальнік і дырэктар рэкламнай фірмы, ён таксама лідэр дударскага гурту «Ліндэрс». Пра гэта паведамляе Радые Свабода.

Нагадаем, што магілёвец быў асуджаны да 4 гадоў зняволеньня па справе «Беларускага Гаюна» напрыканцы траўня 2025 года. Падрабязнасці справы пакуль невядомыя. Ён знаходзіцца ў магілёўскай турме №4.

Праваабаронцы ў сваёй заяве аб прызнанні 20 чалавек палітвязнямі патрабуюць ад лукашэнкаўскай улады неадкладна вызваліць іх і ўсіх астатніх палітзняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Фотаздымак: сацыяльныя сеткі Віталя Чавусава

Па справе “Беларускага Гаюна” затрымалі магілёўца Віталя Чавусава

У канцы траўня ў Магілёве па «справе Гаюна» асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэкламных фірмаў Віталя Чавусава, паведамляе @MAYDAYMog. Ён прызнаны вінаватым паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Віталю прызначылі 4 гады калоніі. Падрабязнасці справы і рэжым умоваў адбыцця невядомыя.

Фота: сацыяльныя сеткі Віталя Чавусава