Прафесара Юрыя Бубнава перавялі ў віцебскую калонію

У пачатку верасня гэтага года прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнава, асуджанага на два гады зняволення, перавялі з магілёўскай турмы №4 у калонію №3 пад Віцебскам – паведамляюць праваабаронцы. 

Нагадаем, што 26 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Аксана Зарычнюк прыгаварыла вядомага магілёўскага вучонага, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнала яго вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК РБ).

Нагодай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Маладзёжная галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў аб тым, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў перамен, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «беларусаў, якія пратэстуюць, у 2020 годзе аб’яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Фота з адкрытых крыніц